На асабістым сайце Мікалая Чаргінца з’явіўся зварот да «ААН, Еўрасаюза і іншых еўрапейскіх структур».

Ён пачынаецца наступным чынам: «Спадары! Зварот да вас выкліканы не жаданнем выказаць прыніжальную просьбу і прасіць аб ласцы, а пачуццём абражанай чалавека, які заўсёды верыў у ідэалы, якія нярэдка агучвалі заходнія палітыкі». Пасля гэтага М.Чаргінец доўга пералічвае свае тытулы, узнагароды і дасягненні. У прыватнасці, распавядае, што ваяваў у Афганістане з тымі, з кім сёння ваююць войскі кааліцыі, а яго раман «Илоты безумия» нават «быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію».

Пасля ўсяго гэтага спадар Чаргінец нарэшце раскрывае прычыну звароту. Гэта ўключэнне яго ў спіскі неўязных у краіны ЕС.

«Як можна было вінаваціць мяне ў фальсіфікацыі выбараў (2006 год), калі кожнаму ясна, што фальсіфікаваць можа той чалавек, які з’яўляецца членам выбаркама альбо браў удзел у падліку галасоў!
Як можна вінаваціць мяне ў так званых рэпрэсіях у дачыненні да ўдзельнікаў незаконнай маніфестацыі 19 снежня 2010 г., калі мне ў сталым узросце проста немагчыма займацца гэтым?!», — здзіўляецца спадар Чаргінец.

Ён лічыць, што ЕС памылкова даверыўся невялікай групе беларускіх грамадзян, якія «спрабуюць узяць уладу не з дапамогай свайго таленту, працы, ведаў, актыўнага ўдзелу ў стваральнай працы народа, а шляхам шантажу, паклёпу на грамадства, якое паблажліва ставіцца да таго, што

гэтая група не жадае ні працаваць, ні дзейнічаць у імя свайго народа, а займаецца складаннем нейкіх „чорных“ спісаў у дачыненні да людзей, да якіх часцей за ўсё адчуваюць асабістыя непрызнаныя пачуцці,
проста зводзяць з непажаданымі ім грамадзянамі асабістыя рахункі, часам нават уключаючы ў гэтыя спісы ўжо даўно памерлых».

Напрыканцы свайго звароту Мікалай Чаргінец дапускае, што можа далучыцца да «групы грамадзян», якія патрабуюць скласці «чорны спіс невыязных» з Беларусі і ўключыць у яго тых асобаў, якія, на думку М.Чаргінца, дапамагалі ЕС складаць спіс неўязных.

Зварот сканчаецца наступнымі словамі:

«Упэўнены, што да маёй заявы падыдзеце з разуменнем сітуацыі, у якою ўцягнулі вас нашы так званыя апазіцыянеры, а папросту лайдакі, якія дэзінфармуюць вас, паважаныя спадары, і за гэту хлусню атрымліваюць грошы».

Аматарам эпісталярнага жанру з мінулых пакаленняў у аналагічных выпадках раілі пісаць не толькі ў Лігу Нацый, а яшчэ і ў Сусветную лігу сэксуальных рэформаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?