А кожны пяты з тых бізнесменаў, якія засталіся, працуе «ў цені». Што змянілася ў стаўленні дзяржавы да прадпрымальнікаў, калі ў Беларусі будзе мільён бізнесменаў і як гэта адаб’ецца на эканоміцы.
Пра гэта распавёў лідар аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.

Ці змянілася за апошні год стаўленне дзяржавы да прадпрымальнікаў? Ці стала яно больш ліберальным?

Віктар Гарбачоў: Па тэлевізары стаўленне змянілася. Калі раней, два-тры гады таму, у дзяржаўных СМІ да прадпрымальнікаў ставіліся крытычна, мы часта чулі негатыў, зневажэнне — маўляў, прадпрымальнікі-хапугі і г.д… Хаваць не буду, апошнія паўтара-два года сродкі масавай інфармацыі памянялі тактыку ў стаўленні прадпрымальнікаў, сталі весці хвалебныя размовы, што гэта адна з катэгорый насельніцтва ў нашай краіне, якая рэальна можа адолець эканамічны крызіс, разгрузіць склады…

І таму да нас сталі больш звяртацца з такімі праблемамі, як разгрузка складаў, аказанне падтрымкі ― пачынаючы ад дабрачыннасці і заканчваючы пашырэннем свайго бізнесу за межы краіны.

То бок, у прынцыпе, размовы сталі нашмат больш прыемнымі вуху, а ў рэальнасці, на практыцы што-небудзь змянілася?

На практыцы, па вялікім рахунку, засталося тое ж самае, за выключэннем адзінага станоўчага моманту ― гэтыя ўвядзенне 510-га ўказу «Пра кантрольную дзейнасць», які спрыяў больш спакойнаму стаўленню кантралюючых органаў падчас праверак, іх стала менш, але яны сталі больш мэтанакіраванымі, з велізарнымі штрафнымі санкцыямі.

Гэта значыць, сама кантрольная дзейнасць паменшылася, а яе якасць павялічылася, паступленні ў бюджэт павялічыліся. На бізнес як ціснулі, так і ціснуць, але больш завуаліравана, закрыта… Судовая сістэма якая была два гады таму, такая і засталася. Сёння ўсе гаспадарчыя суды, дзе задзейнічаны прадпрымальнікі, на 98% пройгрышныя.

Бізнес як выводзіў свае абароты за мяжу, так і выводзіць, ёсць нават пэўнае павелічэнне. У першую чаргу, нашы прадпрымальнікі выводзяць бізнес у Расію (80%), Украіну, Літву. Зачыняюцца тут, або часткова пакідаюць свой бізнес і выводзяць яго ў Расію. Гэта было і працягваецца сёння.

Ці атрымалася ў беларускіх прадпрымальнікаў прыстасавацца да ўказу, які дазваляе наймаць толькі сваякоў? І якім чынам?

Пасля таго, як прадпрымальнікаў пазбавілі наёмных асоб, часткова яны сышлі ў падполле і працуюць у цені. Каля 15–20% з усіх зарэгістраваных па краіне прадпрымальнікаў — гэта ценявы бізнес, ён цалкам схаваны і працуе, не даючы паступленняў у бюджэт. А мог бы адкрыта сёння працаваць, прыносіць нейкую карысць, калі б былі іншыя ўмовы…

Гэта значыць людзі бізнес не страцілі, працягваюць працаваць?

Часткова, хто не пабаяўся, арганізаваў ПУПы (Прыватныя унітарныя прадпрыемствы), увайшоў у буйны бізнес.

Тут сэнс у тым, што тыя, у каго было задзейнічана шмат наёмных асоб, проста аформілі іх у якасці дробных прадпрымальнікаў, даручыўшы ім пэўную частку вядзення свайго бізнесу.

Улада сёння кажа — вось, мы за год рэгіструем 3–5 тысяч прадпрымальнікаў. А гэта як раз тыя асобы, якія раней былі наёмнымі, якіх мы ж выгналі, аформілі ПУП, за паўгода вярнулі сабе назад 80% тых, каго выгналі. Яны іх аформілі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і працягваюць тую ж самую дзейнасць… Толькі для ўлады гэта здаецца вельмі добрай радаснай лічбай ― маўляў, ідуць, пачкамі лезуць у прадпрымальніцтва. Дык вось лезуць таму, што знаходзяць шчыліну з гэтага 760-га ўказу.

Зусім нядаўна вы праводзілі канферэнцыю «Прадпрымальнік і дзяржава. Рэаліі і перспектывы», запрашалі туды і прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў улады. Ці атрымалася пра нешта дамовіцца? Ці змянілася штосьці пасля канферэнцыі?

У першую чаргу пасля гэтай канферэнцыі рэальна пачаў супрацоўнічаць шэраг прадпрымальніцкіх аб’яднанняў, асацыяцый, якія раней не маглі паміж сабой кантактаваць ― афіцыйна зарэгістраваныя з незарэгістраванымі. Разам мы выпрацоўваем прававыя акты, дакументы, прапановы ўладам, і не баімся садзіцца за стол перамоў.

Мы будзем арганізоўваць зварот да ўлад і збор подпісаў па пытанні эканамічнай амністыі тых прадпрымальнікаў, якія сёння сядзяць у турмах — гэта ад 11 да 14 тысяч у нашай краіне. Людзі, якія маглі б рэальна прынесці сёння карысць, сядзяць, у некаторых нават тэрмін больш, чым за забойства.

У нас ёсць прапанова па арганізацыі збору подпісаў да прэзідэнта, каб ён не падпісваў закон «Пра малы і сярэдні бізнес», які парламент зацвердзіў у траўні. Мы ўсюды ў сваіх пасылах кажам, што ён недапрацаваны. Ён практычна толькі дэкларатыўна заяўляе пра павагу да прадпрымальніка, а нейкіх пэўных рэчаў там няма.

Але ж сам па сабе такі закон нам патрэбны?

Адназначна. Закон гэты абавязкова патрэбны. Але не ў такім выглядзе. 15 гадоў яго не было. Лепш яшчэ гадок пацярпець, але прыцягнуць рэальных практычных спецыялістаў з прадпрымальнікаў.

Ці стала больш прадпрымальнікаў за гэты год? Летась было афіцыйна зарэгістравана 220 тысяч. А цяпер?

Сёння 226 тысяч. За апошнія два гады колькасць павялічылася на 6 тысяч. Гэтыя 6 тысяч, як я казаў, галоўным чынам за кошт таго, што вярнуліся наёмныя. Праўда, часткова ў прадпрымальніцтва ўваходзіць моладзь, якая заканчвае ВНУ, не знаходзіць сабе прымянення, не ідзе кудысьці па разнарадцы, а спрабуе адкрыць свой бізнес, у першую чаргу, гэты бізнес звязаны з паслугамі ― цырульні, турыстычныя фірмы, камп’ютарныя клубы і г.д.

Моладзь спрабуе знайсці сябе ў прасцейшых сферах, якія магчыма будуць запатрабаваныя на захадзе, каб потым з’ехаць. У мяне ёсць знаёмы хлопец, які скончыў ВНУ, папрацаваў тут год у турыстычнай прыватнай фірме, адкрыў сваю невялікую фірму, недзе паўгода ён папрацаваў, паглядзеў, што працаваць можна… І сёння з’ехаў у Чэхію, і працуе там у адной з лепшых чэшскіх турфірмаў. А праз 2–3 гады плануе адкрыць сваю турфірму ў Чэхіі.

Людзі набіваюць руку… У нас тут вельмі лёгка набіць руку, таму што ў нас настолькі моцна абкладзена прадпрымальніцтва, што мы як мурашы, змяя ці вужака, выкручваемся з любой сітуацыі. І калі ён прыязджае ў Расію ці ў Польшчу, ці ў Чэхію ― там усё адкрыта, вольна ― зразумелае і яснае заканадаўства. Працаваць там настолькі лёгка, што нашы прадпрымальнікі выходзяць у лідары.

Шмат у нас людзей так выязджае за мяжу і арганізоўвае там свой бізнес?

За перыяд з 2003 года выехала 52 тысячы прадпрымальнікаў, у якіх раней тут быў бізнес. 52 тысячы прадпрымальнікаў з’ехалі з краіны наогул — не проста вывелі бізнес за мяжу, а з’ехалі на сталае месца жыхарства ў тыя краіны, дзе яны адкрылі свой бізнес. І гэтая плынь працягваецца, людзі з’язджаюць, хто куды можа.

Заявы, што ў дачыненні прадпрымальніка адбываецца лібералізацыя, застаюцца толькі заявамі, хоць нельга хаваць, што службоўцы на месцах, у рэгіёнах пачынаюць больш часта кантактаваць з прадпрымальнікамі, асацыяцыямі. Улады сталі больш адкрыта ісці на кантакт.

Якая сёння колькасць патэнцыйна магчымых прадпрымальнікаў у Беларусі? Колькі іх магло б быць, калі б было спрыяльнае заканадаўства і стаўленне?

Сёння ў нас афіцыйна 226 тысяч прадпрымальнікаў. Дададзім яшчэ нелегальны бізнес, які працуе, і мог бы зарэгістравацца ў выпадку добрага заканадаўства і больш спрыяльнага клімату. Ад 50 да 80 тысяч дзейнічаюць нелегальна… Дададзім іх ― атрымліваецца 300 тысяч. Гэта цяпер столькі задзейнічана.

Каля 800 тысяч сёння ў нас з’яўляюцца «гастарбайтарамі», у першую чаргу ў сферы будаўніцтва ― і ва Ўкраіну з’яжджаюць, і ў Расію. Хтосьці задзейнічаны ў сферы транспартных паслуг ― гэта перавозкі. Вельмі вялікая колькасць нашых людзей зафіксавана ў Літве, у Польшчы. Па ідэі, пры добрым стаўленні, можна і гэтых людзей вярнуць.

Пры спрыяльным бізнес-клімаце ў Беларусі быў бы мільён прадпрымальнікаў?

Пры стварэнні добрых умоваў для бізнес-клімату на працягу года, можна было б дамагчыся таго, што прадпрымальніцтва адкрыла б яшчэ столькі ж ― 300 тысяч. Гэта значыць праз год мы б мелі 600 тысяч. А на працягу 2 гадоў, да 2012 года, калі б улада рэальна ўсё выконвала, што кажа, я думаю, цэлы мільён насельніцтва быў бы цалкам задзейнічаны ў сферы прадпрымальніцтва. І гэта быў бы шалёны ўдар і эканамічны ўздым у нашай краіне, такі, што любая краіна пазайздросціла б.

Улічваючы тое, што мы настолькі прыстасаваныя да цвёрдага вядзення бізнесу, то пры стварэнні добрых умоў мы б выплылі наверх такім велізарным скокам, быў бы звычайны прадпрымальніцкі бум.

Вось гэты мільён людзей, якія праз 2–3 гады былі б задзейнічаны ў сферы прадпрымальніцтва, даў бы велізарны штуршок, сюды б пайшлі інвестыцыі. Таму што сёння ў нашых прадпрымальнікаў ёсць маса кантактаў з бізнесменамі за межамі краіны, але яны не ўкладваюць сюды грошы, таму што ведаюць, як у нас службоўцы ставяцца да прадпрымальнікаў, і якое ў нас не развітае заканадаўства.

На сённяшні момант я ведаю людзей, якія гатовы ўкладваць грошы ў сельскі турызм. Гэта выдатны бізнес, на якім можна зарабляць велізарныя грошы. Турысты б сюды ехалі — прырода ў нас выдатная, азёры выдатныя… Толькі не трэба вакол азёр атамныя станцыі будаваць.

Можна і без іх абысціся. Можна гэтыя грошы, якія мы ўкладваем у АЭС, укласці ў сельскі турызм, і ён дасць больш прыбытку, чым уся атамная станцыя. І потым мы зможам смела, не таргуючыся купляць электраэнергію ў той жа Расіі за заробленыя на турызме грошы.

Прадпрымальнікі ўвесь час скардзяцца, што іх прыціскаюць… Але, тым не менш, калі браць іх заробак, тое гэта не маленькія грошы ― больш, чым у сярэднім сёння зарабляюць беларусы.

Адназначна, хаваць гэтага не варта. Той, хто адчуў смак добрага жыцця, хто ўмее зарабляць грошы, ведае, куды іх укладваць, лічыць кожны рубель, для іх вяртанне у катэгорыю працоўных ужо нерэальнае. Дарога прадпрымальніцтва больш сытная ў грашовым плане, але мы і працуем па 24 гадзіны ў суткі, кожную хвіліну думаем ― каб з намі чаго-небудзь не здарылася, і як бы нам не прагарэць.

На прадпрыемствах спускаюць план ― пяцігадовы, гадавы ці квартальны — зрабіць столькі дэталяў. І ты павінен зрабіць.

У мяне ёсць працаўніца, яна кажа ― слухай, я такія добрыя рацыянальныя прапановы ўношу ў вытворчасць, што можна ўсю гэту вытворчасць перавярнуць. Я пытаю: так, а што такое? Яна кажа ― па тры-чатыры гады рэгіструюць гэту рацыянальную прапанову, пакуль яна пройдзе ўсе колы праз службоўцаў. У прадпрымальніка не трэба нідзе рэгістраваць. Калі ён надумаў штосьці зрабіць, тая яго рацыянальная прапанова ўводзіцца ўжо назаўтра.

Рана ці позна службовец павінен зразумець, што без прадпрымальнікаў эканамічна ніводная дзяржава ніколі не паднімецца ў сваім развіцці. Па ідэі, павінна быць мінімум 40–60% прадпрымальніцтва ў краіне. У нас сёння ў гэтым сектары задзейнічана 10–15%.

А за гэты год прадпрымальнікі сталі больш зарабляць ці не?

Не, пачынаючы з моманту крызісу, у прадпрымальніцтве адбыўся пэўны збой у бок памяншэння заробку. І не проста на 2–3% ― заробкі зваліліся ў разы. Сёння прадпрымальнікі падстройваюцца пад тыя эканамічныя умовы, якія ёсць ва ўсім свеце, і адпаведна пад той попыт і патрабавані спажыўца, які мае ў кашальку тое, што ён мае.

І калі ў працоўнага сёння менш грошай, то я не прапаную яму кашулю ад Гучы за 100 долараў, я яму прывязу кітайскую прадукцыю за 3–5 долараў, і яго гэта задавальняе.

Выраслі кошты на камунальныя паслугі, на паслугі сувязі, транспарт, бензін. Усё гэта эканамічна б’е па нас і адпаведна нашы заробкі знізіліся ў разы. Але на сёння прадпрымальнікі ўжо прыстасаваліся да таго, што патрабуе пакупнік, увайшлі ў сваю плынь, але не з тымі, вядома, заробкамі, як 2–3 гады таму.

Але пакуль мы жывём, і свае 500 долараў, якія нам абяцаў прэзідэнт, маем. Я думаю, кожны прадпрымальнік 500 долараў на сёння мае, хаваць тут няма чаго. Але не ад дзяржавы, а ад сябе. У той час, калі прэзідэнт абяцае, што хутка кожны будзе атрымліваць 500 долараў, мы ўжо іх зарабляем, таму трэба менш казаць, а проста іх зарабляць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?