Прыбытак нафтаперапрацоўчага прадпрыемства ААТ «Нафтан» (Наваполацк, Віцебская вобласць) за студзень-май склаў 1,3 млрд. рублёў (у эквіваленце па цяперашнім курсе — каля 260 тыс. даляраў).

Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Траццякоў, піша «Вестник Нафтана».

«Па выніках чатырох месяцаў мы працавалі са стратамі. За пяць месяцаў атрымалі невялікі, 1,3 млрд. рублёў, прыбытак», — цытуе выданне кіраўніка прадпрыемства.

Паводле слоў Траццякова, у чэрвені «Нафтану» ўдалося павялічыць прыбытак у параўнанні з маем. «Яшчэ больш паспяхова спрацавалі ў чэрвені. Выхад на бясстратную працу дазволіў разблакіраваць пункты калектыўнага дагавора, выплаты па якіх былі прыпынены», — паведаміў гендырэктар.

Нагадаем, згодна з фінансавай справаздачнасцю за першы квартал 2011 года, страты ААТ «Нафтан» склалі за студзень-сакавік 197,7 млрд. рублёў. Са стратамі ў першым квартале спрацавала яшчэ адно нафтаперапрацоўчае прадпрыемства Беларусі — ААТ «Мазырскі НПЗ». Адной з прычын стратнай працы айчынных НПЗ з’яўляліся пастаўкі нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак па заніжаных цэнах.

Траццякоў, каментуючы ўмовы паставак нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак, зазначыў, што паліва «для ўсяго насельніцтва краіны» рэалізуецца па льготнай цане.

«Цана, па якой „Нафтан“ рэалізуе бензін і дызпаліва на ўнутраным рынку, заніжана. Мы перакрываем яе выручкай ад таварных прадуктаў, якія прадаем на экспарт. Калі перавесці кошт паліва на запраўках у долары, то сёння дызельнае паліва і бензін каштуюць каля 0,9 долара за літр. А да дэвальвацыі дызельнае паліва прадавалі па 1,1 даляра», — канстатаваў гендырэктар.

ААТ «Нафтан» — адзін з двух нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі, уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. Прадпрыемства вырабляе больш як 70 найменняў прадукцыі, у тым ліку бензіны, дызельнае паліва, масла. Больш за 70% прадукцыі завода экспартуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?