Ганаруся, бо завуся беларусам, ганаруся і губляюся, бо мяне ўжо даўно хочуць вынішчыць, бо я вялікая пагроза для статыстыкі і чыіхсьці мар…

Я не ведаю, што будзе ў наступны момант, замыкаюся на трыццаць тры замкі, перастаю існаваць у адзіноце, спяваю самотныя песні ў полі ды лесе, сярод людзей, чые сэрцы вельмі складана ўзрушыць. Поўнюся свядомасцю, бо прагну праўды існага, прагну моцы вольна дыхаць сасмяглым паветрам, у гэтай краіне, са смакам камунізму…

Нагадай мне, Бацькаўшчына, як пяе салавей, крані маю душу яго жалобнай песняй, бо я ачарсцвелы ад болю, нібы той пень… Абудзі ўва мне смагу агню, бо прагну гарэць, адкрываючы жыццё, цячы крыніцай жывое вады, ляцець, нібы арол у вышыні, напаўняючы існае святлом пазнання навакольнага сусвету… Ажыццявіць тое, на падабенства чаго быў створаны, адчуваючы кірунак майго паклікання, дасягаць сваіх мараў, углядаючыся ў кожнага з любоўю і павагай, быць сабой…

Крычаць аб праўдзе, дакранаючыся, узрушаць сэрцы, якія прагнуць журботнае песні салаўя ў глухой начы, перапаўняючы існае любоўю і прагненнем волі… Спяваць песню набліжэння світанку... Каб паверыў гаротны народ у тое што ён ажыццяўляе сваю гісторыю, што толькі ён можа зрабіць сваё шчасце…

Каб ведаў кожны пра тое, што ён з’яўляецца цэнтрам Сусвету, не апускаючы рук, меў моц ператвараць думкі ў матэрыю… Верыў і змяняў наваколле, поўнае слёз і спадзяванняў…

Я веру ў тое, што мой гаротны народ пераможа зло, не апусціць рук, не дасць страху валадарыць у нашым жыцці, не дасць моцы тым, хто сёння зневажае, пераконваючы, што мы проста скаціна…

Расплюшчы вочы, знайдзі праўду, змагайся за сябе, за жыццё, за тое, што сапраўды мае цану, за тое, што табе дадзена ад пачатку… і перамагай… Не вер у сваю слабасць і страх, бо ты цэнтр сусвету і адказны за тое, што адбываецца вакол цябе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0