Яна з’ехала за мяжу, так і не атрымаўшы дыплом мастака. А сёння яе карціны выстаўляюцца ў Брусэлі, Амстэрдаме, Лондане…Вольга Гуськова нарадзілася ў Расіі. Апошнія пятнаццаць гадоў жыве ў Бельгіі. А паміж гэтымі краінамі была Беларусь, дзе і раскрыўся яе талент.

 Вольга Гускова

Вольга Гускова

 Карціна "Белыя архідэі".

Карціна "Белыя архідэі".

Вольга пакінула Беларусь у 1996 годзе.

У Мінску пазнаёмілася з бельгійцам. Ён паклікаў дзяўчыну замуж. Так і з’ехала на радзіму мужа. Вольга нават вучобу не паспела скончыць — заставалася зрабіць дыпломны праект. А ў Бельгіі ўсе яе дакументы аб сярэдняй і незакончанай вышэйшай адукацыі прыраўнялі толькі да атэстата выпускніцы школы.

Вольга кажа, у Бельгіі склаўся стэрэатып, што мастакамі ста­новяцца самыя лянівыя вучні. Тым не менш, да мастацтва хочуць дакрануцца многія. Як вынік — яе карціны ўпрыгожваюць прыватныя і музейныя калекцыі.

З Масквы — у беларускую правінцыю

У Беларусь бацькі Вольгі прыехалі ў 1976 годзе пасля сканчэння Маскоўскага дзяр­жаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Баўмана. Іх размеркавалі на вілейскі завод «Зеніт». Вользе тады было два гадкі. У Вілейцы яна пайшла спачатку ў садок, а затым і ў школу. А ў 1985 годзе паступіла ў сённяшнюю гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Затым была Беларуская акадэмія мастацтваў, выезд у Бельгію.

Калі з’язджала за мяжу, для сябе вырашыла, што працаваць там прыбіральшчыцай альбо кімсьці падобным не будзе, як часта здараецца з эмігрантамі з былога СССР.

Па прыездзе не працавала, бо зацяжарала. Нарадзіла сына Рудольфа. Пасля вучыла фламандскую мову (веданне англійскай дазволіла не трапіць у моўнае гета). Асвойвала камп’ютар і графічныя праграмы. А калі ўладкоўвалася на працу, выбрала фірму, якая выпускала паштоўкі. Так пачалася кар’ера дызайнера. Затым змяніла профіль — распрацоўвала абутак. Але ўсё-такі зноў вярнулася да паштовак. Толькі ўжо ў іншую фірму, дзе працуе дызайнерам-фрылансерам і сёння. Непрывязанасць да офіса Вольгу задавальняе. Больш часу можна аддаваць дзецям. Ды і на колькасці замоў гэта не адбіваецца — яны ёсць пастаянна.

Вольга расказвае гісторыю з нараджэннем дачкі Яры. Ужо на трэці дзень пасля родаў ёй патэлефанавалі з фірмы, каб спытацца наконт замовы. А калі пачулі, што Вольга ў раддоме, моцна здзівіліся. Бо ўсе кантакты адбываюцца пераважна праз інтэрнэт. Таму ніхто не бачыў жанчыну цяжарнай.

Шматмоўная сям’я

Другі муж Вольгі — басняк Энсар. Ён працуе ў хімічнай прамысловасці. Сын Рудольф — 13 гадоў — школьнік. Дачцэ Яры — 2 гады.

У Рудольфа творчае мысленне пераплятаецца з тэхнічным, як адзначае жанчына. Яшчэ дзіцёнкам ён пачаў маляваць. Пераважна гэта былі будынкі, але абавязкова на іх знаходзілася месцы для разетак, іншых тэхнічных рэчаў.

Дачка яшчэ зусім маленькая, каб гаварыць пра схільнасць да малявання. Але і яна ўжо бярэ ў рукі пэндзаль. Праўда, пятнаццаці хвілін дастаткова, каб задаволіць прагу да мастацтва.

Вольга заўважае, што не трэба дзяцей штурхаць надта да малявання ці да іншых заняткаў. Гэта павінна адбывацца асэнсавана. Саму мастачку ў дзяцінстве бацькі аддалі ў музычную школу, што ёй не надта падабалася. Грала на скрыпцы. А пасля нехта падказаў паўдзельнічаць у конкурсе малявання, пераможцы якога дапускаліся да экзаменаў у гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Дзесяцігадовая дзяўчынка ў тым конкурсе ўбачыла магчымасць пакінуць Вілейку, каб вызваліцца ад музычнай школы. У каледж паступіла. Але з часам зразумела, што дарма адмовілася ад заняткаў музыкай. І ўжо цяпер свайго сына адправіла ў музшколу — іграе на гітары.

Сям’я Вольгі — шматмоўная. Калі нарадзіўся сын, жанчына размаўляла з ім па-руску, бацька бельгіец — па-фламандску. А ўжо калі ўсе разам збіраліся — па-англійску. Сёння Рудольф вывучае яшчэ і французскую.

З дачкой крыху па-іншаму. Другі муж размаўляе з ёй па-сербахарвацку, Вольга — па-расейску. А ўсе разам — на фламандскай мове.

Першыя паразы і перамогі

Жанчына прыгадвае сваю першую спробу мастацкай выставы ў Бельгіі. Ішоў адбор твораў для вернісажу. Вольга прынесла тры свае габелены. Ніводзін не прынялі. Яна адзначае, што па выгляду журы можна было зразумець, што да яе прац паставіліся як да самаробных камізэлек. Маўляў, нічога арыгінальнага. Гэта засмуціла. Але праз год ужо прыйшла з напісанымі карцінамі. Тады падумала, калі і на гэты раз нічога не выйдзе, маляваць перастане — рукі апусцяцца. Але з трох прапанаваных карцін прынялі адразу дзве. Жанчына адзначае, што ахвотных паўдзельнічаць у вернісажы былі сотні мастакоў. А ў выніку выбралі толькі 70 прац.

Яшчэ большы імпэт надаў продаж карціны — жанчыны з сінімі нарцысамі. «Усе хочуць маляваць і жыць са сваіх прац», — тлумачыць рынкавыя адносіны ў мастацтве. З таго часу на яе карціны ёсць пастаянны попыт. Але Вольга не ператварае занятак мастацтвам у канвеерную працу.

У яе няма агента, які займаўся б арганізацыяй выстаў і пошукам пакупнікоў. Спачатку сама шу¬кала «выхады». Цяпер, калі яе ведаюць (хаця і не залічвае сябе да мегавядомых мастакоў нават у Бельгіі), ахвочыя займець яе карціны прыязджаюць самі.

Вольга — мастак жаночных вобразаў. На яе карцінах — пераважна жаночае цела. Са свайго беларускага студэнцтва прыгадвае выкладчыка Назарэнку. Яго пастановачныя малюнкі, натуршчыц. Цяпер, калі ў цэнтры ўвагі Вольгі жанчына, яна не піша з натуры. Вобраз прыходзіць сам. Гэта не беларускі і не бельгійкі. Агульны вобраз.

Час вяртацца?

У Бельгіі Вользе не хапае беларускай прыроды. Лесу, рэк… Там паркам называюць невялікае насаджэнне з кустоў. Узгадвае, як набыла латок клубніцаў і за раз з’ела. Муж расхваляваўся, маўляў, яе ад ягад высыпе. Жанчына толькі рассмяялася. Бо яе маці вырошчвала клубніцы на 4 сотках, і есці іх магла значна больш.

У Вольгі два пашпарты — бельгійскі і беларускі.

Ці гатовая яна вярнуцца ў Беларусь? Наўрад ці.
Ды і не пачувае сябе беларускай (бацькі расійцы), хаця і расіянкай таксама не пачувае, бо не жыла ў Расіі. І бельгійкай, адзначае, ніколі не стане. Расказвае, як свякроў прапанавала пераехаць жыць у Боснію. Мастачка заўважае, што калі сапраўды паўстаў бы такі выбар, то вярнулася б у Беларусь усё-такі.

Дачка Яра — беларуская грама­дзянка. Сын Рудольф — грамадзянін Бельгіі. Вольга неяк прапанавала сыну атрымаць беларускі пашпарт. Але папярэдзіла, што пры наведванні Беларусі могуць тады забраць у войска. Ён узрадаваўся: «Класна, на знішчальніках буду лётаць!» Жанчына расказала пра нашы рэаліі. І Рудольф адмовіўся.

…У першы свой прыезд за апошнія дзевяць гадоў у Беларусь Вольга Гуськова наведала апошні званок у гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка. Сустрэлася з аднакласнікамі, знаёмымі. Зайшла ў сваю колішнюю майстэрню. Кажа, што нічога не змянілася.

Вольга мае жаданне прыехаць у Мінск з выставай. Гатовая, але самой гэта цяжка зладзіць. Ды і яе прац у Беларусі няма — хіба толькі студэнцкія захаваліся ў сяброў. Беларускія музеі пакуль не выказвалі жадання набыць нешта з карцін. Альбо проста не ведаюць пра яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?