ЗША падтрымліваюць рэзалюцыю Эўрапарлямэнту пра ўвядзеньне санкцыяў супраць кіраўнікоў Беларусі за іх рэакцыю на сьнежаньскія выступленьні апазыцыі.
ЗША таксама гатовыя са свайго боку распачаць дадатковыя захады ў гэтым напрамку.

«Мы праводзім кансультацыі з партнэрамі па Эўразьвязу па гэтым пытаньні. Мы ведаем і падтрымліваем крокі, якія робіць ЭЗ, і мы гатовыя да прыняцьця дадатковых крокаў у аднаўленьні санкцыяў, якія раней былі зьнятыя», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Філіп Кроўлі.

Рашэньне пра ўвядзеньне санкцыяў могуць прыняць кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў 27 дзяржаў ЭЗ, якія сустрэнуцца 31 студзеня ў Брусэлі.

Дакумэнт, які ў 20 студзеня ўхваліў Эўрапарлямэнт, у прыватнасьці заклікае Раду ЭЗ увесьці забарону на выдачу візаў і замарозіць сродкі кіраўніцтва Беларусі, чыноўнікаў, супрацоўнікаў судовых органаў і органаў бясьпекі, якія, на думку Эўрасаюза, нясуць адказнасьць за фальшаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і перасьлед апазыцыі.

Санкцыі могуць заставацца ў сіле да тых часоў, пакуль беларускія ўлады не вызваляць усіх палітычных зьняволеных і прадстаўнікоў апазыцыі і не здымуць з іх абвінавачваньні.

14 студзеня ЗША далі беларускім уладам некалькі дзён, каб адпусьціць затрыманых падчас акцыі пратэсту ў Менску.

Пра гэта заявіла ў Вільні прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Нэнсі МакЭлдані:

«Калі арыштаваныя ня будуць вызваленыя вельмі хутка, у нас ня будзе іншага выйсьця, як лічыць іх палітзьняволенымі. А гэта будзе азначаць, што зноў будуць уведзеныя санкцыі, дзеяньне якіх было прыпыненае».

На пытаньне ўдакладніць — як хутка такое можа здарыцца — амэрыканская чыноўніца адказала: «Гэта пытаньне некалькіх дзён».

Яна таксама ўдакладніла, што ў адносінах кіраўніцтва Беларусі ЗША і Эўразьвяз будуць праводзіць узгодненую палітыку.

ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў яшчэ ў 2006 годзе, два гады таму санкцыі часткова былі прыпыненыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?