У аўторак быў затрыманы бацька Інэсы Крутой, пацярпелай у часе выбуху ў метро. У першы дзень суда па справе тэрактаў Аляксандр Круты хадайнічаў пра адмену смяротнага пакарання. Яго абвінавацілі ў хуліганстве.

Аляксандр Круты — адзін з асуджаных за абразу Лукашэнкі. Крымінальную справу паводле арт. 368 КК распачалі ў маі 2003 г. На той момант ён жыў у Нясвіжы, займаўся праваабарончай дзейнасцю. Пасля завядзення справы яго адпусцілі пад распіску. Ён з’ехаў у Мінск, дзе знаходзіўся да восені 2007 года. Ён быў ізноў затрыманы і змешчаны ў жодзінскае СІЗА.

24 студзеня 2008 года суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Крутога вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі. Але з-за адсутнасці вялікай пагрозы для грамадства яго вызвалілі ад адказнасці і спынілі справу. Аднак, дамоў ён патрапіў не адразу.

У часе следства праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая выявіла ў Крутога паранаідальную шызафрэнію. Замест вызвалення яго накіравалі на лячэнне ў рэспубліканскі псіхіятрычны шпіталь у Навінках.

У лютым 2008 года судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда адмяніла пастанову суда Нясвіжскага раёна і адмяніла вытворчасць па справе Крутога.

У свой час Аляксандр Круты, фізік па адукацыі, працаваў на Міністэрства абароны, потым стаў прадпрымальнікам.

«Гэта бескампрамісны і валявы чалавек, меў вялікі архіў дакументаў, бо не прапускаў ніводнага выпадку парушэння правоў сваіх землякоў» — характарызаваў у 2007 годзе Крутога грамадскі актывіст з Нясвіжа Алесь Язвінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?