15 гадоў таму мяне ўразіла, як будзённа абрынулася імпэрыя, што сем дзесяцігодзьдзяў страшыла ўвесь сьвет.

Позна ўвечары 8 сьнежня 1991 году тэлевізія зьнянацку паведаміла пра вынікі сустрэчы ў Віскулях.

У рэдакцыі "Народнае газеты", дзе я тады працаваў намесьнікам, увогуле трохі ведалі пра гэтае мерапрыемства. У Белавежу накіравалі аднаго з карэспандэнтаў.

Меркавалася, што Шушкевіч, Ельцын ды ўкраінскі лідэр Краўчук (дарэчы, чакалі яшчэ і Назарбаева, але той выявіў усходнюю абачлівасьць) падрыхтуюць сумесную плятформу дзеля дыскусіі з Гарбачовым. Той ўпарта навязваў сваю паліятыўную мадэль "абноўленага Саюзу".

Карацей, нейкай вострай, палемічнай дэклярацыі ў піку прэзыдэнту СССР наглядальнікі не выключалі.

Але ад выніковага дакумэнту адвісла сківіца.

"...Канстатуем, што Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне", — гаварылася ў пагадненьні, падпісаным кіраўнікамі трох рэспублік.

Я тады міжволі адхінуў фіранку: ці не выязджаюць ужо на менскія вуліцы БТРы? Яшчэ сьвежыя былі ўспаміны пра жнівеньскі путч.

Няўжо Гарбачоў здасца бяз бою?

Дзякуй богу, так і адбылося. І гэта яшчэ адна падстава паважаць ініцыятара перабудовы.

...А Шушкевіч пазьней будзе частаваць гасьцей з адмысловай сувэнірнае пляшкі: нейкі жартаўнік аздобіў падарунак калярытнай наклейкай з надпісам "Віскулёўка".

Выпіў неяк чарачку і аўтар гэтых радкоў.

Было гэта, бадай, у чэрвені 1994-га. Мяне папрасілі журналісцкім вокам зірнуць на тэкст перадвыбарчай праграмы былога сьпікера.

Напачатку 94-га Шушкевіч, нагадаю, быў адхілены ад пасады. Не апошнюю ролю адыграў скандал вакол "скрыні цвікоў", што нібыта незаконна пайшла на пабудову ягонага асабістага лецішча. А выкрывальнікам стаў тагачасны старшыня антыкарупцыйнай камісіі Аляксандар Лукашэнка.

Улетку 1994 году яны (плюс Пазьняк, Кебіч, Новікаў і Дубко) канкуравалі за пасаду прэзыдэнта.

У той дзень, акрамя мяне, у Шушкевічаву кватэру завітаў адзін ягоны сябар — прафэсар-эканаміст. Яны з гаспадаром дыскутавалі, аздабляючы дыялёг мудрагелістымі макраэканамічнымі тэрмінамі.

Занадта іх было, на мой густ, і ў самім дакумэнце. Я трохі прайшоўся па тэксьце, пераправіў асабліва грувасткія фразы. Але зразумеў, што праграму такім чынам не ўратуеш. У сэнсе стылю.

Асьцярожна ўставіў свае тры грашы: мо' варта было б трохі болей папулярна?..

Станіслаў Станіслававіч рашуча адказаў, што папулізмам займацца не зьбіраецца.

У выніку, як мы ведаем, электарату найболей спадабалася праграма Лукашэнкі.

Натуральна, спрацаваў цэлы шэраг чыньнікаў. Але — гэта маё асабістае меркаваньне — адной з прычынаў паразы нацыянальна-дэмакратычнай плыні (бяру шырэй, маючы на ўвазе ня толькі каманду Шушкевіча) стаў тады палітычны рамантызм. Прыхільнікам беларускай ідэі бракавала тэхналягічнасьці.

...Ну а ў той дзень, скончыўшы мазгавую атаку, мы з прафэсарам-эканамістам скарысталіся запрашэньнем гаспадара пакаштаваць "віскулёўкі".

Дарэчы, і ў саміх Віскулях, кажа Шушкевіч, аўтары гістарычнае дэклярацыі выпілі толькі тады, як давялі паперу да ладу. Узьнялі па келіху малдаўскага каньяку.

Увогуле ж сёння ён найболей ганарыцца ўжо не белавескім пагадненьнем, а тым, што пасьпеў вырашыць пытаньне аб вывадзе ядравай зброі. Маўляў, крый божа, каб цяперашняя Беларусь мела атамныя ракеты!

Колісь жа шапталіся, што ў Шушкевіча — ядравая валізка. Маўляў, такую самую тры афіцэры заўжды носяць сьледам за Ельцыным.

Сапраўды, быў такі пэрыяд фармальна парытэтнага загадваньня ядравай спадчынай СССР. Хаця насамрэч, наколькі я разумею, усё было ў рукох Масквы.

Міт жа пра ядравую валізку, мабыць, імпанаваў і самому Шушкевічу.

Дарэчы, ужо стаўшы старшынём Вярхоўнага савету, ён з жонкаю і тады яшчэ малым сынам даволі доўга працягваў жыць у двухпакаёўцы панэльнага дому на Адоеўскага.

Ад рэзыдэнцыі ў Драздах адразу адмовіўся. Маўляў, там столькі пакояў, што свайго хлопца не знайду!

Пазьней, пераехаўшы у лепшае жытло, Шушкевіч жартам скажа мне:

— Баяўся, што на старой кватэры Стасік дапне да той валізкі ды згуляе з Барысам Мікалаевічам у атамную вайну!

Сапраўды, у цеснай двухпакаёўцы схаваць нешта ад гарэзьлівага хлопца было праблематычна.

Але куды болей небясьпечна, калі пра ядравыя цацкі мрояць вялікія дзядзькі!

...Што ж да чорнай валізкі-дыпляматкі, зь якой сапраўды ўвесь час хадзіў Шушкевіч, то аднойчы я міжволі ўбачыў яе зьмесьціва.

Было гэта на тэлестудыі. Мы чакалі пачатку жывога этэру.

Лідэр Беларусі шчоўкнуў замкамі, каб дастаць з дыпляматкі нейкія паперы. Акрамя іх, там ляжаў пачак, мусіць, купленай дадому гарбаты. І — усё.

Шушкевіч любіць добрую гарбату.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?