Сяргей Лінг раскрытыкаваў Нацыянальны банк і ўрад, якія дапусцілі валютны крызіс у краіне, і назваў пастанову Саўміна № 662 бездапаможнай.

Зрабіў гэта Сяргей Сцяпанавіч 7 чэрвеня на чарговым паседжанні Рэспубліканскага савета дзелавых колаў.

Інтэрнэт-газета Naviny.by публікуе вытрымкі з выступу Сяргея Лінга, які ўзначальваў беларускі ўрад у 1996 — 2000 гадах.

«Цікава, хто распрацоўваў прагноз развіцця краіны на 2010 год? Адказныя людзі, якія ставілі свае візы пад гэтым дакументам, пачынаючы з Мінэканомікі, яны жывыя, яны на зарплаце, яны працуюць?
Трэба спытаць, чаму атрымаўся такі прагноз, які праваліўся яшчэ да завяршэння першага паўгоддзя. Урад змяніўся? Але нехта за гэта павінен адказваць!

Вы паглядзіце, наколькі бездапаможная гэтая пастанова! Зразумела, урад і ведамствы спрабуюць супакоіць насельніцтва.

Але як можна супакоіць насельніцтва, калі чыноўнік высокага рангу проста нахабна хлусіць людзям:
маўляў, цукру дастаткова, солі дастаткова, алею дастаткова, крупы досыць, не хапайце, не трэба… Хапаюць жа не таму, што солі заўтра не будзе, хапаюць таму, што заўтра будзе даражэйшая і ў людзей не хопіць грошай! Пра гэта — ні гуку.

Потым зноў заяўляюць: цэны на цукар не падвысяцца, на соль не падвысяцца, гэта мы гарантуем. Праходзіць месяц — бах, новыя цэны! Прэзідэнт гаворыць з трыбуны: з сённяшняга дня няма росту цэнаў. На запраўку прыязджаю, каб бак заправіць, — трэба ўжо 300 тысяч заплаціць. Прафесіяналам, навукоўцам, прафесарам, вядома, лёгка разважаць… А вы схадзіце ў краму з пенсіяй, якую атрымліваюць нашы людзі, — 500 — 600 тысяч рублёў. Шыя свіная каштуе 35 тысяч, бульба, якую прывезлі з-за мяжы, — 14 тысяч рублёў за кілаграм. Я ўжо не кажу пра бананы або яблыкі па 30 тысяч. А на рынку такія ж па 12 тысяч…

Калі цэны адпусцілі і пачаўся такі вось разбойны падыход да гэтай справы, то нехта павінен і адказаць. Не назіраецца кантралявальных дзеянняў і эфектыўных мераў няма.

Супакойваюць нас: вось на 40 відаў тавараў гандлёвыя надбаўкі знізіліся. Паглядзіце ўважліва на гэтыя працэнты, і вы ўбачыце, што гэта такое: што знізілася, а што не знізілася. Такімі «выступамі» насельніцтва цалкам не супакойваецца. Напружанне расце з кожным днём. Вядома, людзі пакуль церпяць, сябе пакуль кантралююць, каб працу не страціць. Але ўнутры гэтага катла бурленне можа дайсці да таго, што і накрыўку сарве.

А куды падзеўся наш Нацыянальны банк?
Ён жа распрацоўваў гэтыя прагнозы, крэдытна-грашовую палітыку, узгадняў з урадам і прэзідэнтам, падпісваў гэтыя дакументы, і мы пачынаем паводле іх жыць. Але вось выступае кіраўнік банка, кажа: пакуль я працую, ніякіх пытанняў і дэвальвацыі не будзе. І мы ўсё яму верым, а калі нехта пляткарыць, то я яму: заторкніся, гэтага не можа быць. Потым бабах — здараецца. І што? Як можна валютны рынак у краіне аддаць валютчыкам? Атрымліваецца, Нацыянальны банк сышоў з гэтага рынку! Як жа так?

Хтосьці сказаў — статыстыка вінаватая… Можна знайсці і іншага вінаватага, напрыклад, сяржанта міліцыі. Ёсць канкрэтныя адказныя людзі, ёсць становішча, закон, Канстытуцыя, там усё распісана, хто і за што адказвае. Трэба ўзяць адказнасць на сябе.

Пазыкі, дэвальвацыя… Што здарылася, чаму? Я ўпэўнены, калі б два-тры месяцы таму выступіў прадстаўнік Нацбанка… Так, Пракаповіч захварэў, дай Бог яму здароўя, не ён адзін у гэтым вінаваты, але вось ён увесь час казаў, што «будаўніцтва — гэта лакаматыў нашай эканомікі». А калі ацаніць, які прыбавачны кошт у будаўніцтве, у тым ліку і жылля, то выявіцца, што ніякі гэта не «лакаматыў», гэта велізарныя рэсурсы, хоць і траціліся яны на высакародныя мэты, але на макраўзроўні гэта трэба было бачыць.

І калі б Нацбанк умяшаўся своечасова, правёў дэвальвацыю на 15–20%, ахнулі бы ўсе як мінулым разам, але курс даляра спыніўся б на чатырох тысячах, а не блукаў бы, як сёння, у раёне васьмі.

Урад павінен адказваць за свае справы, Нацбанк — за свае, і няма чаго сядзець як мышы пад венікам. Да людзей трэба ісці і тлумачыць… Але паглядзіце на гэтую пастанову. Тут такія выразы, што мала вышэйшай адукацыі, каб разабрацца. За кожным радком — рост цэнаў. Я іду плаціць за трохпакаёвую кватэру — плачу 800 тысяч рублёў, за камунальныя паслугі, святло, тэлефон… Ці можа хто-небудзь з простых пенсіянераў такую суму заплаціць? Два разы бак машыны заправіць — і двух мільёнаў няма. А як жыць астатнім? Таму лозунгі, што трэба забраць грошы ў насельніцтва, добрыя для таго, у каго яшчэ можна нешта забраць. А калі нехта з такімі лозунгамі пойдзе ў народ, то яшчэ невядома, як ён вернецца з гэтага народа.

Напружанне — будзь здаровы, і спытаюцца так, што будзь здаровы. І ўрад адкажа. Не выключана, што ў гэтай сітуацыі прэзідэнт наважыцца прынесці ў ахвяру ўрад і кіраўніцтва Нацбанка. Гэта адна з мераў, якая можа крыху супакоіць народ. Але калі мы ўсё гэта прафукаем, літасці нам не будзе ні тут, ні там…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?