Пры працяглай адсутнасці доступу дыстрыбутараў да валютных сродкаў у Беларусі магчымыя перабоі з пастаўкамі некаторых прэпаратаў. Ці змогуць беларускія вытворцы пакрыць іх недахоп?

Фармдыстрыбутары папярэджваюць, што абмежаванні на куплю замежнай валюты могуць негатыўна адбіцца на асартыменце беларускіх аптэк.

Валютных рэсурсаў у кампаній, якія займаюцца пастаўкамі прэпаратаў з-за мяжы, не водзіцца: купляючы тавар за валюту, яны атрымліваюць выручку ў беларускіх рублях. Доўгае чаканне магчымасці набыць валюту можа стварыць вялікія складанасці з набыццём новай партыі тавару.

Запасы жа лекавых сродкаў у беларускіх недзяржаўных дыстрыбутараў вельмі невялікія. Большасць з іх увозяць прэпараты ў аб’ёмах, якія не перавышаюць месячны план рэалізацыі.

Калі такія кампаніі не будуць мець магчымасці набыць валюту на працягу месяца, у краіне можа ўзнікнуць дэфіцыт некаторых лекавых сродкаў.

У першую чаргу гаворка ідзе пра дарагія арыгінальныя прэпараты. Большасць буйных кампаній, якія вырабляюць і прадаюць такія лекавыя сродкі, працуюць на аднолькавых умовах з рынкамі ўсіх краін. Як правіла, гэта перадаплата або цвёрдая адтэрміноўка плацяжу. Калі ў патрэбны момант у дыстрыбутара не будзе грошай, адпусціць яму тавар будзе проста немагчыма.

Каментар па справе

— Вядома, вялікая частка неабходных краіне лекаў можа быць замененая на прэпараты беларускай вытворчасці, — пракаментаваў сітуацыю спецыяліст даследчай кампаніі «Інтэлікс-М» Дзмітрый Пятровіч. — Аднак магутнасці беларускіх заводаў абмежаваныя, і хутка павялічыць аб’ём вытворчасці пэўнага прэпарату ў 4–5 разоў, каб кампенсаваць недахоп замежнага аналагу, будзе проста немагчыма.

— Айчынныя вытворцы паспяхова заваёўваюць рынак, але гаворка ідзе толькі пра пэўныя яго нішы, — растлумачыў начальнік камерцыйнага аддзела кампаніі «Інтэрфармакс» Аляксандр Паўловіч. — Сёння беларускія лекавыя сродкі замянілі сегмент танных генерычных прэпаратаў. Ліцэнзійныя патэнтаваныя прэпараты вузкага спектру дзеяння ў Беларусі не вырабляюцца. Калі б іх пастаўкі з якой-небудзь прычыны спыніліся, гэта прывяло б да звужэння асартыменту беларускіх аптэк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?