Пошукі зніклых у Гімалаях беларускіх альпіністаў будуць вымушана спынены. Пра гэта БелаПАН паведаміў член мінскага горнага клуба «Хан-Тэнгры» Аляксей Пушкоўскі.

Нагадаем, з 8 мая няма сувязі з двума спрактыкаванымі беларускімі альпіністамі — Мікалаем Бандалетам і Сяргеем Белавусам, якія з’яўляюцца членамі клуба «Хан-Тэнгры». Яны скаралі адну з самых недаступных вяршыняў свету — Тулагі вышынёй 7.029 метраў у Непале. Дагэтуль узяць яе не ўдавалася ніводнаму чалавеку.

З 13 мая зніклых шукалі на верталёце. 15 мая на вышыні 6.300 м з верталёта была знойдзена палатка з рэчамі альпіністаў і ланцужок іх слядоў, якія вялі на грэбень, аднак саміх альпіністаў дагэтуль не знайшлі. Наземныя пошукі не ўдалося арганізаваць з-за дрэннага надвор’я. З гэтай жа прычыны не далі вынікаў паўторныя вылеты верталёта.

Як паведаміў Пушкоўскі, больш нічога зрабіць у хуткім часе арганізатары пошукаў не змогуць. Сезон дрэннага надвор’я ў гарах будзе доўжыцца яшчэ два-тры месяцы.

А на арганізацыю вылетаў верталёта з мінімальнай верагоднасцю нават дабрацца да раёна пошукаў няма сродкаў.
Апрача дрэннага надвор’я і недахопу грошай пошук абцяжараны і тым, што не ўдалося атрымаць каардынаты, на якіх апошні раз рэгістраваўся ў сетцы спадарожнікавы тэлефон альпіністаў.

Паводле слоў Пушкоўскага, застаецца спадзявацца на атрыманне якіх-небудзь звестак пра зніклых без правядзення пошукаў. Калі іх не будзе, магчыма, восенню клуб «Хан-Тэнгры» арганізуе наземную пошукавую экспедыцыю ў раён знікнення Бандалета і Белавуса. Аднак гэта яшчэ не зацверджаныя планы: неабходна згода спрактыкаваных альпіністаў і сродкі.

Зараз арганізатары пошукаў заклапочаны пошукамі сродкаў на аплату ўжо праведзеных работ. Толькі гадзіна працы верталёта з экіпажам каштуе 2,5 тысячы долараў, а ўсяго праводзілася пяць вылетаў, кожны з якіх — па тры гадзіны.

На сёння для аплаты вылетаў не хапае 15 тысяч долараў.

Нагадаем, дабрачынныя рахункі для збору сродкаў на пошукі альпіністаў адкрыты ў філіяле № 503 ААТ «ААБ «Беларусбанк» у Мінску па вул. Ангарская, 40. УНП 100151342, код банка 608.

У беларускіх рублях: № 000012 (транзітны рахунак № 3819382103071 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

У доларах ЗША: № 000095 (транзітны рахунак № 3819382106775 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

У еўра: № 000006 (транзітны рахунак № 3819382106775 — указваецца пры пераводзе сродкаў юрасобамі). Атрымальнік: Фралова Таццяна Андрэеўна.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?