Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца суд над Уладзем Яроменкам.

Уладзімір Яроменак нарадзіўся ў Мёрах Віцебскай вобласці 20 гадоў таму. Скончыўшы школу, ён пераехаў у Мінск, дзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, з якога быў выключаны пасля Плошчы-2010.

У сувязі з маладафронтаўскай дзейнасцю яго не раз затрымлівалі, прысуджалі штрафы па адміністрацыйных правапарушэннях. Упершыню прысуджаны да адміністрацыйнага арышту пасля акцыі салідарнасці з затрыманымі 19-га снежня 2010 г., што праходзіла на наступны ж дзень пасля жорсткага разгону Плошчы, 20-га снежня 2010 г. Адседзеў у Жодзіне 15 сутак. Аднак пасля допыту ў КДБ быў змешчаны на Акрэсціна для адбыцця 7-суткавага арышту ўжо за ўдзел у самой Плошчы. Адбыўшы адміністрацыйўны арышт, быў накіраваны ў СІЗА КДБ — па крымінальнай справе за арганізацыю «масавых беспарадкаў» 19-га снежня 2010 г. і ўдзел у іх. Затым быў пераведзены ў СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага, дзе цяпер і знаходзіцца.

Калі акцыі салідарнасці 16-га штомесяц пачалі паступова згасаць у фармаце «ланцуга неабыякавых», Уладзя быў адным з апошніх, хто ўсё адно працягваў хадзіць у гэты дзень на галоўную плошчу краіны, каб выказаць сваю салідарнасць. Большасць лічыла гэта бессэнсоўным. Людзей, што прыходзілі 16-га на плошчу, рабілася ўсё менш: нікому не хочацца быць затрыманым штомесяц. А ён усё працягваў хадзіць: і ў часы, так званай лібералізацыі, калі цягам некалькіх месяцаў неабыякавых 16-га не чапалі, і ў часы, калі затрымлівалі абавязкова, штомесяц, і ў летнія спякотныя вечары, і ў халодныя зімовыя, калі тэмпература даходзіла да мінус 20 і болей.

Вось і 20-га, калі краіна была ахопленая жахам ад нядаўняга разгулу агрэсіі й небывалай жорсткасці з боку «праваахоўных» органаў, калі людзі нават баяліся на вуліцу высунуцца, ён прыйшоў чарговым разам выказаць сваю салідарнасць, бо ведаў, што на месцы зняволеных 19-га снежня мог быць ён сам. А многія, хто быў на той момант у зняволенні, не верылі й не маглі сабе нават уявіць, што хтосьці пасля ўсяго таго, што адбылося на Плошчы, выйдзе на акцыю падтрымаць іх.

Бывалі перыяды, калі яго затрымлівалі ледзь ня штодня. Але ён працягваў працаваць і не прызнаваць сваёй «віны» ў судах, спакойна выслухоўваць чарговыя прысуды, агучаныя сухім і абыякавым ці жорсткім голасам суддзі. Але як ні дзіўна, крыўды на гэтых служкаў рэжыму ён ніколі не трымаў і толькі казаў: «Навошта мне іх ненавідзець? Бог усё бачыць. Ён ім суддзя. Усё адно давядзецца ўсім адказваць перад Госпадам за ўсе свае дзеянні й прысуды». І цяпер, нягледзячы на тое, што праз такіх вось «сумленных» людзей яго могуць пазбавіць свабоды, магчымасці бачыць сваякоў і сяброў, размаўляць з імі, проста жыць як звычайны добрасумленны чалавек, у лістах ягоных няма ані кроплі агрэсіі й нянавісці да тых, хто вінаваты ў ягоным зняволенні. І сапраўды — іх можна толькі пашкадаваць…

Ён ніколі не быў абыякавы да лёсу іншых людзей. З павагай ставіўся да старэйшых. Заўжды быў удзячным чалавекам. Сябры й знаёмыя не раз чулі, з якой любоўю і пяшчотаю Валодзя гаварыў пра сваіх шматлікіх сваякоў: сясцёр, братоў, пляменнікаў…

Ён заўсёды імкнуўся ставіцца да сваёй дзейнасці адказна. Нават калі ахоплівала лянота ці нежаданне нечым займацца, усё адно ішоў і рабіў, бо ведаў — так павінна быць, гэта патрэбна арганізацыі. Вучыў іншых, чаму мог, і сам у іншых вучыўся.

Ганна Шаруба, сябра «Маладога фронту»

Вершы Ўладзя Яроменка, напісаныя ў зняволеньні й дасланыя ў лістах сябрам

* * *
Люблю свой край — з-за гэтага я вораг?
Ці з-за таго, што не хачу схіліць спіну?
Ці з-за таго, што я хачу свабоды?
З-за гэтага? Дык лепей я памру,

Але здабуду волю беларусам…
Няхай улада мне не затыкае рот!
Я не хачу, каб заставаўся пад прымусам
Наш запужаны й знявечаны народ!

Мяне не страшаць вязніца й пакуты!
Даўно згубіў я перад смерцю страх!
Даўно ўжо скінуў тыя путы,
Што боўтаюцца ў беларусаў на нагах!

Я не жадаю, каб мае нашчадкі
Жылі на волі, быццам у турме!
Хачу здабыць жыццё для Беларусі-маці!
Не пашкадую. Кошт любы па мне!

студзень 2011 г.
Мінск, за некалькі гадзін да арышту

* * *
Беларусі дачок і сыноў,
Што адзін аднаго не пакінуць
Я люблю, бы сясцёр і братоў,
Бо яны даюць моцы не згінуць.

Бо яны абароняць, суцешаць,
Не забудуць, не кінуць ў бядзе.
Дзякуй вам за лісты й надзею!
За сяброў дзякуй, Божа, табе!

студзень 2011 г.
Мінск, турма

* * *
Хай зараз навокал «раснічкі» ды краты,
Халодныя сцены, калючы дрот…
Але не скаруся бязбожнай уладзе,
Мяне не палохаюць смерць ды астрог!

Мы шмат, беларусы, трывалі дагэтуль,

Улады ўвесь час затыкалі нам рот!
Але не зачыняць рот вольным паэтам,
Пакуль пад прымусам жыве наш народ!

Але спадзяюся я, мілы мой дружа,
Што краты зламаюцца, мур упадзе,
На дроце калючым вырастуць ружы…
Тады ў свабодзе з табой зажывем!

студзень 2011 г.
Мінск, турма

* * *
За што мяне знішчаюць каты?
За што ў вязніцы я сяджу?
За што кідаюць нас за краты,
Тых, хто любіў сваю зямлю?

Тых, хто гатовы бараніці
Ад ворагаў сваю зямлю,
Тых, хто ніяк ня змог скарыцца,
А змог сказаць: «Я не хачу!

Я не хачу мірыцца з гвалтам!
Я не хачу глядзець на здзек!
Ганіце ворагаў праклятых,
Бо бачны ўжо свабоды свет!»

24 лютага 2011 г.
Мінск, турма

* * *
Абудзіся народ!
Выйдзі з хаты сваёй!
Заспявай песню новаму дню!
Бо прыходзіць вясна — час свабоды прыйшоў,
Час прыйшоў зрабіць вольнай зямлю.

Досыць злодзеям-катам
Панаваць на зямлі,
Скінь ярмо, каб жыць вольна, братове!
Ці здарма ж бараніць
нашы продкі-дзяды,
Арашаючы поле крывёю?

Час прыйшоў, уставай,
падыміся з кален
і не бойся сканаць
у чэкістаў.

З намі праўда і Бог,
Прагнем мы перамен,
Бараніць гэта Бог дапаможа.

люты 2011 г.
Мінск, турма

Я не хачу!

Я не хачу глядзець на тое,
Як зневажаюць мой народ!
Як нешта страшнае і злое
Паўсюль нам затыкае рот.

Я не хачу мірыцца з гвалтам
І не жадаю ў путах жыць,
Пакуль навокал спеюць краты,
Бязвінны у турме сядзіць!

Я не хачу, каб жыў народ мой
З ярмом на шыі ўвесь свой век!
Хачу, каб у краіне роднай
Я змог бы жыць як чалавек!

Каб мог я жыць і не баяцца,
Што заўтра кінуць у турму
За тое, што я не спужаўся,
За праўду, што я ўсім кажу!

Мяне ніколі не спужаюць
Арышт, турма ці нават смерць!
Бо лепей у турме застацца,
Чым жыць свой век нібыта звер,

Нібыта вораг беларусаў,
Нібыта вырадак, шпіён…
Я не хачу жыць пад прымусам!
Я не адзін, нас легіён!

люты 2011 г.
Мінск, турма

* * *
Дзякуй, мой Божа, што не пакінуў,
Што не заставіў мяне аднаго…
Дзякуй Табе, што ня даў мне загінуць,
А даў мне надзеі святло…

Ты для мяне і святло, і свабода,
Ты — гэта праўда, жыццё…
Ты — гэта шлях мой… Па гэтаму шляху
Я буду ісці праз усё…

Дзякуй, што даў ты мне веры і моцы,
Каб не зламацца ў турме…
За тое, што меў, і за тое, што маю,
Дзякуй, мой Божа, Табе…

21 лютага 2011 г.
Мінск, турма на Валадарскага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?