У Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі 22 снежня прайшла прэзентацыя праектаў, рэалізаваных у 2011 годзе пры падтрымцы Japan Tobacco International (JTI).

Публіцы быў прадстаўлены адрэстаўраваны двухбаковы каталіцкі абраз канца XVIII стагоддзя — рэдкі асобнік беларускага рэлігійнага жывапісу. На адным баку выяўлена Маці Божая, на другім — святы Іосіф. Абраз паступіў у музей яшчэ ў 1976 годзе, у кепскім стане — дэфармаванае палатно, часткова страчаны фарбавы слой. Дзякуючы працы мастака-рэстаўратара Уладзіміра Нікіціна яго ўдалося аднавіць.

Як патлумачыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар, «абраз цікавы, па-першае, тым, што гэта беларуская школа канца XVIII стагоддзя, а па-другое, на ім указана імя таго, хто яго стварыў і калі перадаў у канкрэтны касцёл». «Канешне, адрэстаўраваны абраз застанецца ў калекцыі музея», — сказаў Вечар.

Яшчэ адзін праект, рэалізаваны пры падтрымцы JTI, — стварэнне копій партрэтаў з Радзівілаўскага збору, які ўяўляе сабой унікальную калекцыю партрэтных абліччаў роду Радзівілаў.

Арыгіналы з калекцыі на час пакінуць сцены музея і адправяцца на адкрыццё Нясвіжскага замка, а копіі зоймуць іх месца.

Калекцыя, заснаваная яшчэ ў XVI стагоддзі, якая папаўнялася аж да 1939 года, з’яўляецца адным з самых папулярных раздзелаў музея. «Людзі цікавяцца ёю, і мы не можам пакінуць пустыя плямы, — адзначыў Вечар. — Пазней копіі, створаныя за нашы грошы і грошы спонсараў, падорым Нясвіжскаму замку, а арыгіналы вернуцца, тым больш што візуальна яны нічым не адрозніваюцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?