Пасольства ЗША ў Беларусі расчараванае рашэннем беларускіх уладаў адмовіцца ад удзелу ў праекце па замене высокаабагачанага ўрану і праграмы MBA. Гэтае рашэнне «дзейнічае выключна ва ўрон беларускаму народу і яшчэ больш аддаляе Беларусь ад шырокай еўрапейскай і міжнароднай супольнасці»,
гаворыцца ў заяве пасольства ЗША ў Беларусі, якую дыпмісія распаўсюдзіла 23 жніўня.

«Мы спадзяемся, што Беларусь збіраецца ажыццявіць свае намеры ліквідаваць усе запасы высокаабагачанага ўрану. Гэта адказнае рашэнне і ўнёсак у глабальную бяспеку, — адзначаецца ў заяве. — Праграма МВА, якую мы распрацавалі ў партнёрстве з латвійскім і беларускім урадамі, ставіла на мэце ўпершыню прадаставіць беларусам магчымасць атрымаць у Беларусі магістарскую ступень у бізнес-адміністраванні ў межах праграмы на англійскай мове з міжнароднай акрэдытацыяй».

Як адзначаецца ў заяве, праграма МВА дазволіла б «зрабіць прыватныя беларускія кампаніі больш канкурэнтаздольнымі ў глабальным кантэксце, а таксама зрабіць беларускую рабочую сілу больш прывабнай для замежных інвестараў». Заняткі па гэтай праграме павінны былі пачацца гэтай восенню.

У заяве адзначаецца, што палітыка ЗША адносна Беларусі застаецца нязменнай.

«Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
1 снежня 2010 года ў Астане ўрад Беларусі прызнаў, што большая павага дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральнай тэмай у пытанні паляпшэння двухбаковых адносінаў і з’яўляецца жыццёва важным для развіцця краіны і яе грамадзян. На жаль, з тых пор сітуацыя ашаламляльна пагоршылася. Няспынны пераслед і ўтрыманне ў турме палітычных зняволеных вымусілі ЗША ўвесці дадатковыя санкцыі ў жніўні», — гаворыцца ў заяве.

***

11 жніўня гэтага года Міністэрства фінансаў ЗША ў сувязі з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвяло санкцыі адносна чатырох беларускіх прадпрыемстваў — «Нафтана», «Гродна Азота», «Гродна Хімвалакна» і «Белшыны». Грамадзянам ЗША забаронена ўдзельнічаць у камерцыйных або фінансавых здзелках з гэтымі кампаніямі, а любыя іх магчымыя актывы пад юрысдыкцыяй ЗША замарожваюцца.

У адказ на санкцыі МЗС Беларусі заявіла, што прынята рашэнне аб замарожванні сумесных з ЗША праектаў па абмене высокаабагачанага ядзернага паліва ў межах ініцыятывы па зніжэнні глабальнай пагрозы Міністэрства энергетыкі ЗША, а таксама па стварэнні праграмы МБА пры БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?