У серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына» пабачыў свет вялікафарматны каляндар на 2012 год, прысвечаны 130-годдзю Якуба Коласа. На дваццаці двух старонках памерам 45×60 змешчана каля 150 фатаграфій, пераважна беларусіх краявідаў, творы вершаванай спадчыны («Мой дом», «Роднаму краю», «Лясам Беларусі», верш 1937-га года «Ноч пад Новы год», інш.), ліст у ЦК на абарону беларускай мовы, а таксама малавядомыя старонкі ўспамінаў пра песняра, раннія партрэты пісьменніка. Аўтар серыі і кіраўнік праекта (ён жа фотамастак і ўкладальнік выдання) Валер Дранчук кажа: «Хоць каляндар і пазначаны лагатыпам будаўнічай кампаніі, яго цяжка аднесці да так званых карпаратыўных выданняў, яно цалкам культурнае і літаратурна-мастацкае, а ў шырокім сэнсе грамадска-культурнае. Бо відавочна і мэтаскіравана адказвае запатрабаванням грамадскай супольнасці насуперак уладнаму афіцыёзу і выклікам русіфікацыі ў Беларусі. Гэта не адно далучэнне да вялікай спадчыны, абагачэнне культурным скарбам нацыі, але інтэрпрэтацыя паэтычнага свету і вобразаў Коласа сродкамі фатаграфіі і дызайну. Гэта спроба, у рэшце рэшт, адзін год пажыць з вялікім паэтам, падыхаць родным словам, травой і лістотай. Але найперш тут прыродалюбная Беларушчына, наша класічная патрыётыка і, не пабаюся сказаць, глабальная экалогія — верш „Наш дом“ невыпадкова стаў назвай календара і варты гэткіх слоў».

Дранчук плануе правесці каля дзясятка прэзентацый і майстар-класаў, падараваць выданне актыўным і знакавым людзям, у тым ліку ўсім палітвязням або іх сем’ям.

Варта дадаць, што гэта дзясяты каляндар у серыі «Маляўнічая Бацькаўшчына» (з 2001-га). Былі «Нясвіж. Водна-паркавы краявід», «Дубы і дубровы», «Святыя крыніцы» ды інш. А летась на 2011 год быў выдадзены такі самы, як і сёлета, — юбілейны «купалаўскі» каляндар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?