Полацкія памежнікі другі раз за два апошнія тыдні затрымалі грамадзян Грузіі, якія спрабавалі пераправіцца ў Латвію незаконным шляхам. Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, 27 чэрвеня ў Браслаўскім раёне былі затрыманы чацвёра грамадзян Грузіі 1954, 1972, 1982 і 1987 гадоў нараджэння, а таксама двое беларусаў, якія аказвалі ім садзейнічанне ў гэтым.

Грамадзяне Грузіі накіроўваліся ў краіны Еўрасаюза ў пошуках лепшых умоў жыцця. Праводзіцца разгляд з мэтай прыцягнення затрыманых да адказнасці.

Гэта не адзінкавы выпадак затрымання парушальнікаў мяжы за мінулыя выхадныя дні. 25 чэрвеня пагранічнікі ў раёне вёскі Сушышкі Воранаўскага раёна ў непасрэднай блізкасці ад мяжы затрымалі аўтамабіль «Міцубісі», у якім знаходзіліся чацвёра грамадзян Афганістана. Старэйшаму з іх 49 гадоў, малодшаму — 17. Замежныя грамадзяне спрабавалі незаконна перасекчы беларуска-літоўскую мяжу.

Гродзенскія памежнікі ў 300 метрах ад дзяржаўнай мяжы затрымалі чатырох грамадзян Грузіі, а смаргонскія — у раёне вёскі Кемяны — яшчэ трох.

Цяпер замежныя грамадзяне знаходзяцца ў ІЧУ, іх чакае дэпартацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?