Кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў бярэ ўдзел у нарадзе міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц Мытнага саюза (МС), якая праходзіць сёння ў Астане (Казахстан).

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС Беларусі, міністры плануюць абмеркаваць пытанні, звязаныя з дапрацоўкай дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, павышэння эфектыўнасці сумеснага процідзеяння аргзлачыннасці і крымінальнаму аўтабізнесу, а таксама парушэнням у сферы эканомікі, незаконнаму абароту наркотыкаў і нелегальнай міграцыі.

Будуць абмяркоўвацца магчымыя негатыўныя тэндэнцыі развіцця крымінальнай сітуацыі, звязаныя з фарміраваннем МС Беларусі, Казахстана і Расіі.

«Спецыялісты адзначаюць, што Беларусь ужо цяпер недаатрымлівае ў бюджэт значныя сумы грошай у выглядзе мытных і падатковых адлічэнняў з-за ўцягвання ў эканамічны абарот тавараў трэціх краін, незаконна ўвезеных на яе тэрыторыю, — падкрэсліваецца ў паведамленні МУС. — Ёсць усе падставы меркаваць, што магчымасць свабоднага перамяшчэння гэтых тавараў у рамках Мытнага саюза можа ўзмацніць праблему».

«Не выключана, што развіццё інтэграцыйных працэсаў пацягне стварэнне новых злачынных схем з удзелам бізнес-структур дзвюх і больш краін, выкарыстаннем фіктыўных дакументаў, — адзначае прэс-служба. — Актывізуюцца спробы незаконнага перамяшчэння цераз мяжу тытунёвых і алкагольных вырабаў, вадкасцей з утрыманнем спірту, прызначаных для вытворчасці таннай кантрафактнай алкагольнай прадукцыі. Магчымая арганізацыя каналаў нелегальнага вывазу вырабаў з утрыманнем каштоўных дарагіх рэдказямельных і каляровых металаў з тэрыторыі краін Мытнага саюза для рэалізацыі на тэрыторыі краін Еўрасаюза».

Напярэдадні сённяшняй сустрэчы, 23 жніўня, ва Уральску (Казахстан) прайшла нарада па пытаннях прыгранічнага супрацоўніцтва МУС трох краін МС. Адкрываючы яе, міністр унутраных спраў Расіі Рашыд Нургаліеў выказаў перакананне ў тым, што «дасягнутыя дамоўленасці дазволяць вызначыць адзіныя падыходы да вырашэння агульнай для нас задачы забеспячэння аховы грамадскага парадку і процідзеяння злачыннасці ў фармаце адзінай антыкрымінальнай прасторы».

Сёння ўдзельнікі нарады ў Астане сустрэнуцца з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?