У мінулую нядзелю ў вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёна адбылося вялікае свята. Тут з удзелам Філарэта, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі, асвяцілі праваслаўны храм, будоўлю якога фінансавала ўраджэнка з гэтай вёскі, бізнэс-лэдзі Настасся Асіціс.

Яна таксама з’яўляецца кіраўніком дабрачыннага фонду Роўнаапостальскіх Канстанціна і Алены. Дарэчы, гэта першы ў раёне храм, які цалкам пабудаваны з нуля пры дапамозе мецэнатаў. Яго ўнікальнасць у тым, што тут цяпер ёсць частка дрэва Крыжа Гасподняга, якую мецэнаты купілі на аўкцыёне і падарылі вясковаму храму. Як высветлілася, на тэрыторыі былога СССР часткі дрэва ёсць толькі ў храмах на тэрыторыі Крамля. У раёне цяпер усяго дзевяць храмаў. Падарылі храму і іконы з часткай мошчаў свяціцеля Феафана.

У вёсцы Бычыха, якая мае статус аграрнага гарадка, каля тысячы жыхароў, а на тэрыторыі сельскага савета — больш як 1,5 тысячы чалавек. У вёсцы ёсць школа, ФАП, клуб, а цяпер і царква. Цікава, што Бычыха ўваходзіць у так званы «паўночны пояс» Беларусі. І тут зімой рэкордны мароз. Да з’яўлення храма некаторыя мясцовыя вернікі на службы ездзілі ў суседнія вёскі.

Карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з Настассяй Асіціс.

— Гэта першы ў Беларусі храм, будаўніцтва якога мы цалкам фінансавалі. Ён будаваўся амаль два гады інтэрнацыянальнай камандай майстроў — з Беларусі, Украіны, Расіі. Праект храма распрацаваў маскоўскі архітэктар. Храм пабудаваны на месцы, дзе калісьці знаходзіўся дом маёй бабулі. Калі яна памерла, дом прадалі, потым гэтае месца больш за трыццаць гадоў нікому не было патрэбным. А месца вельмі зручнае, дарога побач… Мае бабуля і дзядуля шчыра верылі ў Бога. Наколькі я ведаю, раней тут у вёсцы наогул не было храма. Памятаю, у савецкія гады, каб кулічы асвяціць, трэба было з вёскі ехаць у Расію, — расказвае яна. — Я вырашыла пабудаваць тут храм. У гэтай вёсцы я скончыла школу, потым звязала свой лёс з сувяззю. Я люблю сваю прафесію, лічу, што работа менавіта ў гэтай галіне — маё пакліканне. Пасля школы вучылася ў Віцебскім каледжы сувязі, потым — у ленінградскім інстытуце. Цяпер жыву ў Маскве. Мой бізнэс — гэта ўсё, што звязана з сувяззю: і тэлефоны, і інтэрнэт… Ніколі не страчвала сувязі з Радзімай.

Спадарыня Асіціс, сказала, што раней і не планавала будаваць храмы і дапамагаць у іх узвядзенні. А гадоў дзесяць таму зразумела: за ўсё тое, што атрымала ад жыцця, трэба нешта зрабіць для людзей, малой Радзімы. Спачатку яны разам з дачкой прынеслі ў дар знакамітаму беларускаму храму Усіх Святых звон, потым у Мінску дапамаглі будаваць храм.

Землякі, безумоўна, вельмі ўдзячныя ёй. Яе аднакласнік Мікалай Паўлаў, які і цяпер жыве ў гэтай вёсцы, успомніў, што Насця вельмі добра вучылася, была першай прыгажуняй, вельмі выхаванай дзяўчынкай. Школу яны скончылі ў 1966 годзе.

І цяпер у вёсцы жывуць сваякі Настассі Асіціс, так што яна для вяскоўцаў — заўсёды свая. Побач з храмам — дом яе бацькоў.

Дзятве вельмі спадабалася дзіцячая пляцоўка каля храма. Святар, айцец Аляксей, заслужыў аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў. Вельмі просяць, каб застаўся ў вёсцы служыць у храме надалей, бо баяцца, што вернецца ў мінскую епархію. Цікава было пачуць ад людзей, што хлопчык, які цяпер дапамагае святару, аказваецца, былы хуліган. Святар станоўча паўплываў не толькі на яго.

— Сёння, узносячы свае малітвы да Госпада, мы ўспамінаем жыццё і подзвігі гэтай дзіўнай святой, у гонар якой адбудаваны гэты храм, — адзначыў, звяртаючыся да прыхаджан, мітрапаліт Філарэт. — Яна жыла ў чацвёртым стагоддзі і атрымала славу бязмежным клопатам пра блізкіх сваіх. Яна заўсёды знаходзіла магчымасць дапамагчы тым, каму, на першы погляд, дапамагчы было немагчыма. Святая Анастасія, рызыкуючы сваім жыццём, дапамагала вернікам, тым, хто апынуўся ў няволі. Многіх вязняў выкупляла з цямніц. Таму і празвалі яе Вызваліцельніца вязняў. Святая Анастасія лячыла многіх ад страшных хвароб. І сёння царква прыходзіць у самыя далёкія куткі, даючы людзей святло веры, даруючы сапраўдную духоўную свабоду.

Разам з бізнэс-лэдзі ў вёсцы Бычыха пабывалі дзелавыя людзі з розных рэгіёнаў Расіі, а таксама з Малдовы, Украіны, Латвіі. У беларускую глыбінку прыехалі і прадстаўнікі розных узроўняў улады з гэтых краін.

У аблвыканкаме іх азнаёмілі з інвестыцыйнымі праектамі, былі абмеркаваныя магчымасці сумеснага ажыццяўлення розных бізнэс-ідэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?