Ільля Лагуценка кажа, што мае да нашае мовы пэўныя сымпатыі, — хоць бы таму, што яго дзядуля паходзіць з Магілёва. Тэкст для фінальнай песні сумеснага праекту кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу «Тузін Гітоў» творча пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч.

Ілля Лагуценка паставіўся да ідэі запісаць песню па-беларуску выключна станоўча. «Гэта мультыкультурны досвед. Мы неаднаразова рабілі ў гэтым рэчышчы эксперыменты.

Нават калі ў далёкія краіны ездзім, як Кітай ці Японія, робім песню на мове «гаспадароў становішча»
. З перакладамі на кітайскую і англійскую ў Іллі не было праблемаў, на пачатку 1990-х ён працаваў у Кітаі ды Лондане дарадцам па камерцыйных пытаннях.

Да беларускай мовы ў лідэра «Мумій Троля» стаўленне асаблівае. «Не дзіва, што мы ўзяліся за беларускамоўную песню. Маю да гэтай мовы пэўныя сімпатыі, бо ў мяне беларускія карані. Адкуль жа гэтае «КА» пры канцы прозвішча?

Дзядуля мой паходзіў з Магілёва — той самы, які забудаваў потым усю краіну хрушчоўкамі», — усміхаецца музыка. Яго дзед, Віталь Паўлавіч Лагуценка, быў вядомым савецкім архітэктарам.
Нарадзіўся ён у 1904 годзе ў Магілёве, у 1920-я гады перабраўся ў Маскву. Менавіта яму належыць аўтарства праекту жылых дамоў серыі К-7. Гэта былі першыя шматкватэрныя дамы ў СССР, пабудаваныя па індустрыйнай тэхналогіі. Іх нават часам завуць «лагуценкаўскімі дамамі», але найбольш прыжылося найменьне «хрушчоўка», бо іх масава будавалі за часамі кіравання Хрушчова.

За 28 гадоў існавання каманды, Ілля неаднаразова наведваў Беларусь. Ён сцьвярджае, што

менавіта ў Мінску «Мумій Троль» даў адзін з першых сваіх канцэртаў.
Прычым Лагуценка быў не толькі ў Мінску, але паездзіў па ўсёй краіне. «З Беларуссю ў мяне не звязана аніякага адмоўнага досведу, — кажа спявак. —
Выключна пазітыў, прыязнасць, дабразычлівасьць і гасьцінасць людзей, спакой і прыгажосць наўкол… Натуральна, што мае ўражанні павярховыя, звязаныя толькі з досведам адносінаў з нашымі сябрамі адсюль. Углыб таго, што ў вас адбываецца я проста не зазіраў».

«Мумій Троль» вырашыў паказаць ужывую свой беларускамоўны твор яшчэ напярэдадні прэзентацыі праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». 3 чэрвеня каманда была прызнаная «Найлепшым рок-гуртом года» на расійскай прэміі МУЗ-ТВ, а 4 чэрвеня ўжо выступала пад Мінскам — у якасці хэдлайнера фэсту «Рок за Баброў». Музыкі вырашылі прадставіць нашай публіцы беларускамоўны варыянт свайго хіта «Кантрабанды» з альбома «8» (2008).

Сярод варыянтаў песні, якую меркавалася запісаць па-беларуску фігуравала яшчэ кампазіцыя «Ядзерныя станцыі», але выбар усё ж спынілі на «Кантрабандах».

Песню для «Мумій Троля» пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра.
«Мне прыйшлася даспадобы гэтая ідэя кантрабанды ва ўсіх пераносных пазітыўных значэннях гэтага слова. Пачуваўся ў працы я камфортна, бо
мог вольна абыходзіцца з тэкстам, напрыклад замяніць «Маскву» на «Беларусь»
, — прызнаецца паэт. У выніку выйшаў хутчэй не пераклад, а самастойны тэкст па матывах арыгіналу, але з захаваннем таго бадзёрага настрою, уласьцівага расейскаму гурту.

Мумий Тролль — Кантрабанды (музыка і словы — Ільля Лагуценка, беларускі тэкст — Андрэй Хадановіч)

Нам бы ў Беларусь
Хоць бацька не даваў каманды
Закінуць трэба кантрабандай
Гарачых слоў даўгачаканы груз

Сто грамаў музыкі — на рэшту
Прыняць унутр — будзе нешта
Яскравых фарбаў распісаць
Такую шэрую і нудную зіму

Уууху, уууху
Такую шэрую і нудную зіму
Уууху, уууху
Такую…

Ты вазьмі змяшай
Венеру з Марсам і Юпіцер
Берлін, Варшава, Менск і Піцер
Кактэйль касмічны п’юць няхай
Давай

Ніхто з дарогі не саб’ецца
І, можа, нават, не сап’ецца
І не забудзе вугалькамі закідаць
Такую шэрую і нудную зіму

Глыток — і мы перамаглі
Не зразумеюць — ім жа горай
Чакаем лета кожнай порай
І не пытай — калі

У Ледавітым да Чукоткі
Матляе ветразь нашай лодкі
Сем футаў радасці яму
І добрым словам прыхапіць такую шчодрую зіму

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?