Нацбанк унёс змяненні ў парадак выкарыстання рэзідэнтамі і нерэзідэнтамі наяўнай замежнай валюты пры правядзенні валютных аперацый.

Як паведаміла прэс-служба банка, змяненні і дапаўненні ўнесены ў інструкцыю аб парадку правядзення валютных аперацый з выкарыстаннем наяўнай замежнай валюты і наяўных беларускіх рублёў ад 17 студзеня 2007 года № 1. Адпаведная пастанова праўлення Нацыянальнага банка (ад 8 лістапада 2011 года № 501) набудзе моц 1 студзеня 2012 года.

Новаўвядзеннямі дазваляецца атрыманне імпарцёрамі ад контрагентаў-нерэзідэнтаў наяўнай замежнай валюты ў якасці: вяртання раней выплачанай нерэзідэнту сумы; уплаты нерэзідэнтам няўстойкі (штрафу, пені), кампенсацыі стратаў, іншых выплат, прадугледжаных дагаворам.

У абноўленай інструкцыі ўдакладняецца норма пра тое, што пры паездках работнікаў прадпрыемстваў за межы Беларусі магчымая выплата ім надбавак у наяўнай замежнай валюце за рухомы і раз'язны характар працы, вытворчасць працы вахтавым метадам, за пастаянную працу ў дарозе, працу па-за месцам пастаяннага жыхарства (палявое забеспячэнне).

У дачыненні да міжнародных арганізацый устанаўліваецца спрошчаны парадак унясення і зняцця наяўнай замежнай валюты, а ў дачыненні да юрыдычных асоб-нерэзідэнтаў, якія не маюць у Беларусі прадстаўніцтва (філіяла), устанаўліваецца межавая сума ўнясення або зняцця наяўнай замежнай валюты (не больш за 50.000 долараў ЗША ў эквіваленце на працягу каляндарнага года).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?