Беларусь разлічвае падпісаць пагадненне аб крэдыце з Міжнародным валютным фондам восенню гэтага года, паведаміў журналістам 4 чэрвеня ў Кіеве міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

«Мы разлічваем восенню выйсці на падпісанне дакументаў», — сказаў Харкавец. Паводле яго слоў, «крэдыт ад МВФ патрэбен».

«Патрэбы будуць ацэненыя па выніках працы місіі, сёння складана гаварыць», — сказаў міністр, адказваючы на пытанне пра аб’ёмы і параметры крэдыту.

Гаворачы аб макраэканамічных умовах выдзялення крэдыту МВФ, Харкавец адзначыў:

«Мы зыходзім з таго, што праграма, якую мы падпісалі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС, настолькі комплексная, што яна павінна задаволіць МВФ».

Нагадаем, што міністры фінансаў краін — удзельніц ЕўрАзЭС на пасяджэнні ў Кіеве 4 чэрвеня ўхвалілі выдзяленне Беларусі крэдыту з Антыкрызіснага фонду. Агульная сума крэдыту складзе 3 млрд. даляраў ЗША. 1,2 млрд. будзе выдзелена ў 2011 годзе (першы транш — 800 млн. — на працягу найбліжэйшага тыдня), 0,8 млрд. — у 2012 годзе, 1 млрд. — у 2013-м.

Як заявіў віцэ-прэм’ер — міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын, крэдыт выдзяляецца на 10 гадоў па плаваючай стаўцы 4,1% гадавых. Паводле яго слоў, прыватызацыя беларускіх актываў на 7,5 млрд. даляраў на працягу трох гадоў засталася адной з умоў давання Мінску крэдыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?