З наступленнем гарачыні Мінпрыроды нагадвае пра недапушчальнасць распальвання вогнішчаў у лясах па-за спецыяльна абсталяванымі месцамі.

Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Жаркіна 1 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна нагадала пра недапушчальнасць выпальвання травы на дачных участках і ў сельскай мясцовасці. Каля 70% лясных пажараў узнікаюць па прычыне сельскагаспадарчых выпальванняў, часткова — ад незаконнага абыходжання з агнём.

Як паведаміла Жаркіна, праблема лясных пажараў, выпальвання сухой расліннасці, сельскагаспадарчых выпальванняў і сёлета пакуль не стаіць востра. Усяго за пяць месяцаў былі зарэгістраваныя 33 лясныя пажары на плошчы 16,3 га і чатыры пажары на тарфяніках плошчай крыху больш за 2 га. Адзначалася 150 выпадкаў выпальвання сухой расліннасці амаль на 70 га, 29 сельскагаспарчых выпальванняў на 24,7 га.

Паводле слоў спецыяліста, за мінулы год у Беларусі адбылося 495 лясных пажараў, у якіх выгаралі 329,83 га, і 117 пажараў на 58,69 га тарфянікаў, быў зарэгістраваны 251 выпадак выпальвання сухой расліннасці на 163,7 га і 109 сельскагаспадарчых выпальванняў агульнай плошчай 74,8 га.

Як паведаміў начальнік упраўлення прыродакарыстання і інавацыйнага развіцця Мінпрыроды Уладзімір Саўчанка, сярэдняя плошча пажару ў Беларусі складае 0,4–0,7 га. У Беларусі дастаткова эфектыўна наладжана сістэма барацьбы з пажарамі. У ліку мер па папярэджанні пажараў — інфармаванне насельніцтва, стварэнне лесаахоўных палос шырынёй да 2,5 м, функцыянаванне сістэм сачэння за пажарамі. У апошнія гады Міністэрства лясной гаспадаркі прымяняе з гэтай мэтай як даўно існуючыя сістэмы вышак, так і авіятэхніку, сучасныя спецыяльныя сістэмы сачэння.

Нагадаем, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае штраф за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах да 12 базавых велічынь (420 тыс. рублёў). Існуе штраф «за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыманне мер па ліквідацыі выпальванняў» у памеры 10–40 базавых велічынь (350–1.400 тыс. рублёў). Акрамя таго, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам за падобныя парушэнні прадугледжана крымінальнай адказнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?