У пачатку лютага ў Беларусі ўстанавілася незвычайна цёплае надвор’е.

Гэта звязана з тым, што на тэрыторыю краіны накіраваліся паветраныя масы атлантычнага паходжання. Сярэднясутачная тэмпература знаходзіцца ў межах 1–6 градусаў марозу, што на 1–7 градусаў вышэй за кліматычную норму, паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

Паводле яе слоў, прыток акіянічнага цяпла ў найбліжэйшыя дні толькі ўзмоцніцца. Атлантычныя цыклоны будуць перамяшчацца праз скандынаўскія краіны на ўсход. І іх атмасферныя франты абумовяць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу ў многіх раёнах Беларусі. Месцамі чакаецца слабы галалёд і галалёдзіца на дарогах. Прагназуецца ўзмацненне ветру, а 4 лютага месцамі хуткасць ветру будзе дасягаць 15–18 метраў за секунду. Тэмпература паветра гэтай ноччу будзе вагацца ад 4 градусаў марозу па паўночным усходзе да 1 градуса цяпла па паўднёвым захадзе. Удзень 4 лютага будзе ад мінус 1 да плюс 3 градусаў.

У суботу і нядзелю часам чакаюцца ападкі ў асноўным у выглядзе дажджу. Моцны парывісты вецер ахопіць значную частку тэрыторыі краіны. Тэмпературны фон у начныя гадзіны будзе вагацца ад мінус 3 да плюс 3 градусаў. У дзённыя гадзіны тэмпература паветра складзе ад мінус 1 градуса па паўночным усходзе

да плюс 6 градусаў па поўдні.

Такі тэмпературны рэжым на 5–7 градусаў цяплейшы за звычайны для гэтага часу.

І ў пачатку наступнага тыдня захаваецца не па сезону цёплае надвор’е.

Часам чакаюцца ападкі, пераважна ў выглядзе дажджу.

Паводле папярэдніх разлікаў, з сярэдзіны наступнага тыдня са скандынаўскіх краін на тэрыторыю нашай краіны накіруецца паветра паўночных шырот. Ападкі будуць праходзіць ужо ў выглядзе снегу, тэмпература паветра пачне паніжацца.

У сераду на працягу сутак чакаецца 0–7 градусаў марозу.

На дарогах стане слізка. А да канца наступнага тыдня маразы ў Беларусі ўзмоцняцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?