Спецыяльным указам прэзідэнта Беларусі загадана ажыццявіць у 2010 годзе будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю комплексу будынкаў і збудаванняў па абслугоўванні дэлегацый на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Згодна з дакументам, гэтае будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў мэтах развіцця Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Замоўнікам праектавання і будаўніцтва комплексу вызначаная дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Генеральным падрадчыкам будаўніцтва стане ТАА «Трайпл».

Цікава, што працы па будаўніцтве і абсталяванні комплексу будуць ажыццяўляцца за кошт грашовых сродкаў, а таксама тавараў (маёмасці), працаў і паслуг, якія прадстаўляюцца ТДА «Белнафтагаз» (уваходзіць у групу «Трайпл») на падставе дамоваў прадстаўлення бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, якія заключаюцца з дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Пры гэтым бязвыплатная перадача ТДА «Белнафтагаз» грашовых сродкаў, тавараў (маёмасці), выкананне працаў і паслуг дзяржаўнай прыродаахоўнай установе «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» не будуць прызнавацца рэалізацыяй тавараў (маёмасці), працаў, паслуг для падаткаабкладання падаткам на дадатковы кошт.

Больш за тое, уся аказаная ТДА «Белнафтагаз» бязвыплатная спонсарская дапамога для мэт падаткаабкладання падаткам на прыбытак будзе ўключацца ТДА «Белнафтагаз» у склад выдаткаў ад пазарэалізацыйных аперацый, а значыць, будзе памяншаць падаткаабкладальную базу гэтага прыватнага прадпрыемства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?