24 лютага Сьветлагорскі раённы суд можа вынесьці прысуд прадпрымальніцы Лілі Лагуцінай. Лагуціну, якой супрацоўнікі МУС зламалі руку, вінавацяць у супраціве міліцыянтам і гвалце над імі. Пацярпелымі праходзяць чацьвёра міліцыянтаў.

Справу супраць прадпрымальніцы Лілі Лагуцінай завялі пасьля таго, як яна паскардзілася ў пракуратуру, што міліцыянты пакалечылі ёй руку і ня выклікалі «хуткую дапамогу», а павезьлі ў міліцыю.

Лагуціна: «Яны судзяць мяне за супраціў і гвалт над супрацоўнікамі міліцыі, хаця самі мне зламалі руку. Такі цяжкі пералом быў са зрушэньнем, што прыйшлося рабіць складаную апэрацыю. Цяпер замялі ўсю гэтую справу — быццам бы й не ламалі, і на мяне перакінулі віну. Цяпер мяне хочуць засудзіць за супраціў».

Гэта ўжо другі судовы працэс над Ліляй Лагуцінай. Раней Сьветлагорскі суд пакараў прадпрымальніцу адным годам абмежаваньня волі. Але пракуратура падала пратэст, і абласны суд адмяніў вырак, накіраваў справу на новы разгляд.

Гэтым разам прадстаўнік Сьветлагоскай раённай пракуратуры Аляксей Скачынскі папрасіў пакараць Лілю Лагуціну трыма гадамі абмежаваньня волі без накіраваньня ў калёнію. Максымальны тэрмін пакараньня паводле артыкулаў — 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Канфлікт у Лагуцінай зь міліцыянтамі адбыўся амаль паўтара гады таму. Яна заступілася за мужа, якога спрабавалі затрымаць міліцыянты. Кажа, што махнула сумкай, каб адчапіліся.

Адзін з пацярпелых, цяпер ужо былы афіцэр Дэпартамэнту аховы МУС, Яўген Мельнікаў, які затрымліваў жанчыну, лічыць, што Лагуціну трэба пакараць надзвычай строга:

«Жанчына проста ня бачыць, што зь ёй размаўляе міліцыя. Яна ня цяміла, што рабіла — нанесла ўдар сумачкай. Выскачыў сіняк на твары. Так зь міліцыяй нельга паступаць. Я лічу, што такіх людзей наагул трэба саджаць у турму. Яна перашкаджала затрымліваць мужа, хапала за міліцэйскую вопратку. Яе вялі да машыны, яна выкручвалася, вырывалася. Дзесьці крутнулася — і ў выніку сама сабе нанесла калецтва».

Адвакат прадпрымальніцы спадар Каралёў не пагаджаецца з высновамі абвінавачваньня:

«З нашага пункту гледжаньня ў яе дзеяньнях адсутнічае склад злачынства, Паколькі супрацоўнікі міліцыі парушылі палажэньні закону пра органы унутраных спраў. Ёй не патлумачылі яе правы, не патлумачылі, куды яе і навошта зьбіраюцца дастаўляць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?