Кітай запэўніў улады Партугаліі ў тым, што працягне падтрымліваць гэтую краіну ў яе намаганнях, скіраваных на пераадоленне фінансавага крызісу.
З адпаведнай заявай выступіў сёння міністр фінансаў Партугаліі Фернанду Тэйшэйра душ Сантуш па выніках двухдзённага візіту ў Пекін. Паводле яго словаў, улады КНР маюць намер узмацніць фінансавую падтрымку Партугаліі, павялічыць аб’ём інвестыцый у яе эканоміку і развіваць гандаль, перадае Associated Press са спасылкай на партугальскія СМІ.

«Мы зрабілі вялікі крок наперад у пытанні ўмацавання міждзяржаўных сувязяў на ўсіх узроўнях — камерцыйным, інвестыцыйным, а таксама ў сферы фінансаў», — адзначыў кіраўнік Міністэрства фінансаў Партугаліі. Пры гэтым ён адмовіўся ўдакладніць, на якую суму ўлады КНР выкупілі або выкупяць дзяржпазыку Партугаліі.

Адзначым, што 14 снежня 2010 завяршыўся двухдзённы візіт (ужо другі за тры месяцы) міністра фінансаў Партугаліі ў Кітай у складзе афіцыйнай дэлегацыі. У межах візіту адбыўся шэраг сустрэч з найвышэйшымі афіцыйнымі асобамі КНР, уключаючы міністра фінансаў краіны, старшыні Народнага банка Кітая і прадстаўнікоў Дзяржаўнай адміністрацыі па валютных аперацыях КНР. Раней Фернанду Тэйшэйра душ Сантуш пабываў у Бразіліі, дзе таксама правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам краіны ў спробе пашырыць рынак прапановы дзяржаблігацый Партугаліі.

Партугалія з’яўляецца адной з краін еўразоны, якія адчуваюць фінансавыя цяжкасці і адносяцца да групы PIGS (Партугалія, Іспанія, Італія, Грэцыя). Менавіта гэтыя дзяржавы прыносяць цяпер найбольшыя праблемы астатнім удзельнікам еўразоны, бо маюць вялікі замежны доўг і слабую магчымасць яго паспяхова згасіць (у асноўным праз недастатковы рост эканомікі).
На гэтым фоне на фінансавым рынку ходзяць чуткі, што Партугалія — наступная ў спісе краін-пазыкантаў, якая будзе вымушаная звярнуцца па фінансавую дапамогу да Еўрапейскага саюза і Міжнароднага валютнага фонда з просьбай пра выдзяленне сродкаў Еўрапейскага стабілізацыйнага фонда (EFSF).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?