Фота Goals.by.

Фота Goals.by.

Інцыдэнт здарыўся ў нядзелю 25 верасня ў часе сустрэчы мінскага «Дынама» і магілёўскага «Дняпра» ў Мінску. Каманды сустракаліся на стадыёне «Дынама-Юні», што ў Кунцаўшчыне.

У сектары гасцей успыхнула бойка, у справу ўмяшаўся спецназ. Пад гарачую руку пяцёра міліцыянтаў далі пытлю аднаму з фанатаў.

У Фрунзенскім РУУС карэспандэнту «НН» расказалі, што на матчы было затрымана сем фанатаў з Магілёва, і два прыхільнікі «Дынама». Аднаго непаўналетняга заўзятара перадалі бацькам.
«Фанаты пачалі бойку паміж сабой, міліцыя вымушаная была ўмяшацца», — патлумачылі ў РУУС. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Іх абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку з часе матча. У панядзелак адбыліся суды, адзін затрыманы атрымаў штраф 140 тысяч рублёў. астатнія па 70 тысяч.

Даваць ацэнку дзеянням спецназа ў РУУС адмовіліся, зазначыўшы, што не маюць да гэтага моманту непасрэднага дачынення.

Здарэнне выклікала рэзананс у заўзятарскім асяродку.

Адзін з відавочцаў сцвярджае, што гасцей пачалі дражніць гаспадары.
Нібыта каля фанацкага сектара магілёўцаў праходзіла група заўзятараў мінскага клуба. Спыніліся насупраць гасцявога сектару і пачалі выкрыкваць «Толькі «Дынама!» У сутычку фанатаў умяшаўся спецназ.
Відавочца піша, што, каб суцішыць жарсці, міліцыянты білі жорстка — «і па галаве, і па нырках».

На форумах паўтараецца думка, што міліцыя свядома ці не, але справакавала бойку, дапусціўшы да сектара гасцей фанатаў «Дынама».

Прадстаўнік «Дняпра» паведаміў «НН», што пакуль не мае ніякай інфармацыі пра затрыманых. Ён падкрэсліў, што клуб калі і будзе ладзіць нейкую праверку, то толькі пасля з’яўлення афіцыйнай інфармацыі з кампетэнтных органаў. Прэс-сакратар магілёўскага клуба патлумачыў таксама, што на футбольных матчах фанаты клубаў павінны быць ізаляваныя, а міліцыя мусіць забяспечыць ахову гасцей. «Прынамсі, на нашым стадыёне «Спартак» так робіцца».

У прэс-службе «Дынама» паставілі пад сумнеў інфармацыю, размешчаную на футбольных сайтах.
Па словах прэс-сакратара клуба, у іх няма інфармацыі пра затрыманых дынамаўскіх фанатаў, а таму яны не займаюцца гэтым пытаннем. Ён не выключыў і магчымасці таго, што канфлікт узнік паміж фанатамі «Дняпра» і міліцыі.
Нядзельны інцыдэнт на стадыёне ў Кунцаўшчыне нагадвае выпадак у Бабруйску, што здарыўся 27 мая гэтага года.
Тады сустракаліся мясцовая «Белшына» і ўсё тое ж мінскае «Дынама». Пасля забітага гола дынамаўцы падбеглі да трыбуны сваіх фанатаў, а міліцыянты ў гэты момант пачалі адганяць фанатаў ад краю поля. Адзін са спецназаўцаў распыліў балон з газам, патрапіўшы пры гэтым ў пяцігадовага хлопчыка, які прыйшоў на футболь з бацькам. Унутраная праверка не выявіла ў дзеяннях прапаршчыка Уладзіміра Рэцікава парушэнняў і перавышэння паўнамоцтваў. Аднак яго камандзір папрасіў у бацькоў хлопчыка прабачэння.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?