ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» заключыла кантракт з найбуйнейшым індыйскім вытворцам складаных угнаенняў Zuari Industries на пастаўку 400 тыс. т калійных угнаенняў па цане $490 за тону.
Такую інфармацыю карэспандэнту БелТА пацвердзіў кіраўнік службы па сувязях з грамадскасцю БКК Філіп Грыцкоў.

Хлоркалій будзе пастаўлены індыйскай кампаніі на ўмовах CFR з верасня 2011 года па сакавік 2012 года.

Раней у жніўні БКК заключыла новы кантракт з індыйскім імпарцёрам мінеральных угнаенняў Indian Potash Ltd на пастаўку 1,2 млн т хлорыстага калію ў жніўні 2011 — сакавіку 2012 года таксама па цане $490 за тону на ўмовах CFR. Гэты кантракт у параўнанні з ранейшым, які дзейнічаў з красавіка 2010 па сакавік 2011, мае на ўвазе павелічэнне прыкладна на траціну не толькі цаны (з $370 да $490), але і аб’ёмаў рэалізоўванага хлоркалію (з 900 тыс. т да 1,2 млн т).

Генеральны дырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер, каментуючы кантракт, адзначыў, што аб’яднаныя пастаўкі Беларускай калійнай кампаніі і Міжнароднай калійнай кампаніі традыцыйна займаюць 45–50% індыйскага калійнага рынку.

ААТ «Беларуськалій» у студзені-ліпені гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыла вытворчасць угнаенняў прыкладна на 2,5% да 5,35 млн т, экспарт вырас на 10,9% і склаў 4,6 млн т.

ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» — эксклюзіўны пастаўшчык калійных угнаенняў вытворчасці ААТ «Беларуськалій» (Салігорск, Беларусь) і ААТ «Уралкалій» (Беразнікі, Расія) на замежныя рынкі і галоўны сусветны экспарцёр гэтай прадукцыі. БКК створаная ў 2005 годзе. Акцыянерамі кампаніі з’яўляюцца «Беларуськалій» (45%), «Уралкалій» (50%) і Беларуская чыгунка (5%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?