Гурт «Крама» прэзэнтуе песню «Дзякуй богу, мы ідзем дамоў»
 — першы твор, запісаны пасьля выхаду ў 2007 годзе альбома «Усё жыццё дзіўны сон». Лідар гурта Ігар Варашкевіч кажа, што чуткі пра спыненне дзейнасці «Крамы» моцна перабольшаныя, але сваё 20-годдзе, якое прыпадае на канец года, музыканты адзначаць пэўна не збіраюцца.

За напісанне новых песень Ігар Варашкевіч узяўся адразу пасьля выхаду апошняга альбома «Крамы» ў 2007 годзе. За гэты час

музыка напісаў ля двух дзясяткаў песень. Меркавалася, што яны ўвойдуць у яго сольны праект Los Bulbos, бо былі стылістычна розныя, а да ўсяго напісаныя на розных мовах. Ігар іх выканаў ня толькі па-беларуску, але па-румынску, па-эстонску, па-нямецку, па-вугорску.
Праект так і не пабачыў свет, але адну зь песень вырашана было зрабіць і для новага «крамаўскага» дыска.

«Як правіла, усе творы ў мяне пачынаюцца з напісаньня музыкі, — кажа Ігар. — І вось пад прыдуманую музыку прыйшлі да галавы мне словы прыпеву, а Зміцер Лукашук напісаў асноўную частку тэксту. Неаднойчы мы выконвалі яе на сваіх канцэртах і ўрэшце дапрацавалі ў студыі. Мы заўжды так павольна працуем, бо маем высокія патрабаванні».

Цалкам верагодна, што новы альбом «Крамы» мы зможам пачуць ужо сёлета, дыск гатовы практычна на 50%. Тым больш гэта было б сімвалічна, бо пры канцы года гурт спраўляе 20-годдзе дзейнасці. Але, выглядае на тое, што ані альбому, ані святочнага канцэрту з гэтай нагоды не будзе. Як прызнаецца Ігар, і ён асабіста, і яго каманда

«ўвайшлі ў нейкі ступар пасля падзеяў 19 снежня».
І лічыць, што за арганізацыю выступу няма чаго і брацца, хоць на выходных яго гурт сыграў у вялікім канцэрце, прысвечаным 20-годдзю аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М»: «Я летась і 50-годдзе не святкаваў. І 20-годдзе гурта не будзем адзначаць. Калі рабіць, дык хацелася б усё прыгожа зладзіць. А 
чаго лезці з сольным канцэртам, калі ты да апошняга не будзеш ведаць: ці дазволяць?» — кажа Ігар.

Тым не менш, «Крама» мае намер працягваць працу ў студыі. І яшчэ неаднойчы парадаваць сваіх прыхільнікаў прэм’ерамі.

Спампаваць песню можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?