«Выборча»: Статыстыка сьведчыць, што пасьля перамогі Памаранчавай рэвалюцыі гаспадарка Ўкраіны запаволіла разьвіцьцё. У 2004-м, апошнім годзе кіраваньня прэзыдэнта Леаніда Кучмы, эканоміка мела быльш чым 12-працэнтны гаспадарчы рост. У мінулым, першым «памаранчавым» годзе, — ужо толькі 2,3%. Чаму?

Еханураў: Калі разглядаць голыя лічбы, трэба пагадзіцца, што маем справу з запаволеньнем тэмпаў разьвіцьця. Але прапаную разгледзець праблему падрабязьней. Чаму, напрыклад, у мінулым годзе зьменшыліся аб’ёмы гуртовага гандлю? Урад гэта праверыў. І выявілася, што ў апошнім Кучмавым годзе гандлю такога ўзроўню, пра які казала статыстыка, насамрэч не было. Было фіктыўнае, існае толькі на паперы перамяшчэньне тавараў. З адной-адзінай мэтай: вяртаньне ПДВ. Прадпрымальнікі папросту кралі грошы.

Іншы прыклад. Зарэгістраваны ў нас экспарт у краіны Балтыкі выявіўся ў два разы вышэйшым за тое, што зарэгістравана ў тых дзяржавах. Калі мы гэта пачалі высьвятляць зь літоўцамі й латышамі, тыя схапіліся за галовы, пабачыўшы, колькі Ўкраіна прадала ім, напрыклад, нафты. Казалі, што гэта немагчыма. І сапраўды, нафта нікуды ад нас не перамяшчалася. А ўсе тыя фіктыўныя апэрацыі таксама сьведчылі пра нібыта дынамічны рост ВУП, які быў статыстычнай фікцыяй.

Зьвернемся яшчэ да аднаго фактару, які сьведчыць пра стан украінскай гаспадаркі. У 2005 г. дзяржава сабрала на 50% падаткаў болей, чым у 2004 г. Не ўдалося б сабраць на 50% падаткаў болей, калі б мы мелі справу з драматычным спадам тэмпаў гаспадарчага разьвіцьця. А тое, што зборы падаткаў так хутка вырасьлі, сьведчыць, што наша эканоміка стала больш цывілізаваная і празрыстая.

Летась мы займаліся ачышчэньнем гаспадаркі. І сёлета гэтая тэндэнцыя захоўваецца. У студзені мы сабралі зноў на 20% падаткаў болей, чым у першым месяцы мінулага году.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0