Сёння ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачынаецца суд над Іллём Васілевічам.

Самы малады фігурант справы. Нарадзіўся 6 жніўня 1991 у Баранавічах. Вучыўся ў баранавіцкай гімназіі. Пасля дзявятага класа паступіў у Мінскі політэхнічны каледж. Выдатна вучыўся ў каледжы, быў старастам групы. За ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня Ілля адседзеў 10 сутак арышту і быў адпушчаны дадому. Яму паведамілі, што адміністрацыя Мінскага політэхнічнага каледжа выключае яго з вучэльні. 5 студзеня малады чалавек быў запрошаны ў адміністрацыю каледжа для падпісання адпаведных папераў, але ў вучэльні Ільлю чакалі супрацоўнікі КДБ, якія паведамілі, што ён падазраваны па крымінальнай справе, і змясцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага.

19 снежня Ілля быў на Плошчы. Мне з ім удалося паразмаўляць увечары 19-га. Ён быў узрушаны, усхваляваны — гэта першыя выбары ў ягоным жыцці. Верыў у перамены. Адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. У жодзінскім ізалятары перанёс вельмі моцны стрэс. Хлопцы, якія сядзелі разам, дапамагалі яму як самаму малодшаму. Калі мы сустрэліся 30-га снежня, пасля адседкі, Ілля быў вельмі разгублены, дрэнна сябе адчуваў. Але пачуццё адказнасці перамагло: «Трэба быць на занятках, у мяне лабараторныя работы».

Там яго адразу ж выклікаў дырэктар каледжа і запатрабаваў, каб Ілля напісаў пакаяльную тлумачальную, што на плошчы апынуўся выпадкова, інакш яго адлічаць. Ілля жалю не выказаў і заявіў, што прабачэння прасіць не збіраецца, бо не лічыць сябе вінаватым, і каяцца яму няма ў чым. 5 студзеня яго ветліва запрасілі зайсці ў адміністрацыю каледжа для падпісання нейкіх папераў. Але там яго ўжо чакалі супрацоўнікі КДБ: паведамілі, што ён падазраваны па крымінальнай справе. Змясцілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Дагэтуль ён «як тыгр у клетцы», — так піша з СІЗА пра сябе Ілюша.

Вельмі перажываў, калі 22 студзеня памерла бабуля, а яго не пусцілі на пахаванне. Бабулю ён вельмі любіў. Перажывае і за свайго сябра Фёдара Мірзаянава, студэнта Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які таксама чакае суду…

Нам яго вельмі не хапае. Я веру, Ілля аптыміст — ён спадзяецца, і слушна робіць, таму што мы ўсе верым і ганарымся ім.

Вольга Бандаронак, стрыечная сястра Іллі Васілевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?