Ня мог зразумець я юнаком, чаму прыпамiналi людзi, як жылося «за Польшчай», адкуль была туга пры параўнаньнi з iснуючай рэальнасьцю праз трыццаць, нават пяцьдзясят гадоў пасьля аб’яднаньня 1939 г.? У кнiжках было другое: пра лютых польскiх паноў у залiхвацкiх жартах гучала зьедлiвае «выше польских самолётов» цi анэкдоты са стандартнай тройкай немец?паляк?рускi, дзе за ўсiх разумнейшы i спрытнейшы быў, канечне ж, рускi. Папраўдзе кажучы, далёка ня ўсё было соладка i за польскім часам. Але ж меў чалавек нешта такое, што давала годнасьцi мiж людзьмi i гонару перад сабой.

Пад’ём эканамiчнага патэнцыялу Савецкага Саюзу Iосiф Сталiн пачаў з раскулачваньня i прымусовай калектывiзацыi. Прайшлiся камiсарскай касой па вёсцы. Тое ж адбывалася i ў заходнiх раёнах Беларусi пасьля вайны. Афiцыйна, для прылiку, гэта называлася барацьбой з «частнособственническим уклоном» на шляху да камунiзму, а на самай справе было простае выкачваньне матэрыяльных i людзкiх сродкаў для разьвiцьця iндустрыi. Трэба аддаць належнае: рэдка якi рэжым у сусьветнай гiсторыi так жорстка i са смакам змагаўся з уласным народам дзеля ажыцьцяўленьня, укараненьня, умураваньня «гуманных» iдэй. Краiна стала звышдзяржавай. Пра цану не пыталiся раней, а цяпер i зусiм забылiся — найноўшая рэчаiснасьць не дае сумаваць. Як жа жылося вёсцы зь яе простым, паўсядзённым клопатам? Якiм болем аддалося «построение нового мира» ў тысячах лёсаў? Я гадаваўся пры калгасе з амаль што «чалавечым тварам», але сёе?тое пабачыў.

Дыялектыка вучыць, што супярэчнасьць — гэта рухавiк прагрэсу, нейкая плянка, каторую трэба пераўзысьцi, пераадолець, каб перайсьцi далей ў новую якасьць. Такiя супярэчнасьцi называюць нарматыўнымi, натуральна неабходнымi. Наша гаворка пра супярэчнасьцi нездаровыя, супроць натуры. Пра тое, што штурхае парой да пакут звыш усякага сэнсу.

Як прымудраўся селянiн выжываць са сваiх 30 — 40 сотак зямлi?! Там, дзе ён працаваў пасьля асноўнай работы ў калгасе, якая прыносiла толькi працаднi i капейкi. Кожны будны дзень трэба выходзiць на працу ў калгас — своеасаблiвая паншчына на карысьць фэадала?дзяржавы. Дарэчы, згодна з указам Пятра I, сяляне Расейскай iмпэрыi мусілі працаваць на гаспадара толькi тры днi на тыдзень. Калi ж гэта было? У савецкай краiне кола гiсторыi круцiлi ўзад?уперад як хацелi.

Афiцыйная статыстыка акуратна даводзiла насельнiцтву, колькi сабрана «на круг» у калгасах?саўгасах краiны, а колькi сабрана з кусочкаў, лапiкаў, шнуркоў насельнiцтву краiны ведаць было не канечне. Пра некаторыя «кусочкi» асобная размова. Частка зямлi сельскiм жыхарам давалася на калгасным полi, звычайна пасля iльну ды яшчэ ў пару пасьля таго, як сам калгас адсеецца. Селянiну дазвалялi ўрабляць дзялянку год?другi, i — пераходзь на новы ўчастак: палiвай яго потам, угнойвай, змагайся з каменьнем, пустазельлем?пырнiкам. Чытаеш у падручнiках пра гаспадарчую дзейнасьць у старажытным Эгiпце цi пры прыгонным праве, i мiжволi не?не дый просяцца параўнаньнi.

Чым кармiць i падсьцiлаць жывёлу, каб дацягнуць да вясеньняй пашы — гэтая праблема?стымул прымушала, кажучы цяперашнiм словам, круцiцца. Рэзалi на корм сечку з саломы ды бульбоўнiку — сена было, як раскоша. Шырока выкарыстоўвалi лянiшча — гэта трава, скошаная пасьля сарванага ўручную iльну. Нават сварылiся за больш зарослыя дзялкi. Яна, гэтая трава, была цi не даражэйшай за «сацыялiстычную» аплату працы.

Памятаю, як мой бацька, ды i суседзi, касiлi ля дому адразу ж пасьля таго, як прыбiралi сена ў калгас. Гэтакая своеасаблiвая «касьба пасьля касьбы». Касiлi?сенавалi ў равах, у лесе. Ды i то ня ўсюды можна — там жа вотчына лясьнiцтва. Але i тут ёсьць дзе разгарнуцца народнай фантазii. Калега на працы расказваў, што на ягонай радзiме на Палесьсi сена нарыхтоўвалі больш за 10 км ад дому, на балоце. Бяры затым сабе чвэрць (!) фуражу, астатняе — дабрадзею?калгасу, пэўна ж за дазвол касiць вельмi «спажыўную» асаку i дапамогу ў перавозцы асакi зiмой.

Саломы не хапала — касiлi аржоньне (канечне ж, з аглядкай на брыгадзiра). А зiмой даводзілася часам секчы яловыя лапкi, каб было чым падаслаць. Ну а калгасныя стагi з саломай тым часам маглi стаяць гадамi амаль некранутымi, або спальвалiся наагул.

Якая ў вёсцы гаспадарка без каровы! А як жа было ў такiх умовах адзiнокім жанчынам гадаваць сваю рагулю. А такiя былi i ёсць цi ня ў кожнай вёсцы. Колькi iх па вёсках вялiкiх i малых ва ўсёй Беларусi!

Красьцi, браць не сваё — грэшна, але зiма доўгая. Тому несьлi: посьцiлкамi, клункамi, у кiшэнях. Алешына ля самай хаты, а сьпiлуеш — аштрафуюць. I гэта пры тым, што такiя паняцьцi, як сумленьне, сорам для беларуса зусiм не вадзiца.

Кiм стаў селянiн, сельскi работнік пасьля калектывiзацыi? Кiм мог ён быць безь зямлi i сапраўдных сродкаў яе апрацоўкi? «Калхозьнікамі» сталі і ён, i ягоныя дзецi. Нешта накшталт сучаснага «лох» у моладзевым асяродзьдзi. Слова «калгасьнiк» ужывалася ў бадзёрых песьнях ды нарысах?аповесьцях пра тое, як жа добра жывецца ў нашай вёсцы. У рэальным жыцьцi быў «калхозьнiк» як процiпастаўленьне беларуска?расейска?польскiм годным назовам —»гаспадар», «аспадар», «спадар», «хозяин», «господин», «пан».

Уцiск, прынiжэньне, бяспраўе, зьнявага i страх не маглi зьнiкнуць бясьследна. Вось і далося ў знакі такое жыцьцё з двайным сэнсам халуйствам дзяцей. Звычайная сялянская памяркоўнасьць стала вульгарным скажэньнем фiлязофii непраціўленьня злу насільлем. Беларусь жа была i ёсьць самая пакорная, як нi глянь наўкола.

* * *

Лiчыце гэтыя нататкi?абразкi не за крытыку, не за бурчаньне цi, наадварот — замiлаваньне, а проста як позiрк на жыцьцё беларускiх сялян чалавека, якiх тысячы i тысячы ў нашай краiне.

Напiсаць пра вясковых дзядкоў i бабулек думаў даўно. Чагось не ставала. Не было пэўнай меткi, апоры, стрыжня. I вось знайшоўся. У адным з iнтэрвію «Известиям» Сьвятлана Алексiевiч вызначыла свае кнiгi як кнiгi «пра тое, як чалавеку застацца чалавекам у прасторы краіны?ўтопіі». Падумалася — гэта тое, што трэба. Утопiя... Сапраўды, як было жыць i застацца чалавекам у краiне, дзе «ўсё ня так, усё ня так, як трэба» (памятаеце надрыўнае Валодзi Высоцкага)? Калi ня проста жыцьцё, а жыцьцё СУПРОЦЬ. А яшчэ жыцьцё?НА КРАI, часьцяком на краi магчымага — раней, на краi, напрыканцы шляху зямнога — зараз.

Дык вось, прысьвячаю гэтыя радкi тым, чые дзiцячыя i юнацкiя гады прыйшлiся на вялiкiя зломы гiсторыi, чыё сталеньне прайшло ва ўмовах гiганцкiх сацыяльных экспэрымэнтаў. Пра ПАЖЫЛЫХ, тых, што пажылі i пражылi вой як шмат, пра тых людзей, якiя несьлi i нясуць пячаць тых доўгiх, нялёгкiх гадоў.

Для эпiграфу добра кладуцца знакамiтыя словы Багдановiча:

Народ, Беларускi Народ!
Ты цёмны, сьляпы, быццам крот.
Табою ўсягды пагарджалi,
Цябе не пускалi зь ярма
І душу тваю абакралі, —
У ёй нават мовы няма.

Гiстарычнае. 20?я — 40?я гады XX стагодзьдзя. Уявiць толькi... Беларусь без свайго ўдзелу лiтаральна разарваная памiж Польшчай i Расеяй. Тая ж Польшча затым — памiж Нямеччынай i Савецкiм Саюзам, якi, у сваю чаргу, патрапіў у зашмаргу нядаўняга палiтычнага партнэра. Без маралi, сантымэнтаў, лiтасьцi i спагады... Людзi, што жылі на гэтай тэрыторыi, трапілі ў такі вір падзей, што нават з вышынi сёньняшняга дня наўрад цi адназначна можна сказаць, як «правiльна» мусіў быў чалавек паводзiць сябе, каб захаваць жыцьцё, мець хаця б мiнiмальныя ўмовы для гэтага жыцьця, захаваць сваю годнасьць. Каб потым не «цягалi» органы, ня брыдка было перад людзьмi i ня мучыла ўласнае сумленьне. Куды i як арыентавацца, ня ведалi, i дзеля гэтага пазбаўлялiся ўсяго, аж да самага жыцьця, знакамiтыя i ўплывовыя людзi, высокiя чыноўнiкi i мiнiстры?маршалы. Наша гаворка пра людзей звычайных, зямных. Так, праца на зямлi ды добра калi некалькi клясаў школы — вось i ўсе ўнiвэрсытэты, якiя пасьпелi прайсьцi яны да пагібельных гадоў, калi давялося апынуцца ў цэнтры сутыкненьня самых пякельных за гiсторыю ўсiх часоў i народаў таталiтарных машын.

* * *

Сялянская праца. Ва ўсе часы няможна было ў вёсцы без стараннасьцi, бяз поту, бяз працы. А яна розная. Бывае натхнёная, у радасьць, з ахвотай. Непараўнальныя адчуваньнi пры сяўбе, дакопках увосень, цi касьбе, як добра косiцца. I стома тады — зусiм ня стома. Сам ня раз адчуваў гэты п’янлівы водар яднаньня зь зямлёй. Як адчувалi вы сябе, седзячы на возе з духмяным сенам.

А словы беларускiя якiя трапяткiя, ласкавыя якiя: «жыта» — ад пяшчотнага «жыць», ня рэзкае «рожь», цi кажуць яшчэ «дабро» — гэта пра збожжа, яно добрае, бо зямля аддзячыла за працу дабром... А яшчэ: «ральля», «бярэма», «пуня», «сьвежына» — цэлы россып чульлiвага, паважнага стаўленьня да працы i яе вынiкаў.

Праца — яна i цяжкая. Але ж трэба, мусiш зьбiраць ураджай i тады, калi ён ня ўдаўся, а сiлаў пакладзена столькi. Тады цяжэй удвая. А ці даводзілася вам штосьцi вельмi патрэбнае сьпешна дарабляць перад навальнiцай цi ў прыцемках? Калi ня чуеш рук?ног, а трэба «рваць», бо кроў з носу, але пасьпець. З усяе сiлы улягаць трэба i на гнаёк вясной — пустая зямля ня родзiць. Дый цi мала розных «трэба» на вёсцы.

Не было раней гiдраўлiкi на плугах — яе ролю выконвалi мужчыны?прычэпшчыкi. Некалькi гадоў такой працы — i можаш разьлiчваць на «букет» захворваньняў. Трактарысты, каторыя гадамi развозiлi без усялякiх прыстасаваньняў амiяк па палёх, таксама не выглядаюць у старасьцi асаблiва бадзёра. Увогуле, стваральнiкi тагачаснай тэхнiкi мала дбалi пра чалавека.

Як гэта прыгожа, паэтычна, мэлядычна гучыць: «Ой i мяла Ўльянiца лянок...» А ці вы мялiцу ў справе бачылi? А калi iх некалькi паставiць у малым памяшканьнi! I так цэлы дзень, кожны дзень узiмку жанчыны?калгасьнiцы, стоячы ля машыны, каторая выкiдвала пыл?кастрыцу, на тых мялiцах даводзiлi да вышэйшага гатунку сыравiну для iльнозаводаў. Прадпрыемствы потым выпускалi прыгожыя сувэнiры?ручнiкi...

Цi бясконцыя праполкi. Бацькам дапамагалi дзецi, пачынаючы з дашкольных гадоў. Ведаю людзей, якiм давялося прысутнiчаць на барацьбе з пустазельлем у пялюшках — не было з кiм пакiнуць немаўлят. Навошта тая тэхнiка — хапала рук. Спрацаваных, стомленых дарослых; сьвежых, яшчэ наiўных рук дзiцячых...

Але праца зь зямелькай, чыстая прырода, вясковы водар рабiлi сваю добрую справу зь юнымi душамi. Сапраўды, вясковыя дзецi — гэта шчырасьць, прастата, кемлiвасць, асаблiвы сьвет... Гэтаму не навучыш; такое засвойваецца, ухлынаецца нутром, натуральна чэрпаецца з асяродзьдзя.

З уладай, той уладай, якая была побач, местачковай, адносiны былi спэцыфiчныя. Яна патрабавала працаднi, а яшчэ малако i мяса з таго кавалачка «дарованай» зямлi, з падворка.

Чалавек павiнен быў выконваць, даваць, а зь іншага боку прасiць (каня, хоць бы трохi болей зямлi i г.д.) i, урэшце, — палучаць: «працэнты» для ўкосу, тое ж дабро. Нават заробак называўся «палучкай». Ну, i канечне ж, бясконцыя «нельга»: больш адной каровы, лiшнi мэтар зямлi. Нават хату вясковец павiнен паставiць быў там, дзе ўваб’юць калочкi. Якiя толькi мэнкi не прыдуманыя былi як бы знарок, каб «прышчамiць» чалавека, закабалiць гаспадарчую iнiцыятыву i сялянскую жылку. Памiж спамянутымi «суб’ектамi гаспадараньня» была сапраўдная «сьмехапанарама» ў выглядзе сельсавету i праўленьня калгасу.

З уладай, якая была далёка i высока, адносiны былi мiнiмальныя, цяпер бы сказалi — вiртуальныя. Яна праз сродкi масавай iнфармацыi апавядала пра посьпехi «союза нерушимых республик свободных», а падданае насельнiцтва пэрыядычна «ўдзельнiчала» ў волевыяўленнi «адзiнага блёку камунiстаў i беспартыйных».

І як жа ўраз, лiтаральна за некалькi дзён, ссохлi сялянскiя зьберажэньнi пасьля вярхоўных рэформаў на пачатку 90?х гадоў. Менавіта нажытае нялёгкай працай сваёй i зьберажонае. А хто пытаўся? «Пагарэлi» i больш дасьцiпныя, што гаварыць пра iх, прыземленых, прыстарэлых, недасьведчаных. Клясычнае купалаўскае «бо я мужык, дурны мужык» як найлепш тут дарэчы. Пайшлi ў пясок надзеi?спадзяваньнi, апошнiя iлюзii наконт надзейнасьцi сацыялiстычнай дзяржавы. Адным з галоўных пастулятаў жыцьця станавiўся прынцып «кожны памiрае сам?адзін». Найлепей сталi памiраць байцы армii новых багачоў, што неяк ненавязьліва распладзiлiся тут i там.

* * *

Верыць у Бога ў адкрытую было нельга, вера называлася цемрашальствам. Вельмi заахвочвалася другая вера — у сьветлае будучае, а моладзевыя газэты, збольшага даўшы рады фiзыкам?лiрыкам, ламілi галаву над вельмi злабадзённым пытаньнем: «Есть ли в жизни место подвигу?»

А яны верылi... Верылi нават, калi храмы заставалiся хiба што ў райцэнтрах. Верылi i як маглi вучылi веры, калi дзецям iх верыць сувора забаранялася. Гэта цяпер ледзь ня кожны начальнiк лiчыць абавязкам публiчна абабiць сабе галаву ля абраза. Тады было iнакш, «не было такой моды». I вера была больш шчырая i чыстая.

Вера была як сымбаль нескаронасьцi, як абарона, як надзея на лепшае, на заступніцтва i вышэйшую справядлiвасьць. Усявышнi мае ўладу над стыхiямi прыроды i людзьмi, якія прыбралі ўладу. Гэта там, у Эўропе, самымi аўтарытэтнымi iнстанцыямi лiчацца дзяржаўныя iнстытуты. У нас жа, выбачайце за калямбур, па?ранейшаму — вера, надзея, любоў.

Вера верай, а даводзілася працаваць i на рэлiгiйныя сьвяты — «хай Бог выбачае», бо iнакш калi? Недатыкальныя былi толькi найбольш важныя, гадавыя сьвяты.

* * *

Была на нашым радыё добрая ў прафэсiйным i душэўным сэнсе перадача «Жадаю Вам». Шмат год гучалi ў ёй вiншаваньнi пажылым людзям, i з кожным годам узроставы цэнз iмянiньнiкаў павышаўся. Яны, названыя i безыменныя, выжылi ў сваёй бацькаўшчыне, хоць яна трымала iх парой як за чужынцаў i была часам болей айчымам, чым бацькам. Засталiся людзьмi, перадалi, як маглi, парой наiўна, па?вясковаму проста, навобмацак, дабро i цяпло сэрцаў сваiх дзецям, унукам, блiзкiм. Як ні круцi, а беларусаў заслужана паважалі i паважаюць далёка за межамi нашай краiны як добрых работнікаў i добрых людзей. Хто скажа, што ў нашым краi дрэнь людзi?!

Сэнсам жыцьця iхняга ў такiх умовах станавiлiся дзецi. «Каб выйшлi ў людзi, а не капалiся ў гразi». I пайшлi сыны i дочкi вясковыя — здаровыя, разумныя, гаспадарлiвыя — на будоўлi, заводы, установы. «Ад родных нiў, ад роднай хаты», — на гарадзкi брук?асфальт. А бацькам засталося адно — дажываць, падтрымлiваючы нам масткi да адвечнага, да зямлi роднай, да каранёў, ну i да сяго?таго з харчоў. Згадайце нашы прыгарадныя цягнiкi i аўтобусы ў выхадныя днi.

А яшчэ — унукi i ўнучкi. Iх любяць i песьцяць больш, чым дзяцей. Хто, як нi дзядуля i бабуля, могуць акрэсьлiць мудрасьць жыцьця ўласным прыкладам, цi то словам, цi хоць iнтанацыяй.

* * *

Гранiчнае становiшча — неад’емная частка грамадзкага i асобаснага iснаваньня. Што б мы нi рабiлi, мы ўпiраемся ў нейкую гранiчную мяжу. У сацыяльных тэорыях сьцьвярджаецца, што калi ў якiм?небудзь працэсе дасягнутая мяжа, то трэба зьмянiць напрамак намаганьняў, можа, характар намаганьняў, цi мусiш спынiцца ў сваiм руху. Па меры прыблiжэньня да мяжы выдаткі, зьвязаныя з далейшай дынамiкай, рэзка ўзрастаюць. Сыстэма гаспадараньня ў вёсцы падышла да мяжы! Нават у афiцыйных беларускiх СМI часам у дачыненьні да вёскi, да сельскай гаспадаркi выкарыстоўваецца суворы тэрмiн?дыягназ «дэградацыя». Вялiкая колькасьць калгасаў дыхае ведама на што. Можна з дапамогай «адмiнiстрацыйнага рэсурсу» (да прыкладу, «навесiць» небараку?калгас на прадпрыемства) выцiснуць, выбiць якi лiшнi дзясятак тон зерня, тону?другую мяса, выдаiць?выцягнуць з гэтых гаротных кароў дадатковы лiтар малака. Можна шчэ год?другi паганяць тэхнiку, якая даўно ўжо адпрацавала сваё, прымусiць да працы людзей, якiя яшчэ рухаюцца. Няўжо не зразумела, што ўсе гэтыя посьпехi маюць несувымерна высокую цану? У далёкiх i ня надта далёкiх краiнах вырабляюць сельскагаспадарчай прадукцыi шматкроць болей i з затратамi, меншымi ў шмат разоў.

Чалавек здатны на многае. Наш чалавек можа жыць за граньню магчымага, а ля гранi — дык колькi хочаш. Мы да многага прызвычаiлiся. Але, як кажуць пажылыя людзi, «некалi ж канец будзе!» Думаць пра дамы, дарогi i людзей ў вёсцы сталi запозьнена — большую частку маладой элiты i хоць чагось вартых зь вёскi забраў горад. Што будзе далей? Застануцца сярод вёсак?засьценкаў i вёсак?прывiдаў аазiсы ў выглядзе цэнтральных сядзiб калгасаў — гэтакiя фарпосты цывiлiзацыi («цэнтралы», «рэабiлiтацыйныя адстойнiкi» для часовага прытулку сэзоннай рабочай сiлы з гарадоў). Хто там будзе жыць стала? Пэўна ж, фэадальна?калгасная арыстакратыя, слой чыноўнiкаў i работнiкаў сфэры жыцьцезабесьпячэньня, можа, якiя «вясковыя тыгры» (фэрмэры?прыватнiкi, гаспадарлiвыя шофэры?мэханiзатары), ну i вясковыя люмпэны — новая нiша ў сацыяльным малюнку вёскi. Як iнакш назваць малойцаў, што гуртуюцца днём у вiдных месцах, а ў цёмны час шчупаюць чужыя курнiкi. Дажылiся да такога праз дваццаць вякоў ад пачатку нашай эры...

Мiж тым вёска, наша добрая старая вёска «людзей зямлi» памiрае. Вынесьцi труну на могiлкi — гэта праблема! На кампутарна?тэхнакратычным фоне як у вытворчых, так i ў чалавечых адносiнах, ды яшчэ ў геаграфiчным цэнтры Эўропы, бабулька, што корпаецца ў бульбе, i дзед з касой на ўзьмежку сапраўды выглядаюць нейкiмi фалiянтамi... Быццам апошнiя магiкане, ахоўнікі ТОЙ вёскi.

* * *

Старасьць. Старажытны фiлёзаф зазначыў: «Цяжка быць беражлiвым, калi засталося на дне». Але ж... Цi бачылi вы вочы дзядоў, якiя выкупiлi коней, змаглi ўзяць зямлi ўдосталь у 90?я гады мiнулага стагодзьдзя, калі ўжо афiцыйна яны былі пэнсiянэрамi?! Цi бачылi вы гэту неўдаваную радасьць, гонар — лебядзiную песьню з сумнай сiвiзной на скронях. Праз паўстагодзьдзя яны ажылi i зноў сталi гаспадарамi, фактычна незалежнымi ад калгасаў? манапалiстаў на жыцьцё ў вёсцы. Мой дзядзька, па?залiхвацку праяжджаючы паўзь вёску, з гумарам цiха гаварыў: «Гэта не са мной здароваюцца, а з канём!» Загнаныя дзесяцiгодзьдзямi ў кут, яны змаглi расправiць свае ўжо старэчыя плечы. Цi ня тут разгадка маiх даўнейшых пытаньняў!

Сiла прывычкi, патрэба працаваць. Хоць сiлы ўжо ня тыя. Прывычка да паўсядзённай працы на вёсцы ёсьць неад’емным атрыбутам асобы. Да прыкладу, дырэктар салiднага прадпрыемства краiны кожны год едзе да бацькi амаль праз усю Беларусь садзiць?выбiраць бульбачку. Пры гэтым стары ўпарта адмаўляецца ад гатовай. Дзе там! Неяк я пачаў гаварыць знаёмай мэдсястры аб тым, што сельскiм жыхарам прыходзiцца на старасьцi больш працаваць, чым гарадзкiм. Адказ быў наколькi нечаканым, настолькi слушным: «Можа, таму яны болей i жывуць?»

Сыходзяць у зямлю па?рознаму: хто да часу, хто мо й болей адмеранага на небе. Парой i значна — вёска ж неяк павiнна жыць, а зьмены няма або надта рэдзенькая. А паглядзеце, колькi недарэчных сьмярцей, суiцыдаў сярод моладзi i сярэдняга пакаленьня. Старыя вяскоўцы iншага гарту. Але ж i яны ня вечныя. Яны — як апошняе прыкрыцьцё, сотнi i сотні жывых чалавечых астраўкоў на абсягах нашай стараны. А калi i адыходзяць у сьвет іншы, то звычайна таму, што стамiлiся ўжо несьцi крыж зямны.

Жывое імкнецца да жыцьця. Трава прабiваецца нават праз асфальт i брук.

Застаўся лапiк бруку i ў вёсцы майго дзяцiнства — у старажытным Гарадку, што на Маладачаншчыне. Для iх, старых, — гэта знак дзяцiнства i юнацтва, абпаленага вайной i пасьляваеннымi выпрабаваньнямi. А зараз — гэта просты знак, iндыкацыя жыцьця. Чаму? Травы мiж старых камянёў прарастае з гадамi болей — хадакоў i падарожных становiцца ўсё меней. Гэтым брукам рухаюцца яны i ў шлях апошнi...

Вядома, ня ўсюды было так, як я тут акрэсьлiў: дзе болей, дзе меней, дзе багацей, дзе бядней. Бывалi сьвяты, нават і вялiкiя сьвяты i на вясковых вулiцах. Але ж было, было тое, чаго ня выкрасьлiш, ня вырвеш жыўцом зь нялёгкага лёсу гэтых людзей. Бо зраслося, бо сваё.

Напрыканцы згадаем i другую частку таго верша пра беларускi народ:

Збудзiўшысь ад грознай бяды,
Ўвесь поўны сьмяротнай жуды,
Ты крыкнуць ня вольны:
«Ратуйце!»
I мусiш ты «Дзякуй» крычаць.
Пачуйце жа гэта, пачуйце,
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!..

Так трапна i празорча напiсаў наш малады клясык аж у 1913 годзе!

Сапраўды таленавiтым словам ня трэба камэнтару.

Але, людцы мiлыя! Схiлiм голаў перад гэтымi людзьмi, iх працавiтасьцю, стойкасьцю, дабрынёй, жыцьцялюбствам!

Яны застаюцца тут назаўсёды.

Далей пойдуць iншыя. Трэба ж, каб было будучае, не павiнны прапасьцi дарма пакуты i подзьвiгi, страты i спадзяваньнi гэтых людзей зямлi беларускай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?