13.00–13.42
Зачытваецца наступны пратакол допыту Канавалава ў часе следства.

13.04.2011 (другі пратакол допыту за гэты дзень). Допыт праводзіў намеснік генпракурора Швед.

Па стане здароўя Канавалаў папрасіў перанесці допыт. Прычына?

«Дрэннае самаадчуванне. Усё баліць, бо піў гарэлку». Допыт прыпынены, а пасля агляду медыкам адноўлены.

«Я прынёс сумку. Устанавіў і зрабіў падрыў выбухоўкі на пероне». «Я гэта зрабіў адзін» — «Для чаго?» «Для дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне». «Навошта?» — «Пасеяць паніку і страх».

Рэчыва для выбухоўкі Канавалаў зрабіў шляхам сплаўлення аміячнай салетры з утрапінам.

«Для чаго вам патрэбна была дэстабілізацыя?» — «Нічога асабістага, ніякіх крыўдаў. Я не буду адказваць на пытанне».

«Для чаго выкарысталі такую вялікую выбухоўку?» — «Для максімальнага паражаючага эфекта». — «Вы ставілі за мэту забіць як мага больш людзей?» — «Так».

Ад 14 да 17 мм былі шарыкі, якія Канавалаў выкарыстоўваў у выбухоўцы. Сорак такіх шарыкаў узяў на працы.

Падчас пераходу з «Купалаўскай» на «Кастрычніцкую» 11 красавіка 2011 Канавалаў прывёў у баявы стан выбухоўку. Для гэтага трэ было злучыць правады.

Абвешчаны перапынак да 14.45.

12.40–12.59

Адвакат Канавалава заявіў, што ў пратаколе допыту запісана ў форме вольнага апавядання. На відэа — усё ў дыялогу. На відэа не адлюстравана, на якое абсталяванне зроблены запіс. Перад пачаткам відэа не зроблена папярэджанне Канавалаву, што вядзецца відэаздымка. Суддзя не дазволіў выказацца абодвум адвакатам да канца. Маўляў, будуць спрэчкі яшчэ, тады могуць усё выказаць.

Зачытваецца чарговы пратакол допыту Канавалава на папярэднім следстве.

Пытаюцца пра выбух у пад’ездзе, падвал гумовага дыванка ў пад’ездзе ў 2001 годзе.

У гэтым пратаколе Канавалаў сказаў, што па прыездзе 10 красавіка 2011 года ў Мінск Дзмітрый паведаміў Кавалёву, што ў сумцы выбухоўка. На вуліцы Кавалёў зазірнуў у торбу. Выбухоўка была накрыта падарункавай абгорткай. На выпадак, калі Канавалава спынілі б міліцыянты. Маўляў, падарунак вязе.

Падчас піцця гарэлкі на здымнай кватэры 10 красавіка Канавалаў паказаў кнопку, з дапамогай якой збіраўся здзейсніць выбух. Кавалёў пачаў ціскаць на яе, нават не спытаўшыся, ці не падлучана яна.

Пасля паехаў агледзецца ў метро. Найлепшае месца выбраў пад лавай, дзе ў выніку і паставіў пасля выбухоўку. Канавалаў не стаў тлумачыць, чаму ён працгялы час хадзіў па пероне станцыі «Кастрычніцкая» перад камерамі, хаця ведаў пра іх.

На 20.00 10 красавіка была прызначана сустрэча з Яняй Пачыцкай.

Канавалаў заявіў, што 11 красавіка ўжо не піў спіртнога. Калі Канавалаў падышоў да сумкі, да яго падышоў і Кавалёў. Апошні бачыў, як Канавалаў падключаў драты. У гэты момант зазірнула Пачыцкая. Канавалаў сказаў, каб яна выйшла. Яна паслухала. «Кавалёў мне пажадаў поспеху. Улад мяне не адгаворваў не ўзрываць станцыі».

Чаму раней Канавалаў казаў, што Кавалёў не ведаў пра выбухоўку? «Спецыяльна выгароджваў Кавалёва», каб сябра не прыцягнулі да адказнасці. Расказваць пачаў толькі таму, што сам Кавалёў пачаў расказваць пра гэта. Калі б Кавалёў маўчаў, па словах Канавалава, ён бы сам не выдаў. Пра паказанні Кавалёва Канавалаў даведаўся з выпісак яго допытаў і на вочнай стаўцы.

11.11–12.39
Пачаўся допыт Канавалава. Ён адмовіўся даваць паказанні. Прычыну патлумачыў мінімальна — «карыстаецца сваім правам» не даваць паказанняў супраць сябе.

Агалошваюцца паказанні Канавалава на папярэднім следстве. Канавалаў адразу адмовіўся адказваць на пытанні і пасля агалошвання яго ранейшых паказанняў.

З паказанняў Канавалава 13.04.2011, зачытваецца ў судзе.

Каля 17.00 11 красавіка Дзмітрый спусціўся ў метро на станцыі «Фрунзенская». Даехаў да «Купалаўскай», перайшоў на «Кастрычніцкую». Паставіў пад адной з лавак сумку з выбухоўкай.

Для выбухоўкі купіў у Віцебску пяць пакетаў па 2 кг салетры і іншыя рэчывы. Зрабіў выбухоўку ў сябе на віцебскай кватэры за 3 дні.

Схему для выбухоўкі знайшоў у інтэрнэце. На якім сайце, не памятае.

Прызнае, што 3 ліпеня 2008 года здзейсніў выбух у Мінску. Спачатку заклаў адну выбухоўку. Пасля вярнуўся на здымную кватэру, узяў другую выбухоўку і ўсталяваў.

Прызнае, што ў Віцебску здзейсніў выбухі. Мэта — дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне.

Дэманструецца відэа з зачытанага допыту.

Голас Канавалава на відэа ціхі, невыразны.

Адмовіўся ад бясплатнай юрыдычнай кансультацыі да пачатку допыту.

Пра 11 красавіка 2011 года расказвае як пад дыктоўку — з вялікімі паўзамі як завучаны тэкст. Расказвае мала, апускаючы падрабязнасці. Прыехаў з выбухоўкай. Сеў у метро. Даехаў да станцыі «Кастрычніцкая». Паклаў сумку каля лаўкі. «І здзейсніў выбух». «Якім чынам?» — «Націснуў на кнопку».

З чаго складалася выбуховае прыстасаванне, якім чынам прывадзілася ў дзеянне, дзе ўзялі кампаненты?» «Купіў у краме салетру (на вуліцы 30-й Арміі)…" Металічныя шарыкі, жалезная арматура, цвікі таксама ўваходзілі ў склад выбухоўкі. Набываў іх у краме будматэрыялаў (дзе знаходзіцца крама — не памятае). «Вырабляў сам выбухоўку. З мэтай здзяйснення выбуху». — «Чаму ўзнікла такое жаданне?» — «Для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь».

Па тэлефоне 9 красавіка Канавалаў не казаў Кавалёву пра мэту прыезду ў Мінск.

10 красавіка прыехаў на цягніку Віцебск-Мінск, прыбыццём 10.53. Сустрэў «сябар Улад». Пасля паехалі зняць кватэру. На кватэру прыйшла сяброўка Яня Пачыцкая. Пазнаёміліся праз Вконтакте. Распівалі спіртное. Яна прыехала адна. Схадзілі ў краму. Купілі спіртное і пайшлі на кватэру. Пачалі выпіваць. Пасля ляглі спаць.

Яна бачыла сумку, з якой прыехаў Канавалаў. Пра яе начынне дзяўчына не ведала. Яна і Уладзіслаў не пыталіся, што ў сумцы. І сам Канавалаў нічога не казаў (на допыце на папярэднім следстве Кавалёў заявіў, што Канавалаў яшчэ на вакзале сказаў, што прывёз выбухоўку. Гэтыя паказанні, па заяве Кавалёва, былі дадзены ім пад ціскам).

(У мове Канавалава на відэазапісе прысутнічаюць казённыя выразы, неўласцівыя звычайнай гаворцы рабочага, такія як «распіваць спіртныя напоі», «дэстабілізацыя абстаноўкі», «выбуховае прыстасаванне». Па некалькі разоў расказвае адно і тое ж, не раскрываючы дэталяў.)
Каля 17-й гадзіны 11 красавіка зайшоў на станцыю «Фрунзенская». Даехаў да «Купалаўскай». Спусціўся на другую лінію — на станцыю «Кастрычніцкая». Ехаў з мэтай здзейсніць выбух. «Чаму выбралі гэту станцыю?» — «На ёй было больш людзей».

Схему для выбухоўкі знайшоў месяцы за два да выбуху. На якім сайце, не памятае. «Разумеў, што рабіў». — «Для чаго?» — «Для дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь».

«Ці здзяйсняў іншыя злачынствы?» — «Здзейсніў выбух на Дзень Незалежнасці».

Прыйшоў на свята каля 23-й гадзіны 3 ліпеня 2008 года. Заклаў выбухоўку насупраць гатэля «Планета». Паставіў будзільнік у выбухоўку. Пасля чаго адышоў. На выбухоўцы быў тумблер, які запускае гадзіннік. Выбух павінен быў адбыцца праз дзесяць хвілін. Пасля пайшоў на кватэру па другую выбухоўку. Усталяваў насупраць стэлы, праз дарогу ад першай. «Чаму адразу дзве не ўзяў?» — «Было складана пранесці». Выбухоўкі былі аднолькава выраблены, розніліся толькі вагой.

Заявіў, што здзейсніў два выбухі ў Віцебску. Першы выбух — на прапынку грамадскага транспарту. Прынёс на прыпынак бляшанку ад піва, у якой была дыперакіс ацэтону, самарэзы, «паражаючыя элементы». Схему для выбухоўкі знайшоў у інтэрнэце. «З якой мэтай здзяйснялі?» — «Каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Віцебску».

11.00–11.11

Чацвёрты дзень судовага працэсу па справе Канавалава-Кавалёва.

Людзей, як і ў папярэдні дзень мала.

Пытанні Кавалёву задае суддзя. Уладзіслаў не ведае, якія мэтыў жыцці ставіць.

Суддзя: Пра якія эпізоды з абвінавачванняў Канавалаву вы дакладна ведаеце і ў якіх удзельнічаў разам з Канавалавым? — Удзельнічалі ва ўзрыванні шкла ў 2002 годзе.

Кавалёў сказаў, што быў выпадак, калі Канавалаў парэзаў сабе вены. 2007 ці 2008 год. Пазваніў Кавалёву. Уладзіслаў прыехаў да яго. Перавязалі рукі. На наступны дзень схадзілі да хірурга.

Зачытваюцца паказанні Кавалёва на папярэднім следстве, 23.04.2011 (следчы Варонін).

* * *

Дзмітрыю Канавалаву прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні тэрарызму, які ў тым ліку пацягнуў чалавечыя ахвяры, прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмыснага знішчэння і пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.

Уладзіславу Кавалёву прад’яўлена абвінавачанне ў саўдзеле ў форме дапамагання і ўчыненні тэрарызму, учыненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў, укрывальніцтве асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, і неданясенні аб учыненых і падрыхтоўцы асабліва цяжкіх злачынстваў.

Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метро адбыўся 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Як паведаміў журналістам 1 жніўня намеснік генпракурора — начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед, Кавалёву інкрымінуецца больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасці, Канавалаву — 30. У працэсе расследавання крымінальнай справы, аперытыўна-вышуковых мерапрыемстваў не было выяўлена ўскосных сведчанняў таго, што за спіной абвінавачваных стаялі якія-небудзь спонсары або заказчыкі. «Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна», — сказаў Швед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?