Паводле паведамлення ВВС, галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) Луіс Марэна-Акампа заявіў, што цяпер ідзе пошук доказаў таго, што лівійскі лідар Муамар Кадафі прымушаў вайскоўцаў ужываць гвалт у якасці застрашвання.

Для гэтага вайскоўцаў нібыта прымушалі прымаць прэпараты тыпу «Віягры», якія закупляліся для салдат у вялікіх колькасцях.

Выступаючы ў ААН, Марэна-Акампа паведаміў, што следству трэба будзе высветліць, ці сапраўды камандаванне войска стала ініцыятарам ужывання гвалту, альбо за выпадкі згвалтавання адказныя выключна вайскоўцы, якія ўчынілі гэтыя злачынствы.

Аднак, паводле словаў пракурора, ён фактычна ўпэўнены ў тым, што Муамар Кадафі выкарыстоўваў гвалт у якасці зброі і меры застрашвання.

«Згвалтаванне — гэта новы аспект у рэпрэсіях (Кадафі). У самым пачатку ў нас былі сумневы на гэты конт, але цяпер мы ўсё больш пераконваемся ў гэтым», — сказаў Марэна-Акампа ў нью-ёркскім прадстаўніцтве ААН.

Ён дадаў, што цяпер МКС атрымлівае ўсё больш сведчанняў, якія паказваюць на тое, што Кадафі выкарыстаў згвалтаванне ў якасці частай меры пакарання і выклікання страху.

У распараджэнні суда, заявіў Луіс Марэна-Акампа, ёсць сведчанні аб тым, што лівійскія ўлады закуплялі кантэйнеры прэпаратаў для павышэння полавай цягі тыпу «Віягры», каб «павялічыць верагоднасць згвалтаванняў».

Генеральны пракурор МКС абвінаваціў Муамара Кадафі, яго сына Сейфа аль-Іслама і кіраўніка лівійскай выведкі Абдула Санусі ва ўчыненні злачынстваў супраць чалавечнасці двух тыпаў — забойствы і пераслед насельніцтва. Ён лічыць, што на іх ляжыць асноўная адказнасць за напады на мірных жыхароў у пачатку паўстання супраць кіравання Кадафі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?