Такое рашэнне прыняў прэзідыум Мінскай гарадской калегіі адвакатаў пад ціскам Мінюста. Сапелка: «Калі гэта рашэнне маіх калег, то я не хачу працаваць у складзе такой калегіі». Сапелка перажывае за сваіх падабаронных: «Я не зусім упэўнены, што змагу дапамагчы ім знайсці замену сабе».

 belsat.eu

belsat.eu

3 сакавіка на пасяджэнні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў разглядалася прадпісанне Міністэрства юстыцыі ў дачыненні да адваката Паўла Сапелкі.

Пасля месяца супраціўлення адвкатаў зламалі.

Рашэннем прэзідыума Павел Сапелка выключаны з шэрагаў Мінскай калегіі адвакатаў. Зараз займацца адвакацкай дзейнасцю ён не зможа. Згодна з «Законам аб адвакатуры», адвакацкая практыка павінна адбывацца толькі ў складзе калегіі.

У крымінальных справах па падзеях 19 снежня Павел Сапелка абараняў Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца і Змітра Дашкевіча.

Такім чынам, тры гэтыя лідары апазіцыі застаюцца без адваката.

Сапелка быў шанаваным спецыялістам. Ён уваходзіў у склад прэзідыума гарадской калегіі адвакатаў.

Як паведамляе сайт праваабаронцаў «Вясна», «Павел Сапелка на працягу многіх гадоў сумленна абараняў у судах многіх палітвязняў. Ён удзельнічаў у крымінальных справах з разраду гучных, пра якія ведаў увесь свет. Так, напрыклад, менавіта яго падабароннымі былі Мікола Аўтуховіч і сябры незарэгістраванай арганізацыі назіральнікаў «Партнэрства».

Нагадаем, у канцы снежня Мінюст убачыў «грубыя парушэнні правілаў прафесійнай этыкі» ў дзеяннях некаторых адвакатаў, якія абараняюць удзельнікаў акцыі 19 снежня.
Кіраўніцтву Мінскай гарадской калегіі адвакатаў было зроблена прадстаўленне з патрабаваннем прыняць «неадкладныя меры да безумоўнага выканання адвакатамі Правілаў прафесійнай этыкі і заканадаўства». Аднак прэзідыум калегіі спачатку не ўбачыў падстаў для прымянення якіх-небудзь санкцый у дачыненні да адвакатаў.

Аднак

пазбаўленне ліцэнзій чатырох адвакатаў паўздзейнічала. 3 сакавіка рашэнне па Сапелку было прынятае такім, якім яго хацела ведамства невыязнога міністра Галаванава.
За расправай з адвакатамі палітвязняў праглядаецца жаданне запалохаць, каб адвакаты ўвогуле баяліся палітычных справаў як агню. Каб баяліся брацца за абарону палітвязняў ад пачатку.
Тады спецслужбы маглі б навязваць палітвязням (і ў кожным іншым «патрэбным» выпадку) дзяржаўнага, абыякавага ці «патрэбнага» адваката.

1 лютага Рада калегій адвакатаў Еўропы заклікаў міністра юстыцыі Беларусі Віктара Галаванава «гарантаваць прынцыпы незалежнасці прафесійных асацыяцый адвакатаў і непрадузятасці дысцыплінарных разбораў».

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», адвакаты і праваабронцы розных краін Еўропы збіраюць сродкі для тэрміновай дапамогі сваім беларускім калегам.

Аб прычынах рашэння калегіі адвакатаў Павел Сапелка гаварыць пакуль адмаўляецца. У інтэрв’ю радыё «Свабода» ён заявіў, што ініцыятыва сыходзіла ад старшыні КДБ і Мінюста.

Рашэнне відавочна звязана з абаронай Сапелкам палітвязняў Саннікава, Севярынца, Дашкевіча.

Сапелка не хоча каментаваць рашэння прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, пакуль не атрымаў дакумента на рукі. Ён заявіў, што наўрад ці будзе аспрэчваць рашэнне прэзыдыума калегіі: «Калі гэта рашэнне маіх калег, то я не хачу працаваць у складзе такой калегіі. У любым выпадку я застаюся юрыстам».

Сапелка перажывае за сваіх падабаронных: «Я не зусім упэўнены, што змагу дапамагчы ім знайсці замену сабе, я не ўпэўнены ў тым, што ў цяперашніх умовах хтосьці са знаёмых мне адвакатаў будзе гатовы заняцца гэтымі справамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?