«Пазыцыя Каталіцкай царквы адносна чалавечай сэксуальнасьці ёсьць адным з тых трагічных выпадкаў, калі Царква імкнецца абараняць праўду, блякуючы яе», — пісаў у 1948 г. Жак Марытэн, адзін з найвыбітнейшых каталіцкіх мысьляроў ХХ стагодзьдзя, у сваім прыватным лісьце да айца Шарля Журнэ (пазьнейшага кардынала). Што меў тады на ўвазе Марытэн?

40-я гады ХХ стагодзьдзя — гэта час «інтравэрсіі» Каталіцкае царквы, час, калі амаль уся энэргія духоўнай улады ішла не на дыялёг з сучасным сьветам, а на захаваньне літары і духу Трыдэнцкага сабору з ХVI ст. У тыя 40-я, мабыць, мала хто з каталіцкіх інтэлектуалаў прадчуваў подых рэформы Другога Ватыканскага Сабору, якая пачнецца ў 1962 годзе і адкрые новыя магчымасьці для чалавечага і Божага духу. Перад Vaticanum II каталіцкім філёзафам і багасловам многае трэба было «хаваць у шуфляду», каб часам не набыць біркі «мадэрніста» ці «лібэрала» і каб засьцерагчы свае творы ад трапленьня на Індэкс забароненых кнігаў.

Згаданы Жак Марытэн у тыя часы працаваў над «інтэгральным гуманізмам», займаўся распрацоўкай новай хрысьціянскай філязофіі і, паралельна, фармуляваў адказы на выклікі гэтак званай «сэксуальнай рэвалюцыі». А выклікаў было шмат і былі яны даволі вострыя.

Сэксуальная рэвалюцыя і занатоўкі ў шуфлядзе

Вучань і супрацоўнік Фройда Вільгельм Райх выступіў у 40-я гады з тэзай, што прычынай амаль усіх цяжкіх хваробаў, як рак, эпілепсія ці склероз, ёсьць заблякаваньне сэксуальнай энэргіі. «Адкрыцьцё» Райха наклалася на ўжо існуючы міт пра востраў Самоа, створаны амэрыканскай дасьледніцай Маргарэт Мід. Мід цьвердзіла, што жыхары Самоа абсалютна вольныя ад усякіх сэксуальных табу: яны часта зьмяняюць партнэраў і зусім ня ведаюць, што такое рэўнасьць ці вернасьць, а гэтае «няведаньне» чыніць іх намнога больш шчасьлівымі за цывілізаваных эўрапейцаў, зьняволеных культурнымі забаронамі. Ну, а практычныя высновы з гэтых «адкрыцьцяў» зрабіў Альфрэд Кінсі, заклікаючы прыняць за норму ня толькі дашлюбны й пазашлюбны сэкс, але таксама пэдафілію, інцэст, заафілію, нэкрафілію, фэтышызм і іншае.

Такое «вызваленьне» ў вэрсіі Райха—Мід—Кінсі хавала ў сабе дэструктыўны патэнцыял — вяло да «сэксуалізацыі» чалавека і «зьнечалавечаньня» сэксу. Аднак пад гэтай «рэвалюцыяй» хаваліся сапраўдныя пытаньні і дылемы, якія патрабавалі перагляду і пераасэнсаваньня. Хрысьціянскія філёзафы фармату Марытэна добра ўсьведамлялі, што калі людзі ня стрэнуцца з сумленным падыходам да гэтых праблемаў з боку Царквы, так ці інакш трапяць у сфэру ўплываў вышэйзгаданых «рэвалюцыянэраў», шукаючы адказаў на пытаньні, што іх хвалююць.

Жак Марытэн шмат разважаў і пісаў на гэтую тэму, але... не публікаваў. Ён палічыў больш мэтазгодным апублікаваць свае працы на тэму палітычнай філязофіі і сацыяльнай справядлівасьці (галоўныя тэмы яго «Інтэгральнага гуманізму»), а рэфлексіі, прысьвечаныя пераасэнсаваньню з хрысьціянскага гледзішча эротыкі й сэксу, пакінуць у шуфлядзе. Чаму? Бо — на думку багаслова Бэрнарда Дзёрынга — баяўся, што публікацыя «сэксуалягічных» працаў справакуе забарону і на гэтыя працы, і заадно на філязафічныя, прысьвечаныя «інтэгральнаму гуманізму».

Любоў узыходная (Эрас) і любоў зыходная (Агапэ)

...І вось, так — трохі парадаксальна — выходзіць, што і адно, і другое становіцца зьместам першай энцыклікі новага рымскага папы Бэнэдыкта ХVI, чалавека, да якога мас-мэдыі традыцыйна ўжо прычапляюць бірку «кансэрватара». Гэты «кансэрватар» вырашыў гаварыць пра любоў і каханьне ў прыватным і грамадзкім вымярэньні. Пры гэтым вельмі важна заўважыць спосаб гаварэньня пра гэтыя справы — Рацынгер-Бэнэдыкт гаворыць, што называецца, «на поўны голас», глыбока і шчыра, патрабавальна і зычліва.

Камэнтатары часьцяком адзначаюць, што першая небіблійная цытата, якая зьяўляецца ў вакольніку, — гэта словы Фрыдрыха Ніцшэ з «Па-за дабром і злом»: «Хрысьціянства дало Эрасу атруту; ён жа, хоць ад гэтага не памёр, ператварыўся ў загану». «Ці Царква сваімі загадамі і забаронамі ня робіць горкім тое, што ў жыцьці найпрыгажэйшае?» — рытарычна пытае папа-багаслоў, нібы хочучы самастойна прадоўжыць думку нямецкага філёзафа. «Ці Царква не ўсталёўвае забароны менавіта там, дзе радасьць, прадугледжаная для нас Стваральнікам, ахвяруе нам шчасьце пакаштаваць нешта Боскае?» «Ці сапраўды так?» «Ці хрысьціянства сапраўды зьнішчыла Эрас?» — усьцяж пытаецца папа. Чытаючы далейшыя разважаньні Бэнэдыкта пра Эрас у грэцкай і рымскай паэзіі, у філязофіі Плятона і тэкстах Сьвятога пісаньня, можна пераканацца, што пастаўленыя вышэй пытаньні папярэджаны ўважлівым слуханьнем. Так, менавіта слуханьнем тых усіх песьняроў, мысьляроў і багасловаў, якія цягам стагодзьдзяў прамаўлялі ў імя Эрасу, якія лепш ці горш пазналі яго загадкавую натуру і ведаюць яго сілу і слабасьць, яго крыўду і радасьць, яго ўзьлёт і падзеньне.

Што скажа пасьля гэтага «слуханьня» галава рыма-каталіцкага хрысьціянства? Што скажа нам, так ці інакш кранутым гэтай амбівалентнаю сілай? Ці абярэ суровы і павучальна-настаўленчы тон, ці больш лагодна паставіцца да гэтай далікатный справы? Варта тут зацытаваць яго самога, хоць, праўда, знаёмства з энцыклікай на базе цытатаў можа даць адно толькі прыблізнае і спрошчанае ўяўленьне аб ёй. «Лёгас, першапрычына — гэта Той, хто кахае з палкасьцю, характэрнай сапраўднаму каханьню. Такім чынам, Эрас набывае найвышэйшую ступень высакароднасьці, пры гэтым ачышчаецца і зьліваецца з Агапэ».

Агапэ — гэта біблійна-багаслоўскі тэрмін, пакліканы абазначаць дабрачынны і бескарысьлівы аспэкт любові. У той час, як Эрас больш настроены на атрымоўваньне-каштаваньне-задавальненьне, Агапэ характарызуецца імкненьнем даваць і клапаціцца. Агапэ мае таксама лепшы і больш праніклівы зрок: яна глядзіць «скрозь цела» ў глыбіню іншага чалавека і сузірае ў ім «вобраз і падабенства Бога», які застаецца ўвесь час тым самым, у той час як цялесная краса прамінае і зьмяняюцца рысы характару. На думку Бэнэдыкта, гэтыя дзьве любові — любоў-Эрас і любоў-Агапэ павінны сустрэцца: «Эрас і Агапэ немагчыма цалкам аддзяліць адно ад аднаго. (...) Бо калі пачаткова Эрас явіцца пераважна як «прагны», «узыходны», (...) то ў працэсе набліжэньня да іншае асобы будзе штораз меней пытацца пра самога сябе, будзе ўсё больш шукаць шчасьця іншае асобы, будзе пра яе ўсё больш клапаціцца, дзеля яе пасьвячацца і «быць для» яе».

З шуфляды — у папскую энцыкліку

Папа Бэнэдыкт XVI мае добры слых. Па-першае, ён уважліва слухае чалавека, што праявілася ў выпрацоўцы выдатнай «фэнамэналёгіі любові», якая выходзіць на першае месца ў першай частцы вакольніка. Па-другое, ён уважліва слухае Бога. У сваёй «фэнамэналёгіі любові» ён не прамінуў заўважыць, што любоў самога Бога мае эратычны характар: «Перадусім прарокі Асія і Эзэкііль апісалі гэтую «жарсьць» Бога ў стасунку да Яго народу пры дапамозе сьмелых эратычных вобразаў. Стасунак Бога да Ізраіля яны характарызуюць мэтафарамі заручынаў і сужэнства, а ідалапаклонства, такім чынам, становіцца чужалоствам і прастытуцыяй». І — па-трэцяе — «добры слых» папы-багаслова выяўляецца таксама ў тым, што ён заўважыў, як перагукваецца пытаньне пра сапраўднае аблічча любові і пытаньне пра сацыяльную справядлівасьць. Менавіта гэтай праблеме і прысьвечана другая частка папскай энцыклікі. Хоць папа наўпрост гэтага не гаворыць, напрошваецца выснова, што дэфармацыя любові ў прыватнай сфэры адбіваецца рэхам у выглядзе «этычнага засьляпеньня, што бярэцца зь перавагі інтарэсу і ўлады [над практычным розумам]».

Такім чынам, папа рымскі прадоўжыў дыскурс, распачаты Жакам Марытэнам у вобласьці палітычнай філязофіі і адначасна «дастаў з шуфляды» рэфлексіі на тэму эратычнага вымярэньня чалавечай экзыстэнцыі. Хтосьці слушна зацеміць, што «ня ён першы» дастае з шуфляды. Ужо Караль Вайтыла, пасьля таго, як апублікаваў «Каханьне і адказнасьць» у 60-я гады, называўся прадстаўніком «сэксуальнай рэвалюцыі» ў хрысьціянскім варыянце. У той час і пазьней зьявілася шэраг багаслоўскіх працаў на гэтую тэму, каб згадаць хоць некаторыя: «Чатыры любові» Люіса, «Любоў» Піпэра, «Эрас і містыка» Грына. Тым ня менш, зьяўленьне гэтай тэматыкі ў папскай энцыкліцы і зьяўленьне яе менавіта ў такой — недагматычнай, глыбока і шматбакова апрацаванай — трактоўцы ёсьць пэўным novum.

* * *

Сэксуальныя рэвалюцыянэры кшталту Райха, Мід, Кінсі адыходзяць у нябыт гісторыі. Сёньня ж сацыёлягі і журналісты пачынаюць ужо гаварыць пра «сэксуальную контрарэвалюцыю». У Амэрыцы і ў Эўропе зьяўляюцца групы тыпу «Silver Ring Thing», сябры якіх вызнаюць і прапагандуюць вернае, сталае і пасьлядоўнае каханьне. Некаторыя робяць гэта ў імя рэлігійных перакананьняў, але для многіх дастаткова тут звычайнай «антрапялягічнай інтуіцыі», як у выпадку чарнаскурай прыгажуні Эрыкі Гаралд, Міс Амэрыкі 2003 году, якая прапагандуе дзявоцтва аж да шлюбу і вернасьць у шлюбе папросту ў імя захаваньня цэльнасьці і моцы для «адзінага/адзінай».

Безь яе, без Агапэ, Эрас гіне. Па-за «духоўным кантэкстам» Эрас ператвараецца ў банальную хімічную рэакцыю, якая вельмі хутка надакучае і выклікае хутчэй агіду, чым пачуцьцё спаўненьня. Распуста не вызваляе, а дэградуе.

Эрас ня мае сваёй мовы. Яму трэба даць магчымасьць прамаўляць, даўшы адпаведную мову. Можна даць яму вульгарную і бедную мову, мову, якую далі яму згаданыя «рэвалюцыянэры», спадкаемцы Ніцшэ, а можна даць багатую і культурную мову, як гэта рабіў Караль Вайтыла, а цяпер робіць Бэнэдыкт XVI. Першая мова забівае Эрас, другая ажыўляе і прыўзносіць яго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0