У Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачынаюць серыйную вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў,
паведаміла прэс-сакратар акадэміі Марыя Жыткова.

Першы беларускі беспілотны авіяцыйны комплекс «Бусел», створаны ў інстытуце, паспяхова прайшоў міжведамасныя прыёмачныя выпрабаванні. Лётныя тэсты праводзіліся на Барысаўскім ваенным палігоне з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, унутраных спраў, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і РУП «Беллесавія». «У час палявых выпрабаванняў «Бусел» прадэманстраваў здольнасць відэанагляду за мясцовасцю і асобнымі аб’ектамі, а таксама аператыўнай перадачы дадзеных», — расказала прэс-сакратар.

Гэты беспілотнік важыць 6,5 кг і здольны несці мэтавую нагрузку агульнай вагой да 1 кг. Для ўстаноўкі відэакамеры, фотакамеры або цеплавізара ў апараце прадугледжана спецыяльная платформа. Пакуль «Бусел» можа ажыццяўляць беспасадачны палёт працягласцю 1 гадзіну. Аднак ужо ў пачатку наступнага года дзякуючы выкарыстанню новых элементаў бартавога электрасілкавання вучоныя плануюць павялічыць гэты час да 90 мінут.

Новы беспілотны авіякомплекс можа прымяняцца для кантролю за прыгранічнымі раёнамі, аўтамагістралямі, ляснымі масівамі і запаведнікамі.
Такая тэхніка шырока прымяняецца таксама для маніторынгу і прадухілення надзвычайных сітуацый.

У мадэльны шэраг беларускіх беспілотнікаў уваходзяць таксама авіякомплексы «Стрыж», «Грак» і «Мішэнь». Яны адрозніваюцца прызначэннем і функцыянальнымі магчымасцямі. Цяпер вучоныя вывучаюць попыт на новыя апараты, вядуць перагаворы з патэнцыйнымі спажыўцамі. Пакуль размова ідзе аб пастаўках беспілотнікаў на ўнутраны рынак, аднак у будучым спецыялісты не выключаюць магчымасці экспарту гэтай прадукцыі.

У планах вучоных — далейшае ўдасканаленне мадэльнага раду беспілотнікаў і пераход на новыя напрамкі — вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў сярэдняга і вялікага класа. Распрацоўку такой тэхнікі ў інстытуце ўжо распачалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?