Старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, галоўны архітэктар Мінска Віктар Нікіцін адпраўлены ў адстаўку. Як паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама, загад старшыні гарвыканкама Мікалая Ладуцькі падпісаны 30 верасня.

Разам з Нікіціным у адстаўку адпраўлены яго першы намеснік Аляксей Мартынаў.

Абавязкі кіраўніка камітэта выконвае намеснік старшыні Уладзімір Куршын. Звальненне Нікіціна адбылося пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі 29 верасня аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Мінску, на якой прэзідэнт рэзка раскрытыкаваў дзейнасць Мінгарвыканкама за бюракратызм і цяганіну.

«Было жаданне вечарам Мінгарвыканкам на ключ закрыць, а раніцай усіх адправіць на вуліцу і набіраць новы склад гарвыканкама, — заявіў Лукашэнка. — Мы ўважліва паглядзелі на ўсіх паверхах вашай працы — бюракратызм жудасны, з людзьмі размаўляць не ўмееце, да здзекаў даходзіць».

Звяртаючыся да Мікалая Ладуцькі, Лукашэнка распарадзіўся: «Разбярыцеся са сваімі памочнікамі, намеснікамі. Што гэта на наплявацельскія адносіны да людзей?! З экрана вы гаворыце адно, а вашы намеснікі, начальнікі, чыноўнікі, якія там працуюць, а іх не адна сотня, робяць усё наадварот! Я на гэта глядзець спакойна не магу». «Не дай бог вы мне не растлумачыце па гэтых праектах і будзеце расказваць, што вы невінаватыя, і не дай бог надалей я яшчэ пачую хоць адну скаргу — крыўдуйце самі на сябе. Там будзе новы старшыня гарвыканкама», — дадаў ён.

***

Віктар Нікіцін нарадзіўся ў 1951 годзе ў Брэсце. У 1973 г. скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут. У 1994—1996 гг. — выканаўца абавязкаў старшыні камітэта архітэктуры, горадабудаўніцтва і землекарыстання Мінскага гарвыканкама — галоўнага архітэктара горада Мінска. У 1996—2006 гг. — першы намеснік старшыні камітэта архітэктуры, горадабудаўніцтва і землеўпарадкавання Мінскага гарвыканкама. У 2006—2011 гг. — старшыня камітэта архітэктуры і будаўніцтва галоўны архітэктар горада Мінска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?