Дом адзінай Беларусі адкрываў кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс.

У сваім звароце да ўдзельнікаў гэтай падзеі кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс выказаў упэўненасць у тым, што прадстаўнікі дэмсілаў Беларусі ў адзін дзень «змогуць вярнуцца ў сваю краіну для пабудовы дэмакратыі», і заклікаў іх аб’яднаць высілкі на карысць сваёй радзімы.

У сваю чаргу кіраўнік парламенцкага камітэта па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс параўнаў цяперашнюю Беларусь з Груцкім паркам у Літве.

Дом адзінай Беларусі — прадстаўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл, якое мае на мэце аб’яднаць беларускіх дэмакратаў, якія знаходзяцца пасля вядомых падзеяў 19 снежня 2010 года (некаторыя называюць іх не інакш як «крывавай нядзеляй») у вымушанай эміграцыі.

На цырымоніі таксама прысутнічалі парламентарыі Вілія Алекнайтэ-Абрамікене, Мантас Адоменас, Пятрас Аўштравічус, прадстаўнікі МЗС Літвы, паслы еўрапейскіх дзяржаваў, беларускія дэмакраты, літоўскія і беларускія інтэлектуалы.

Місія Дома, падкрэсліў А. Ажубаліс, складаецца ў тым,

каб «працаваць на беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну паўгода таму, пасля падзей снежня 2010».
Ён запрасіў літоўскія і беларускія няўрадавыя арганізацыі, інтэлектуалаў і інтэлігенцыю аб’ядноўвацца ў гэтым доме і разам ажыццяўляць культурныя і навуковыя праекты на карысць Беларусі.

«Мы заклікаем актывістаў грамадзянскай супольнасці, прадстаўнікоў палітычных і дэмакратычных рухаў, інтэлектуалаў і студэнтаў заклапаціцца сітуацыяй у Беларусі, прыйсці і працаваць тут, дапамагчы Дому ў яго місіі. Адкрыццё дома — яшчэ адна магчымасць для лепшай каардынацыі і рэалізацыі сумесных праектаў з літоўскімі партнёрамі», — заклікаў міністр.

«Скульптуры Фелікса Дзяржынскага вярнуліся, вярнуліся брэжнеўскія часы, г.зн. усё тое, супраць чаго ў часы „Саюдзіса“ ішла барацьба. І праз 20 гадоў вы працягваеце тую ж барацьбу. Мы разумеем, за што і за якія каштоўнасці вы змагаецеся (…)

Спадар Лукашэнка працягвае традыцыі „імперыі зла“ ў фармаце маленькага вострава. Мы спадзяемся, што вы створыце магчымасць для звяржэння гэтага жудаснага рэжыму»,
 — сказаў кіраўнік камітэта па замежных справах Сейма Літвы Э. Зінгерыс, звяртаючыся да беларускіх дэмакратаў. Ён таксама нагадаў пра рашэнне суда ў Гаазе ў дачыненні да Муамара Кадафі, традыцыі «Саюдзіса» і польскай «Салідарнасці».

Палітык запэўніў, што заходнія краіны — ЕС, ЗША, Канада — «за вас». Паводле яго словаў, «беларусы робяць сваю рэальнасць, а не Аляксандар Лукашэнка».

Адкрыццё Дома адзінай Беларусі стала магчымым дзякуючы садзейнічанню МЗС і Сейма Літвы. Па словах Віктара Гарбачова, кіраўніка беларускай арганізацыі «За свабоднае прадпрымальніцтва», рамонт памяшканняў беларусы зрабілі самі.

«За тры тыдні», — удакладніў ён.

Ля сцяны былі выстаўленыя тры сцягі: сцяг Літвы, ЕС і бел-чырвона-белы сцяг Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?