Новым начальнікам КУП «Мінскі метрапалітэн» стаў Расціслаў Юрэня.

Загад аб гэтым прызначэнні быў падпісаны генеральным дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Лявонціем Папянком 10 чэрвеня.

Як паведамілі БелаПАН у «Мінсктрансе», Расціслаў Юрэня нарадзіўся 9 сакавіка 1957 года ў вёсцы Яжона Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння ГПТВ № 34 у 1975 годзе працаваў у Асіповіцкім лакаматыўным дэпо памочнікам машыніста цеплавоза. З 1978 года паступіў у трамвайнае дэпо трамвайна-тралейбуснага ўпраўлення Мінска слесарам-электрыкам па рамонце рухомага саставу. У 1984 годзе без адрыву ад вытворчасці скончыў Політэхнічны тэхнікум па спецыяльнасці «тэхнік-электрык». З 1990 па 2000 гады — галоўны інжынер тралейбуснага дэпо № 5. У 1992 годзе скончыў Політэхнічны інстытут. У 2000 годзе пераведзены галоўным інжынерам УП «Мінгарэлектратранс». У 2003 у сувязі з рэарганізацыяй пераведзены намеснікам галоўнага інжынера КУП «Мінсктранс». З 2005 па 2011 гады — дырэктар філіяла «Трамвайны парк».

Ранейшы начальнік Мінскага метрапалітэна Мікалай Андрэеў, які займаў гэты пост каля 12 гадоў, быў звольнены загадам дырэктара ГП «Мінсктранс» 31 траўня.

Нагадаем, у ноч на 29 траўня на станцыю «Маскоўская» першай лініі мінскага метро праз незамкнутая дзверы ўвайшлі трое маладых людзей. Яны захавалі на відэа вестыбюль і перон станцыі, гадзіны, на якіх паказаны час, — 3.49. Ні міліцыі, ні работнікаў метрапалітэна нідзе не назіралася. 31 мая на нарадзе аб ходзе расследавання выбуху на станцыі «Кастрычніцкая» 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка прыстрашыў пакінуць без пагонаў адказных за гэты інцыдэнт.

Новы начальнік ужо паспеў паабяцаць, што мерапрыемствы па павышэнні бяспекі мінскага метро будуць завершаныя да канца года.

Расціслаў Юрэня паведаміў, што для павышэння бяспекі сталічнай падземкі на нядаўняй сесіі Мінгарсавета прынятае рашэнне аб выдзяленні мэтавых сродкаў. «Па гэтых мерапрыемствах будзе праведзеная вялікая праца ў частцы сістэмаў відэаназірання і бяспекі», — сказаў суразмоўца.

У найбліжэйшыя месяцы «Метрапраект» распрацуе праекты сістэм відэаназірання, змантаваць якія неабходна да верасня, перадае БЕЛТА.

Разам з тым Расціслаў Юрэня адзначыў, што ў мінскім метро досыць добрая сістэма бяспекі, падабраныя прафесійныя кадры. «Мы бачым на станцыях практычна ўсё. Але варта ўсталяваць дадатковыя сістэмы відэаназірання», — растлумачыў начальнік метро.

Адказваючы на пытанне адносна інцыдэнту з пранікненнем ноччу ў метро старонніх людзей, ён падкрэсліў, што кіраўніцтва зробіць больш жорсткімі патрабаванні да захавання працоўнай дысцыпліны сярод персаналу станцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?