Як паведаміў БелаПАН індывідуальны прадпрымальнік Васіль Бараноўскі, які гандлюе на рынку, прапанова аб забастоўцы ўхвалена 23 лістапада на сходзе з удзелам прыкладна 350 прадпрымальнікаў. Прысутныя прынялі рэзалюцыю, у якой аб’явілі аб перадзабастовачным стане з сённяшняга дня ў сувязі з тым, што «гарадскія ўлады ігнаруюць справядлівыя патрабаванні прадпрымальнікаў і простых людзей».

Прадпрымальнікі таксама патрабуюць чарговай сустрэчы са старшынёй Мінгарвыканкама Мікалаем Ладуцькам і прадстаўнікамі кампаніі-забудоўшчыка «Дыдас Інтэрнэшнл Груп» (Іран).

«Згодна з дамоўленасцю з дэпартаментам прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі патрабуем арганізаваць і правесці на яго базе перамовы з мінскімі ўладамі і ўсімі зацікаўленымі асобамі з мэтай выпрацоўкі і прыняцця рашэння па праблеме нашага рынку і правесці агульны сход арандатараў, на якім будуць прыняты рашэнні аб далейшых дзеяннях», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Нагадаем, 21 чэрвеня на сустрэчы з прадпрымальнікамі Ладуцька заявіў, што гарадскія ўлады разглядаюць два варыянты новых пляцовак у Ленінскім раёне сталіцы, куды можна перанесці рынак. «Мы абмяркоўвалі варыянт у мікрараёне Лошыца, але прыйшлі да высновы, што там пляцоўка не зусім уладкавана, там адсутнічаюць інжынерныя камунікацыі», — сказаў Ладуцька.

Ён абавязаўся на працягу тыдня праінфармаваць прадпрымальнікаў аб канкрэтным месцазнаходжанні новай пляцоўкі і паведаміў, што частку работ па арганізацыі новай пляцоўкі гатова ўзяць на сябе адміністрацыя Камароўскага рынку, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца і Чэрвеньскі рынак. Апрача таго, паводле слоў Ладуцькі, частка сродкаў, якія пералічыць іранская кампанія «Дыдас», будзе выкарыстана для ўладкавання новай тэрыторыі рынку.

Аднак 31 кастрычніка прадстаўнікі раённай і гарадской улады паведамілі прадпрымальнікам, што перамяшчацца ім няма куды: будаўніцтва новай пляцоўкі ўзамен Чэрвеньскага рынку яшчэ не распачата, бо на гэта не былі прадугледжаны бюджэтныя сродкі. Чыноўнікі параілі прадпрымальнікам перайсці на іншыя гандлёвыя аб’екты — рынак «Ждановічы», Камароўскі рынак і г.д., аднак большасць арандатараў гандлёвых пунктаў гэта прапанова не задаволіла.

На прэс-канферэнцыі 18 лістапада Ладуцька паведаміў, што рынак у Лошыцы ўзамен Чэрвеньскага будзе пабудаваны праз паўтара-два гады.

Як заявіў пасля сённяшняга сходу Васіль Бараноўскі, прадпрымальнікі лічаць сябе падманутымі. На іх думку, будаўніцтва трохпавярховага рынку ў Лошыцы, а не на адкрытай пляцоўцы, пацягне шматразовае павелічэнне затрат і арэнднай платы. «За кошт мінімальнай арэнднай платы складваліся і цэны на рынку», — зазначыў прадпрымальнік.

Апрача таго, зазначыў ён, прадпрымальнікам Чэрвеньскага рынку ўлады абяцалі скідкі з арэнднай платы на іншых рынках, аднак на справе гэта абяцанне не выконваецца.

Бараноўскі паведаміў, што сабраны подпісы 3,5 тысячы жыхароў раёна супраць зносу Чэрвеньскага рынку і будаўніцтва ўзамен яго гандлёва-забаўляльнага цэнтра.

«Людзі вельмі раззлаваныя за тое, што іх падманулі, — заявіў у каментарыі БелаПАН старшыня грамадскага аб’яднання „Перспектыва“ Анатоль Шумчанка. — Сёння гучалі прапановы аб правядзенні забастовак. Калі ўлады не выканаюць тое, што абяцалі раней, забастоўка на Чэрвеньскім рынку адбудзецца адназначна».

Шумчанка паведаміў, што ў хуткім часе пройдзе прэс-канферэнцыя, на якой будзе падрабязна паведамлена пра сітуацыю вакол рынку.

«Мінчанам трэба паставіць пытанне рубам: чаму гарадскія ўлады праводзяць антынародную палітыку і не ўлічваюць меркаванне большасці жыхароў сталіцы? Гэта тычыцца зносу кіёскаў, ліквідацыі рынкаў. Такога няма ў рэгіёнах і тычыцца толькі Мінска. Развіццё прадпрымальніцтва ў Мінску не ідзе, яно застопарылася, і з гэтай сітуацыі трэба выходзіць», — упэўнены старшыня РГА «Перспектыва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?