Мілінкевіч заўтра будзе выступаць у Магілёве — патройным рэхам дачуўся я. Хтосьці камусьці на працы сказаў, каб перадалі ўсім і асабіста мне. Тэлефаную аднаму, другому актывісту. Ня ведаем, ня чулі. Нешта павінна адбыцца. Нарэшце, толькі ў дзень сустрэчы, з раніцы паявіліся някідкія абвесткі на дошках аб’яваў.

Колькі іх там будзе з такой рэклямай, думаеш, трасучыся ў маршрутцы на ўскраек гораду — чвэрць залі? На прыпынку «Дом культуры» палова машыны вывальваецца вонкі і грабе па адзінай сьцежцы… Авохці! Сам Мілінкевіч перада мною. Бліскавіцы фотаапаратаў. Людзі, зьніякавелыя ад нечаканай блізкасьці лідэра, не рашаюцца рассыпацца ў прамовах, хоць — карціць. «Сфатаграфуйце яго для мяне», — просіць хударлявая жанчына зь дзіцём на руках.

Хваля за хваляй залю запаўняюць людзі. І ўсе азіраюцца, колькі ж нас? Заля бітком, і першае, што думаецца, — мы сіла. Людзі сталыя, студэнтаў чалавек дзесяць. Па вопратцы, па гаворцы — люд з рабочых ускрайкаў і інтэлігенцыя.

Авацыі. Заля ўстае. Мілінкевіч падымаецца на сцэну. Сьледам за адзіным падымаецца Шушкевіч, але заля яго не пазнае. Прынамсі, калі яго абвяшчаюць, пачынаецца задаволены і крыху зьдзіўлены гул. Значыць, большасьць людзей незаангажаваных, не знаёмыя з паліткухняй апазыцыі.

Абласная тэлевізія здымае кожны крок адзінага. У такой сытуацыі трэба кантраляваць кожнае слова. І агаляецца напружанасьць і стома, якія дамоклавым мячом завісьлі над кампаніяй кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мілінкевіч гаворыць доўга, але часам зрывае голас, робіць паўзы. Але палымяны выступ Шушкевіча робіць сваё: авацыі, пытаньні з залі. Стома Мілінкевіча перастае кідацца ў вочы. І вось ужо практычна кожны выступ перарываецца аплядысмэнтамі, пачатымі з розных куткоў залі. Як ставіцеся да беларускай мовы? Хто фінансуе вашу кампанію? Чаму нас прыніжаюць на рабоце? Якім бачыце беларускае войска?.. Адзінаму трэба ехаць. На маршруце сёньня яшчэ адзін горад. Не адпускаюць. «І вось яшчэ адно пытаньне» — ускоквае дзядок.

Для сябе на гэтай сустрэчы я адкрыў Мілінкевіча як харызматычнага лідэра з сваім пазнавальным стылем. Які гіпнатызуе. На сцэне вялікі, спакойны, добры, у нечым Мілінкевіч паўтарае забыты ўжо на палітычнай сцэне вобраз Генадзя Карпенкі. Ён ня кажа «я» — заўсёды «мы». Нават калі абвінавачвае улады. Адзінае ягонае «я», што запомнілася, — «Я пабудаваў свой дом».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0