Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрый Ус 22 сакавіка накіраваў заяву з паведамленнем аб уручэнні на імя пракурора Мінска Мікалая Куліка. Палітык паведаміў, што ён скардзіцца на дзеянні следчага Анатоля Сукалы, які вядзе яго крымінальную справу.

«Абвінавачванне следства не адпавядае ні матэрыялам справы, ні маім фізічным дзеянням», — сказаў Ус. Паводле яго меркавання, дзеянні следчага падпадаюць пад частку 2 артыкула 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп, <…> спалучаны з абвінавачваннем ва ўчыненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства).

«Мяне абвінавачваюць у тым, што, выступаючы на першым канале тэлебачання і па радыё, я заклікаў выбаршчыкаў прыйсці на плошчу 19 снежня,

хоць па радыё я наогул не выступаў.

Мяне таксама абвінавачваюць у закліках праз інтэрнэт», — паведаміў Ус. Ён заявіў, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці.

Ус паведаміў таксама, што следства выставіла яму абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў на той падставе, што нібы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня яго сын Іван падлічыў колькасць міліцэйскіх аўтобусаў, а ён, у сваю чаргу, быццам бы перадаў гэтыя звесткі Мікалаю Статкевічу. Ус сцвярджае, што ў планаванні і арганізацыі масавых беспарадкаў не ўдзельнічаў.

«Следства таксама абвінавачвае мяне ва «ўпушчаным прыбытку рэстарана „Макдональдс“ на суму 8,4 млн. беларускіх рублёў», — сказаў Ус.

Як паведаміў БелаПАН менеджэр па маркетынгу і сувязях з грамадскасцю ЗП «Рэстараны Макдональдс» Артур Юран,

ніякіх іскавых патрабаванняў «Макдональдс» Дзмітрыю Усу не выстаўляў.

Паводле слоў Уса, цяпер ён знаёміцца з матэрыяламі справы, якая займае восем тамоў. Ён хацеў заключыць дагавор з адвакацкай фірмай, аднак яго адмовіліся абараняць 30 адвакатаў, пабаяўшыся пазбавіцца ліцэнзіі. Экс-кандыдату ўсё ж удалося знайсці адваката, які будзе абараняць яго з 24 сакавіка.

Былым кандыдатам у прэзідэнты Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).

У ім гаворыцца, што «арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў».

Антон Тарас, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?