Першая батарэя зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М2» прыбыла ў Беларусь, паведамілі ў Міністэрстве абароны.

«Зенітны ракетны комплекс паступіў на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання. Асабісты склад брыгады прайшоў навучанне і перападрыхтоўку на гэты комплекс у Расійскай Федэрацыі, — растлумачылі ў міністэрстве. — Пераўзбраенне злучэння на новую зенітную ракетную тэхніку СПА дазволіць значна пашырыць баявыя магчымасці ВПС і войскаў СПА Узброеных Сіл Беларусі па супрацьпаветранай абароне і ёсць яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі».

Расія — асноўны партнёр Беларусі ў пытаннях што да паставак прадукцыі ваеннага прызначэння (узбраенне і ваенная тэхніка, запасныя часткі да іх, а таксама рамонт і мадэрнізацыя) для патрэб Узброеных Сіл, у тым лiку на льготных для беларускага боку ўмовах.

Усяго з 2005 года на льготных умовах было заключана каля 50 кантрактаў на пастаўку, рамонт і мадэрнізацыю для патрэб Узброеных Сіл Беларусі зенітнага ракетнага ўзбраення, сродкаў сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, стралковага і артылерыйскага ўзбраення, боепрыпасаў, авіяцыйна-тэхнічнай маёмасці. «Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на ўзаемавыгаднай партнёрскай аснове і ўключае сумесную дзейнасць па захаванні і развіцці кааперацыі абаронна-прамысловых комплексаў суверэнных дзяржаваў пры распрацоўцы і вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння, а таксама яе ўзаемныя пастаўкі», — падкрэслілі ў міністэрстве.

Тор-М2 — прадстаўнік новага пакалення баявых сродкаў СПА малой далёкасці. Зенітны ракетны комплекс «Тор-М2» забяспечвае эфектыўную проціпаветраную абарону ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў. Ён з’яўляецца эфектыўным сродкам паразы самалётаў, верталётаў, аэрадынамічных беспілотных лётных апаратаў, кіраваных ракет і іншых элементаў высокадакладнай зброі, якія ляцяць на сярэдніх, малых і гранічна малых вышынях у складанай абстаноўцы. ЗРС вылучаецца павышанай эфектыўнасцю адбіцця масіраваных налётаў сучасных сродкаў паветранага нападу ва ўмовах агнявога і радыёэлектроннага процідзеяння. Комплекс здольны выконваць баявыя задачы ў любых кліматычных умовах.

Батарэя ЗРК «Тор-М2» у складзе чатырох баявых машын здольная адначасова збіць 16 мэт, якія ляцяць з любых напрамкаў з хуткасцю да 700 м/с на далёкасці да 12 км і вышыні да 10 км у любых умовах надвор’я днём і ноччу. Высокая баявая эфектыўнасць таксама дасягаецца за кошт цалкам новага алгарытму ўзаемадзеяння паміж машынамі, якія працуюць у пары. Яны актыўна абменьваюцца баявой інфармацыяй, самі размяркоўваюць мэты паміж сабой. Сістэмы цалкам аўтаматызаваныя, удзел чалавека зведзены да мінімуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?