Абавязковае чыпаванне хатніх жывёл плануецца ўвесці ў Беларусі.
Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні Сяргей Канопліч.

Гэта прадугледжана законапраектам «Аб абыходжанні з жывёламі», які быў прыняты сёння ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні.

«Чалавек павінен вельмі выразна зразумець, што хатняя жывёла — не плюшавы мішка, з якім можна пагуляцца, а потым выкінуць у смецце», — адзначыў Канопліч, каментуючы законапраект для СМІ.

Менавіта чып не толькі дапаможа ўладальніку вярнуць згубленую жывёлу, але і не дазволіць выкідваць гадаванца на вуліцу.

Дакумент таксама прадугледжвае, што ва ўладальнікаў жывёл з’явіцца шэраг абавязкаў. Напрыклад, трэба будзе забяспечваць цішыню ў жылых памяшканнях, выгульваць сабак у грамадскіх месцах на павадку і ў намордніку, мець пры сабе падчас знаходжання з жывёламі-кампаньёнаміпа-за месцамі іх пастаяннага ўтрымання (кватэр і дамоў) сродкі для ўборкі прадуктаў жыццядзейнасці жывёл і неадкладна праводзіць гэтую ўборку.

Мяркуецца ўвесці забарону на ўтрыманне жывёл-кампаньёнаў у пад’ездах, падвалах і на гарышчах шматкватэрных жылых дамоў. Такім жывёлам нельга будзе прысутнічаць у крамах, на аб’ектах грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, у школах, дзіцячых дашкольных установах, арганізацыях аховы здароўя і іншых грамадскіх месцах (за выключэннем сабак-павадыроў).

У законапраекце нямала месца нададзена пытанням рэгулявання колькасці безнаглядных жывёл, іх адлову і далейшага ўтрымання, стварэння і дзейнасці прытулкаў для жывёл, а таксама выпадкам правамернага забойства жывёл.

Цяпер у Беларусі адсутнічае адзіны закон, які рэгулюе правілы абыходжання з жывёламі. Каб папоўніць гэты заканадаўчы прабел, а таксама ў сувязі са шматлікімі зваротамі ад грамадзян і грамадскіх заабарончых аб’яднанняў і было вырашана падрыхтаваць адпаведны законапраект.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?