«Мы ніколі не прапаноўвалі Кастусёву зняць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у абмен на падтрымку пры выбарах старшыні Партыі БНФ»,

— заявіў былы старшыня партыі Вінцук Вячорка.

6 сакавіка на канферэнцыі гомельскай абласной арганізацыі партыі Рыгор Кастусёў паведаміў, што ў перыяд збору подпісаў і агітацыі ў яго адрас ад лідараў апазіцыі прыходзілі звароты з угаворамі аб зняцці, з подкупам і шантажам. «Апошняя прапанова была такая, што, маўляў, ты здымі сваю кандыдатуру, а на наступным з’ездзе БНФ мы цябе вылучым на пасаду старшыні і падтрымаем сваёй групай, каб цябе абралі. Гэтая прапанова была з вуснаў Хадыкі і Вячоркі. Размова была якраз напярэдадні рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты», — сказаў Кастусёў.

«Размова, вядома, была, але сп. Кастусёў сціпла замоўчвае, з якой нагоды, — зазначыў Вячорка. — Гутарка адбылася ў перыяд праверкі выбарчымі камісіямі сабраных за вылучэнне кандыдатаў подпісаў.

Былі выкрытыя факты наяўнасці фальшывых подпісаў за Кастусёва, былі сур’ёзныя сумненні, што сабраныя неабходныя 100 тыс. подпісаў.

Улада магла і можа гэта выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Была рызыка сур’ёзнага падрыву рэпутацыі і Кастусёва, і БНФ».

Кастусёву, паводле слоў Вячоркі, было прапанавана зняць сваю кандыдатуру, тым больш што ў выбарчых камісіях практычна адсутнічалі прадстаўнікі апазіцыі і назваць дэмакратычнай гэтую кампанію было нельга. «Такі крок тады дазволіў бы партыі захаваць твар, а Кастусёву — набыць лідарскі патэнцыял у БНФ. Але размова не ішла пра тое, што мы ў якасці кампенсацыі вылучым яго на пасаду старшыні партыі. Кастусёў нашу трывогу не раздзяліў, а зараз робіць заявы, якія папросту развальваюць рэпутацыю кіраўніцтва Партыі БНФ», — сказаў Вінцук Вячорка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?