Міхаіл Чыгір, былы прэм’ер-міністар Беларусі:
— Аддам голас Казуліну. Ён — карэктны, ціхамірны, а Мілінкевіч зьвязаны з БНФ, яны шмат зрабілі памылак. А Казулін супрацоўнічаў з прэзыдэнтам, я мяркую, так будзе і надалей.
Уладзімер Ваўчкоў, тэнісіст:
— Аддам голас Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Бо я паезьдзіў па сьвеце, паглядзеў, як людзі жывуць, бачыў, што там дзееца і што такое дэмакратыя.
Уладзімер Ганчарык, экс-кандыдат у прэзыдэнты:
— Калі зь іх двох выбіраць, дык Казуліну. Казулін дэмакратычнейшы. Мілінкевіч — хутчэй наступальны тыпаж. Але ўсё залежыць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі. Можа быць, Казулін зь Мілінкевічам яшчэ аб’яднаюцца.
Андрэй Саньнікаў, ініцыятар «Хартыі’97»:
Мілінкевіч — кандыдат празрысты, ён прайшоў дэмакратычны адбор на нашых вачох. Яго плятформа — плён калектыўнае працы прафэсіяналаў. Хто і што стаіць за Казуліным, пакуль няясна. Хацелася б верыць, што ён фігура самастойная ці, як найменей, гатовы ёй стаць.
Генадзь Бураўкін, паэт:
У Мілінкевіча ўсё ёсьць, што павінна быць у палітыка эўрапейскага ўзроўню. Ён не стараўся агаломшыць людзей, сябе падаць выгадна. Адказы яго былі абсалютна спакойнымі, разумнымі і не спэкулятыўнымі. Можа быць, яму нейкай харызмы не хапала асабістай, то мне ўжо ад гэтай харызмы, якая ёсьць у краіне, моташна.