Кот-д’Івуар на месяц прыпыняе экспарт какавы і кавы. Цэны на абодва прадукты на сусветных рынках адразу ўзляцелі да рэкордных.

На Нью-ёркскай біржы за тону какавы ў панядзелак інвестары плацілі 3300 даляраў. Гэта самая высокая цана на фондавым рынку за год.

Да прыпынення экспарту пастаўшчыкоў заклікаў апазіцыянер Аласан Уатара, які перамог на лістападаўскіх выбарах, але былы кіраўнік дзяржавы Ларан Гбагба да гэтага часу не збіраецца аддаваць уладу, нягледзячы на моцны ціск з боку міжнароднай супольнасці.

Гэты крок апазіцыі мае на мэце дэстабілізацыю эканомікі краіны, бо Кот-д’Івуар з’яўляецца найбуйнейшым сусветным пастаўшчыком какавы, і гэтая галіна — адна з ключавых для краіны. Уатара разлічвае на тое, што перакрыццё фінансавых патокаў прымусіць Гбагба сысці ў адстаўку.

Эмбарга ўступіла ў сілу ў панядзелак і дзейнічае да 23 лютага. Яно не ўключае тавараў, на якія былі падпісаныя кантракты раней. Забароны на продаж кавы і какавы ўнутры краіны таксама няма.

Але праблема ў тым, што пакуль невядома, як забарона будзе выконвацца.
Падатковую і мытную адміністрацыю і паліцыю дагэтуль кантралюе Гбагба. Новаабраны прэзідэнт Уатара можа, такім чынам, заклікаць толькі да сумлення сваіх суайчыннікаў, сцвярджаючы, што парушэнне эмбарга раўназначнае фінансаванню дзейнасці незаконнага ўрада Ларана Гбагба.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?