Трагічны фінал прэзідэнцкай кампаніі-2010 абумоўлены як мінімум трыма фактарамі.
«Салідарнасць» выкладае сваю версію развіцця падзей у рамках праекта «Выбары: Рэканструкцыя».

1. Прырода Лукашэнкі

Цяперашні кіраўнік Беларусі лепш за ўсё адчувае сябе ў стане барацьбы з «ворагамі».

Ён нібы падсілкоўваецца ад канфліктаў і практычна заўсёды аддае перавагу добрай або кепскай сварцы перад любым мірам.

Да Еўрасаюза Лукашэнка пачаў заляцацца ў 2008 годзе не па сваёй волі, а ў сілу палітычнай неабходнасці. Вынікам гэтага флірту стала тое, што ўлады пайшлі на нязначныя саступкі апазіцыі. Аднак сам Лукашэнка папярэджваў, што паслабленні носяць часовы характар. Не падмануў…

Былы кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук, апавядаючы пра сваю сустрэчу з кіраўніком дзяржавы 20 снежня, прымеціў цікавую і, магчыма, істотную дэталь: «Мяне здзівіла, што выгляд у Лукашэнкі квітнеючы, быццам ён з Багамаў прыехаў. Не верылася, што чалавек ноч не спаў, перажываў…»

Увогуле, кіраўнік Беларусі быў падобны да чалавека, у якога ўсё атрымалася амаль так, як ён задумваў. І нават прагаворваў.

«Мы не баімся, што нехта пачне тараніць дзяржаўныя ўстановы і будынкі. Паспрабуюць няхай — мала не здасца «, — сказаў Лукашэнка 20 красавіка 2010 года. Як ведаў, як ведаў…

2. Прышчэпка страху

«Свята непаслушэнства — 2010» пагражала ўладзе сур’ёзнымі праблемамі ў наступным годзе. Улады цудоўна разумелі, што пасля выбараў непазбежна істотнае зніжэнне ўзроўню жыцця. «Размінка» падчас выбарчай кампаніі магла перарасці ў сапраўды сур’ёзныя і масавыя пратэсты вясной 2011-га.

Каб гэтага не здарылася, кіраўніцтву краіны патрэбная была паказальная расправа над незадаволенымі. Такая, каб запомнілася надоўга…

На трэцім фактары спынімся больш падрабязна, бо ён найменш відавочны і таму патрабуе максімальна пераканаўчай аргументацыі.

3. Палітычны пралік

Усе мы робім памылкі, і Аляксандр Лукашэнка — не выключэнне. Мяркую, што ў дадзеным выпадку ён няправільна спрагназаваў рэакцыю Захаду.

Дазвольце, спытаеце вы, а на што яшчэ можна было разлічваць, калі сотні дэманстрантаў збітыя і арыштаваныя, а большасць апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся за кратамі яшчэ да абвяшчэння вынікаў выбараў?

На жаль, фармаванню ў Лукашэнкі пачуцця ўсёдазволенасці паспрыялі ў тым ліку заходнія палітыкі і дыпламаты.

На маю думку, адным з ключавых эпізодаў у адносінах паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам сталі выбары ў палату прадстаўнікоў у 2008 годзе. Тады паміж бакамі было дасягнутае сакрэтнае пагадненне, што дэпутатамі стануць некалькі апазіцыянераў. Аднак, як вядома, ва ўсіх 110 акругах у першым жа туры перамаглі прыхільнікі ўлады.

Для Лукашэнкі было важна, як на парушэнне дамоўленасцяў адрэагуе Захад. Апошні фактычна праглынуў тое, што здарылася, задаволіўшыся тлумачэннем, што ўсяму віной «чыноўнікі на месцах, якія перастараліся».

Падобна да таго, што ўжо тады кіраўнік Беларусі ўпершыню прыйшоў да высновы аб адсутнасці яйцаў ва ўсіх еўрапейскіх лідараў. І гэта паўплывала на яго паводзіны ў далейшым.

У лістападзе 2010 года Аляксандр Лукашэнка зладзіў своеасаблівую праверку Гіда Вестэрвэле. На сустрэчы з германскім міністрам замежных справаў, які з’яўляецца адкрытым геем, кіраўнік Беларусі пачаў лаяць гомасэксуалістаў. Вестэрвэле прамаўчаў, і Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, зрабіў выснову, што Захад гатовы трываць практычна любыя яго выхадкі — толькі б нашая краіна не адышла да Расіі.

Умацаванню гэтага меркавання моцна паспрыяла Даля Грыбаўскайце.
Выступаючы перад пасламі краін ЕС усё ў тым жа лістападзе 2010-га, прэзідэнт Літвы назвала Лукашэнку гарантам палітычнай і эканамічнай стабільнасці Беларусі, а таксама яе незалежнасці. Як паведаміла агенцтва Reuters, Грыбаўскайце заявіла, што перамога Лукашэнкі была б жаданай для Захаду, нягледзячы на тое, што пры ім дэмакратычныя пераўтварэнні і захаванне правоў чалавека — хутчэй утопія. Больш за тое, прэзідэнт Літвы сказала: «Апазіцыя несур’ёзная і не мае шанцаў на любых выбарах. Лукашэнка мог бы выйграць, набраўшы 99% галасоў, але ён пераможа толькі з 75%, каб дагадзіць ЕС».

Пасля такіх прамоваў кіраўнік Беларусі, напэўна, палічыў, што стаў для Захаду «сваім», а значыць, з «адмарозкамі» можна не цырымоніцца. Акрамя таго, пад увагу прымалася, што Еўрасаюз у 2008—2010 гг. грунтоўна ўклаўся ў палітыку паляпшэння стасункаў з афіцыйным Мінскам, і адмова ад яе стане прызнаннем ЕС уласнай паразы, што заўсёды малапрыемна.

Паставім сябе на месца беларускіх уладаў і паспрабуем выказаць здагадку, як яны планавалі тлумачыць Еўрасаюзу падзеі 19 снежня: «Экстрэмісты зладзілі штурм дзяржаўнай установы. Мы вымушаныя былі ўжыць сілу ў абмежаваных маштабах. Ніхто не загінуў. У абставінах здарэння разбіраюцца праваахоўныя органы».

Пра тое, што ў Мінску разлічвалі на добразычлівае стаўленне ЕС да гэтай версіі, ускосна сведчыць заява, зробленая Лукашэнкам ужо ў студзені 2011-га.
Кіраўнік Беларусі абвінавачваў Захад у «падвойных стандартах», намякаючы на Арменію:

— Я не буду называць краіну. Зусім нядаўна там прайшлі выбары, якія вызначалі ўладу ў краіне. Супастаўная краіна па насельніцтве, крыху меншая па тэрыторыі. Што адбылося назаўтра? Апазіцыя, узброіўшыся, кінулася на Дом урада. Што зрабілі праваахоўныя органы? Расстралялі натоўп. Загінулі людзі, скалечаныя і параненыя, яшчэ ніхто не ведае колькі. Дык дзе ж прынцыповасць еўрапейцаў? Што, там свая дыктатура, а тут не свая?

Сапраўды, рэакцыя Еўрасаюза на падзеі ў Арменіі была вельмі стрыманай. Зыходзячы з гэтага, кіраўніцтва Беларусі магло разлічваць на тое, што ЕС не будзе моцна абурацца, калі разгон дэманстрацыі ў Мінску абыдзецца без ахвяр.

Масавыя ж арышты, хутчэй за ўсё, тлумачацца намерам наладзіць гандаль палітвязнямі (такі досвед з Аляксандрам Казуліным ужо меў месца) і атрымаць ад ЕС эканамічныя і палітычныя прэферэнцыі. То бок афіцыйны Мінск збіраўся і рыбку (апазіцыю) з’есці, і ў дамкі (на Захад) улезці.

Калі мая версія слушная, то дзеянні беларускіх уладаў былі па-свойму лагічныя. Іншая справа што іх разлік не апраўдаўся. Для Захаду таго, што адбылося ў Беларусі, усё ж такі было занадта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?