Латгальскі акруговы суд Латвіі прызначыў на 24 лістапада разгляд іску ААТ «Полацктранснафта Дружба» аб спрэчнай нафце ў нафтаправодзе Полацк — Вентспілс.

Размова ідзе аб праве ўласнасці на 110 тысяч тон тэхналагічнай нафты, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацк — Вентспілс і належыць беларуска-латвійскай кампаніі «ЛатРасТранс». Нафтаправод не выкарыстоўваецца са студзеня 2004 года.

У лістападзе 2010 года дзяржканцэрн «Белнафтахім» абвінаваціў ТАА «ЛатРасТранс» у нанясенні эканамічнага ўрону маёмасці Беларусі. Паводле інфармацыі канцэрна, 25 лістапада ТАА «ЛатРасТранс» пачало зліў тэхналагічнай нафты з нафтаправода Полацк — Вентспілс. «Белнафтахім» заявіў, што валодае дакументамі, якія пацвярджаюць права ўласнасці беларускага прадпрыемства «Дружба» на тэхналагічную нафту, і не бачыць законных падстаў для аспрэчвання гэтага права. У «Белнафтахіме» мяркуюць, што рэалізацыя планаў ТАА «ЛатРасТранс» па выцясненні нафты з нафтаправода і запаўненні яго сумессю газаў прывядзе да немагчымасці выкарыстання ўчастка нафтаправода Полацк — Вентспілс для прапампоўвання нафты.

У пачатку снежня 2010 года Наваполацкае РУП па транспарце нафты «Дружба» (пасля акцыянавання ў канцы 2010 года яно называецца ААТ «Полацктранснафта Дружба») звярнулася ў Даўгаўпілскі суд Латвіі з іскам наконт права ўласнасці на тэхналагічную нафту, якая знаходзіцца ў нафтаправодзе Полацк — Вентспілс. У якасці адказчыка ў іску ўказваецца ТАА «ЛатРасТранс».

10 снежня Даўгаўпілскі суд забараніў выпампоўванне тэхналагічнай нафты з нафтаправода Полацк — Вентспілс. Пасля гэтага кампанія «ЛатРасТранс» падала сустрэчны іск у Латгальскі акруговы суд.

***

Разгляд спрэчкі паміж дзвюма кампаніямі некалькі разоў адкладваўся. Так, іск павінен быў разглядацца 10 жніўня, але кампанія «ЛатРасТранс» прадаставіла беларускаму боку дадатковыя матэрыялы для азнаямлення ў межах справы, у выніку чаго істцу спатрэбіўся час для аналізу дакументаў і падрыхтоўкі сваіх аргументаў. Суд быў перанесены на 15 верасня.

Аднак да гэтага тэрміну ААТ «Полацктранснафта Дружба» змяніла прадмет іску да ТАА «ЛатРасТранс», заявіўшы пра неабходнасць не толькі прызнаць права ўласнасці на 110 тысяч тон тэхналагічнай нафты ў магістральным нафтаправодзе Полацк — Вентспілс, але і кампенсаваць страты, выкліканыя незаконным выцясненнем больш як 40 тысяч тон нафты.

У сувязі са змяненнем прадмета іску Даўгаўпілскі суд прыняў рашэнне аб перадачы справы ў Латгальскі акруговы суд, які і вызначыў новую дату пачатку слуханняў — 24 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?